Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Эклезіяста | 8 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Хто як мудрэц, i хто ведае значэньне рэчаў? Мудрасьць чалавека прасьвятляе аблічча ягонае, і суровасьць аблічча ягонага зьмяняецца.
2 Я [раю]: [Словы] вуснаў валадара захоўвай дзеля словаў прысягi перад Богам.
3 Не сьпяшайся зыходзiць ад аблічча ягонага, не стой пры словах ліхіх, бо ўсё, што захоча, ён зробiць.
4 Дзе слова валадара, там улада, і хто скажа яму: “Што ты робiш?”
5 Хто захоўвае прыказаньне, не дазнае нiякага ліха. А сэрца мудрага спазнае і час, i суд,
6 бо для кожнай рэчы ёсьць час i суд, а вялікае ліха чалавеку з-за таго,
7 што ня ведае ён, што будзе, і як гэта будзе, хто паведаміць яму?
8 Няма чалавека, які мае ўладу над ветрам, каб утрымаць вецер, і няма ўладара над днём сьмерці, і няма звальненьня ў гэтай вайне, i не ўратуе беззаконьне таго, хто мае яго.
9 Усё гэта я бачыў, i прыкладаў сэрца маё да ўсiх справаў, якiя робяцца пад сонцам, [бачыў] час, калі чалавек мае ўладу над чалавекам на гора яму.
10 Таксама бачыў я злачынцаў пахаваных, і прыходзiлi [да іх], і адыходзілі ад месца сьвятога, i забывалiся ў горадзе, што яны так рабiлi: І гэта таксама марнасьць.
11 Бо не адразу выносiцца прысуд супраць лiхiх учынкаў, дзеля гэтага сэрца сыноў чалавечых напоўнена імі, каб чынiць зло.
12 Хоць грэшнiк сто разоў чыніць зло, але доўга жыве. Але я ведаю таксама, што будзе добра тым, якія баяцца Бога, якія баяцца аблічча Ягонага.
13 І ня будзе добра бязбожніку, i не падоўжыць ён дзён сваiх, падобны да ценю той, хто ня мае страху перад абліччам Божым.
14 Ёсьць такая марнасьць, якая робіцца на зямлi, што ёсьць праведнікі, якіх спатыкае тое, на што заслугоўваюць учынкі бязбожнікаў, і ёсьць бязбожнікі, якiх спатыкае тое, на што заслугоўваюць учынкі праведнікаў. І я сказаў, што гэта таксама марнасьць.
15 І пахвалiў я радасьць, бо няма нiчога чалавеку лепшага пад сонцам, як есьцi i пiць, і весяліцца, i гэта няхай будзе з ім у цяжкай працы ягонай ў дні жыцьця ягонага, якія даў яму Бог пад сонцам.
16 Калi прыклаў я сэрца маё, каб спазнаць мудрасьць i ўбачыць заняткі, якiмі займаюцца на зямлi, бо дзень і ноч ня бачыць [чалавек] сну для вачэй сваіх,
17 тады ўбачыў я ўсе справы Божыя, што чалавек ня можа зразумець справы, якія робяцца пад сонцам; i колькі б чалавек ні намагаўся шукаць гэта, нічога не знойдзе; i хаця б мудры сказаў, што ведае, ён ня можа знайсьці.

Кніга Эклезіяста, 8 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.