Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў | 16 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І пайшоў Самсон у Газу, і ўбачыў там распусьніцу, і прыйшоў да яе.
2 Калі паведамілі жыхарам Газы, што Самсон увайшоў у горад, яны акружылі яго і зрабілі засаду на яго ў браме гораду. І ўсю ноч яны сядзелі ціха, каб, калі настане раніца, забіць яго.
3 А Самсон спаў да паўночы, а калі ўстаў, схапіў вароты гарадзкой брамы разам з засаўкамі ейнымі, вырваў іх і, палажыўшы сабе на плечы, занёс на вяршыню гары, якая насупраць Хеўрону.
4 Потым Самсон закахаўся ў жанчыну, якая жыла ў лагчыне Сарэк і называлася Даліла.
5 І прыйшлі да яе валадары Філістынцаў, і сказалі: «Ашукай яго і даведайся ў яго, адкуль бярэцца ў яго сіла і як маглі б мы паканаць яго і, зьвязаўшы, спакорыць яго. Калі гэта зробіш, дамо табе за гэта тысячу срэбнікаў кожны».
6 І сказала Даліла Самсону: «Скажы мне, прашу, адкуль у цябе бярэцца такая вялікая сіла і чым можна зьвязаць цябе, каб упакарыць цябе?»
7 Самсон адказаў ёй: «Калі зьвязаць мяне сямю сырымі шнурамі, якія яшчэ ня сушаныя, то я зраблюся бясьсільным і стану, як іншыя людзі».
8 І прынесьлі ёй валадары Філістынцаў сем сырых шнуроў, якія былі ня ссохшыя, і яна зьвязала імі яго.
9 Яны ж схаваліся ў другім пакоі, а яна крыкнула: «Самсон, Філістынцы над табою!» Ён аднак, паразрываў шнуры так, як нітку зрэбную, апаленую агнём. Так і не даведаліся, у чым сіла ягоная.
10 Па нейкім часе сказала Даліла Самсону: «Падмануў ты мяне і схлусіў мне. Прынамсі цяпер скажы мне, чым ты павінен быць зьвязаны».
11 Ён адказаў ёй: «Калі буду зьвязаны дзевяцьцю вяроўкамі, якія не былі ва ўжытку, буду кволы, падобны іншым людзям».
12 Даліла зноў зьвязала яго і крыкнула: «Філістынцы над табой, Самсон!» А ў другім пакоі была схаваўшыся засада, але ён разарваў вяроўкі на руках сваіх як ніткі.
13 І зноў сказала Даліла Самсону: «Дакуль жа будзеш ты падманваць мяне і фальшыва гаварыць? Скажы, чым цябе трэба зьвязаць?» Самсон адказаў ёй: «Калі ты ўпляцеш сем косаў галавы маёй у тканіну і прыб’еш іх цьвікамі да ткальнай калоды, то я стану бясьсільны, як іншыя людзі».
14 І яна яго ўсаніла, і ўпляла сем косаў галавы яго ў тканіну, і прыбіла да калоды, і крыкнула яму: «Філістынцы над табою, Самсон!» Ён, устаўшы зо сну, вырваў цьвікі разам з тканінаю.
15 І сказала Даліла: «Як жа можаш ты казаць, што любіш мяне, калі душа твая не са мною? Тры разы схлусіў ты мне і не хацеў сказаць, у чым сіла твая вялікая».
16 І калі яна так штодзень дакучала і мучыла ўсьцяж яго, то душа яго самлела аж да сьмерці і зьнемагла.
17 І адкрыў ён усё сэрца сваё, і сказаў ёй: «Ніколі галавы маёй не дакранулася лязо, бо я ад улоньня маці маёй — назарэй Божы. Калі б абгалілі мне галаву маю, адыйдзе ад мяне сіла мая, і стануся я слабы як іншыя людзі».
18 Даліла зразумела, што ён адкрыў ёй ўсё сэрца сваё, і паслала па валадароў Філістынцаў, кажучы: «Прыйдзіце яшчэ раз, бо адкрыў ён цяпер мне ўсё сэрца сваё». Яны прыйшлі, узяўшы грошы, якія ёй абяцалі.
19 І вось яна ўсаніла яго на каленях сваіх, і паклікала чалавека, і загадала яму абгаліць сем косаў галавы ягонай, і ён стаў слабець, і адступіла ад яго сіла ягоная.
20 І сказала яна: «Філістынцы над табой, Самсон!» Ён прабудзіўся зо сну свайго і падумаў у душы сваёй: «Пайду як раней і вызвалюся», ня ведаючы, што ГОСПАД адыйшоў ад яго.
21 І схапілі яго Філістынцы, і адразу выкалалі яму вочы, і завялі ў Газу, дзе, прыкуты двума ланцугамі мядзянымі, мусіў малоць зерне ў вязьніцы.
22 Тым часам раней зголеныя валасы сталі ў яго адрастаць.
23 А валадары Філістынцаў сабраліся ўсе, каб скласьці ахвяру богу свайму Дагону і павесяліцца. Яны казалі: «Бог наш аддаў у рукі нашыя ворага нашага, Самсона».
24 І народ, бачачы яго, хваліў бога свайго і казаў: «Аддаў бог наш у рукі нашыя ворага нашага, які нішчыў зямлю нашую і многіх з нас забіў».
25 І калі яны ўзьвесяліліся, запатрабавалі паклікаць Самсона, каб ён іх пабавіў. І ён, прыведзены з вязьніцы, мусіў забаўляць іх. І паставілі яго стаяць паміж калёнамі.
26 І сказаў Самсон юнаку, які трымаў яго за руку: «Пусьці мяне, каб мог я дакрануцца калёнаў, на якія абапіраецца дом, каб да іх прыхіліцца.”
27 А дом той быў поўны мужчынаў і жанчынаў, бо былі там усе князі Філістынскія, а на даху было каля трох тысячаў мужчынаў і жанчынаў, якія глядзелі на Самсона, калі той забаўляў іх.
28 І Самсон усклікнуў да ГОСПАДА, кажучы: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ, узгадай пра мяне, і вярні мне хоць у гэты раз даўнейшую сілу маю, каб мог адпомсьціць Філістынцам за двое вачэй маіх!»
29 І Самсон узяўся за дзьве калёны сярэднія, на якіх стаяў дом, і абапёрся на іх, на адну правай рукой, а на другую — левай рукой.
30 І сказаў Самсон: «Няхай памрэ душа мая разам з Філістынцамі!» І страсянуў ён моцна калёны, і ўпаў дом на ўсіх князёў, і на ўсіх іншых, якія там былі. І тых, якіх ён тады забіў, сам гінучы, было болей, чым тых, якіх пазабіваў у час усяго жыцьця свайго.
31 І прыйшлі браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага, каб забраць яго. І вярнуўшыся, пахавалі яго паміж Цорай і Эштаолем, у магіле бацькі ягонага, Маноаха. А судзіў ён Ізраіль дваццаць гадоў.

Кніга Судзьдзяў, 16 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.