Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Эклезіяста | 9 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Да ўсяго гэтага я прыклаў сэрца сваё, каб спасьцігнуць усё гэта, што праведныя i мудрыя, і ўчынкі iхнія — у руцэ Божай, і таксама любоў і нянавісьць. І чалавек ня ведае усяго таго, што перад ім.
2 Усё для ўсіх адно: адна доля для праведніка i для бязбожніка, для добрага і чыстага i для нячыстага, для таго, хто ахвяроўвае, і для таго, хто не ахвяроўвае, як для добрага, так i для грэшнага; як для таго, які прысягае, так і для таго, які прысягаць баiцца.
3 І тое кепска ва ўсім, што робіцца пад сонцам, што адна доля для ўсiх; i таксама сэрца сыноў чалавечых поўнае зла, i шаленства [маюць яны] ў сэрцы пад час жыцьця свайго, а потым [адыходзяць] да памёршых.
4 Бо той, хто знаходзіцца мiж усiмi жывымi, мае надзею, бо лепш жывы сабака, чым здохлы леў.
5 Бо жывыя ведаюць, што памруць; а памёршыя нiчога ня ведаюць, i ня маюць больш ніякай платы, бо забытая памяць пра iх.
6 Таксама любоў iхняя i нянавiсьць іхняя, i зайздрасьць іхняя ўжо счэзьлi, i ня маюць яны ўжо часткі на вякі ў-ва ўсім, што робіцца пад сонцам.
7 Ідзi, еш з радасьцю хлеб твой i пi са спакойным сэрцам вiно тваё, калі даспадобы Богу справы твае.
8 Увесь час няхай будзе белым адзеньне тваё, і алею на галаве тваёй няхай не бракуе.
9 Пражыві жыцьцё з жонкаю, якую кахаеш, ў-ва ўсе днi марнага жыцьця твайго, якiя дадзены табе пад сонцам на ўвесь час марнасьцi тваёй, бо гэта частка твая ў жыцьцi i ў-ва ўсёй цяжкай працы, якою працуеш пад сонцам.
10 Усё, што можа зрабiць рука твая, рабi паводле сілы тваёй, бо ў адхлані, у якую ты ідзеш, няма анi справаў, анi разуменьня, анi веданьня, анi мудрасьці.
11 І павярнуўся я, i ўбачыў пад сонцам, што не шпаркім [даецца пасьпяховы] бег i не магутным — [перамога ў] вайне, і ня мудрым — хлеб, і не разумным — багацьце, і ня знаўцам — зычлівасьць, бо ад часу i выпадку залежыць усё гэта.
12 Бо таксама ня ведае чалавек часу свайго. Як рыбы трапляюць у згубную сетку, і як птушкi заблытваюцца ў сiле, так сыны чалавечыя патрапляюць у лiхi час, які прыходзіць на іх нечакана.
13 Таксама бачыў я такую мудрасьць пад сонцам, і вялікай яна [падалася] для мяне:
14 Горад малы, i людзей у iм няшмат, і прыйшоў да яго вялiкi валадар, i атачыў яго, i насыпаў супраць яго вялікія валы.
15 І знайшоўся ў ім чалавек бедны i мудры, i выратаваў горад той мудрасьцю сваёю; i нiводзін чалавек не ўзгадаў гэтага беднага чалавека.
16 І я сказаў: “Мудрасьць лепшая за сілу, але мудрасьцю беднага пагарджаюць, i словаў ягоных ня слухаюць”.
17 Спакойныя словы мудрых паслухаць [лепш], чым крык таго, хто пануе сярод дурняў.
18 Мудрасьць лепшая за зброю ваенную, а адзiн грэшнiк зьнішчыць шмат добрага.

Кніга Эклезіяста, 9 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.