Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Мацьвея | 20 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Бо Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека гаспадара дому, які выйшаў рана раніцаю наняць работнікаў у вінаграднік свой.
2 І, умовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.
3 І, выйшаўшы каля трэцяе гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы.
4 І сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік мой і, што будзе справядліва, дам вам”. Яны пайшлі.
5 Зноў выйшаўшы каля шостае і дзявятае гадзіны, зрабіў гэтак сама.
6 А выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: “Чаму вы стаіцё тут цэлы дзень бяз працы?”
7 Яны кажуць яму: “Ніхто нас не наняў”. Ён кажа ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік і, што будзе справядліва, атрымаеце”.
8 А як надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніку наглядчыку свайму: “Пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых”.
9 І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны, атрымалі па дынару.
10 А тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што яны атрымаюць больш, але і яны атрымалі па дынару.
11 І, атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дому,
12 кажучы: “Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанесьлі цяжар дня і сьпёку”.
13 Ён жа, адказваючы, сказаў аднаму з іх: “Дружа! Я ня крыўджу цябе. Ці ж не за дынар ты ўмовіўся са мною?
14 Вазьмі сваё і ідзі. А я хачу даць гэтаму апошняму тое, што і табе.
15 Ці ж я не магу ў сваім рабіць, што хачу? Або вока тваё злоснае, што я добры?”
16 Гэтак будуць апошнія першымі, і першыя — апошнімі, бо шмат пакліканых, але мала выбраных».
17 І, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус дарогаю ўзяў дванаццаць вучняў Сваіх і сказаў ім:
18 «Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і яны асудзяць Яго на сьмерць,
19 і выдадуць Яго паганам на зьдзек, і бічаваньне, і ўкрыжаваньне; і на трэці дзень Ён уваскрэсьне».
20 Тады падыйшла да Яго маці сыноў Зэбэдэя з сынамі сваімі, кланяючыся і нечага просячы ў Яго.
21 Ён жа сказаў ёй: «Чаго ты хочаш?» Яна кажа Яму: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі адзін праваруч Цябе, а другі — леваруч у Валадарстве Тваім».
22 А Ісус, адказваючы, сказаў: «Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць келіх, які Я ма́ю піць, і хрысьці́цца хрышчэньнем, якім Я хрышчу́ся?» Яны кажуць Яму: «Можам».
23 І Ён кажа ім: «Сапраўды, келіх Мой будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчу́ся, будзеце хрысьці́цца, а сесьці праваруч Мяне і леваруч Мяне не магу даць вам, але каму падрыхтавана Айцом Маім».
24 І пачуўшы гэта, дзесяцёра абурыліся на двух братоў.
25 А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: «Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі і магнаты маюць уладу над імі.
26 А ў вас ня гэтак ма́е быць, але хто хоча між вамі стацца большым, няхай будзе служыцелем вашым,
27 і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вашым слугою,
28 як і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу́ Сваю на адкупленьне многіх».
29 І як выходзілі яны з Ерыхону, за Ім ішоў шматлікі натоўп.
30 І вось, два сьляпыя, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус праходзіць, закрычалі, кажучы: «Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!»
31 А натоўп сварыўся на іх, каб маўчалі; а яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: «Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!»
32 І, супыніўшыся, Ісус паклікаў іх і сказаў: «Чаго вы хочаце, каб Я зрабіў вам?»
33 Яны кажуць Яму: «Госпадзе! Каб адчыніліся вочы нашыя».
34 Ісус жа, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх, і адразу сталі бачыць вочы іхнія, і яны пайшлі за Ім.

Эвангельле паводле Мацьвея, 20 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.