Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў | 19 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 У тыя дні не было яшчэ валадара ў Ізраілі. Быў жа нейкі лявіт, які як прыхадзень жыў на ўзбоччы гары Эфраіма. І меў ён наложніцу з Бэтлеему Юдэйскага.
2 Яна з ім пасварылася і вярнулася да бацькі свайго ў Бэтлеем, і заставалася ў яго чатыры месяцы.
3 Пайшоў за ёю муж ейны, хочучы прамовіць да сэрца ейнага і вярнуць яе да сябе. І меў ён з сабой слугу і двух аслоў. Яна прыняла яго і завяла ў дом бацькі свайго. Калі бацька яе ўбачыў яго, узрадаваўся і выйшаў яму на спатканьне.
4 І затрымаў яго там, і заставаўся зяць у доме цесьця тры дні, балюючы з ім па-сяброўску і выпіваючы.
5 У чацьвёрты дзень, калі ён устаў раніцай і меўся ісьці, цесьць сказаў яму: «Падсілкуйся хлебам, умацуйся, а потым пойдзеш у дарогу».
6 І зноў сядзелі яны разам абодва, елі і пілі. І бацька той жанчыны сказаў зяцю свайму: «Прашу цябе, таксама сёньня пабудзь тут, і няхай радуецца сэрца тваё».
7 Але ён устаў і зьбіраўся ісьці, і ўсё адно цесьць затрымаў яго ў сябе яшчэ на адну ноч.
8 Калі настала раніца, на пяты дзень, лявіт зьбіраўся ў дарогу, але цесьць зноў сказаў яму: «Прашу цябе, умацуй сэрца сваё». І марудзілі да канца дня, і абодва частаваліся разам.
9 І ўстаў той чалавек, каб разам з жонкай сваёй і слугою варочацца, але цесьць, бацька жанчыны, стаў угаворваць яго: «Падумай, дзень ужо хіліцца на вечар. Застаньцеся ў мяне сёньня. Пераначуйце тут, і няхай будзе добра на сэрцы табе, а заўтра раненька выбярэцеся ў дарогу, каб вярнуўцца ў дом свой».
10 Але зяць не паддаўся намовам ягоным, і адразу выбраўся ў дарогу, і прыйшоў у Евус, значыць у Ерусалім, вядучы з сабой двух аслоў наўючаных і наложніцу.
11 Ужо былі яны каля Евусу, і вечарэла. І сказаў слуга гаспадару свайму: «Хадзем, зьвернем у горад Евусеяў і затрымаемся там».
12 І адказаў яму гаспадар: «Не, ня пойдзем у горад чужынцаў, бо яны не з сыноў Ізраіля, але пройдзем аж у Гіву».
13 І сказаў слузе свайму: «Хадзем, дабярэмся да якой мясцовасьці ў Гіве або ў Раме, і там затрымаемся».
14 І мінулі яны Евус, і працягвалі пачатую дарогу. І зайшло ім сонца каля Гівы, што належыць пакаленьню Бен’яміна.
15 І завярнуліся яны туды, каб там пераначаваць. Але калі туды заехалі і сядзелі на плошчы горада, ніхто не хацеў прыняць іх на ноч.
16 У той дзень адзін стары вяртаўся вечарам з працы сваёй ў полі. Ён быў з гары Эфраіма і як прыхадзень жыў у Гіве. А ў тым горадзе людзі былі з пакаленьня Бен’яміна.
17 Падняўшы вочы, убачыў стары падарожнага чалавека, які сядзеў на гарадзкой плошчы, і спытаўся ў яго: «Адкуль ты і куды ідзеш?»
18 Той адказаў яму: «Выбраліся мы з Бэтлеему Юдэйскага і вяртаемся ў мясцовасьць сваю на ўзбоччы гары Эфраіма, адкуль былі пайшоўшы ў Бэтлеем. А цяпер вяртаемся дадому, але ніхто ня хоча прыняць нас пад дах свой.
19 Маем салому, папас для аслоў нашых, хлеб і віно для мяне, для служкі тваёй і для гэтага юнака, які са слугою тваім. Нічога болей не патрабуем».
20 І сказаў стары: «Будзь спакойны! Я дам табе ўсё, што патрэбна, толькі, калі ласка, не начуй на плошчы».
21 І завёў яго ў дом свой, даў мяшанку аслам, і памылі ногі свае, і елі, і пілі.
22 Калі яны так узьвесялілі сэрца сваё, прыйшлі мужчыны горада таго, сыны Бэліяла, акружылі дом старога, і пачалі грукаць у дзьверы, крычучы: «Выведзі нам мужчыну, які зайшоў у дом твой, мы хочам пазнаць яго».
23 Выйшаўшы да іх, стары казаў: «Не рабіце, браты, гэтага ліха, бо прыйшоў да мяне чалавек у госьці, не рабіце гэтае дурасьці.
24 Маю дачку дзяўчыну, а гэты чалавек мае наложніцу; выведу іх да вас, і вы рабіце з імі, як вам падабаецца, толькі чалавеку гэтаму не рабіце зьнявагі».
25 А людзі тыя і слухаць яго не хацелі. Бачачы гэта, узяў той чалавек і вывеў да іх наложніцу сваю, і яны пазналі яе, і гвалтавалі яе ўсю ноч аж да сьвітаньня.
26 І прыйшла жанчына тая на сьвітаньні, і ўпала ля брамы дому, дзе быў пан ейны, і там ляжала.
27 Раніцаю ўстаў чалавек і адчыніў браму, хочучы далей ісьці ў дарогу. І вось наложніца ягоная ляжыць перад брамаю, і рукі ейныя на парозе.
28 Ён сказаў ёй: «Уставай, пойдзем». Але яна нічога не адказала, і ён зразумеў, што яна нежывая. І ўзяў яе, і палажыў на асла, і вярнуўся так у дом свой.
29 І ўвайшоў у дом свой, і схапіў нож, і пасёк цела наложніцы сваёй на дванаццаць частак, і разаслаў у-ва ўсе межы Ізраіля.
30 Кожны, бачачы гэта, усклікнуў: «Ніколі гэтага не было і ня бачана нічога падобнага ў Ізраіля ад дня, у які бацькі нашыя выйшлі з Эгіпту аж па цяперашні час! Зьвярніце ўвагу на гэта і скажыце, што рабіць».

Кніга Судзьдзяў, 19 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.