Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Мацьвея | 15 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Тады прыходзяць да Ісуса з Ерусаліму кніжнікі і фарысэі, кажучы:
2 «Чаму вучні Твае адступаюцца ад традыцыяў старэйшых? Бо ня мыюць ру́кі свае, калі ядуць хлеб».
3 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Чаму і вы адступаецеся ад прыказаньня Божага дзеля традыцыяў вашых?
4 Бо Бог загадаў, кажучы: “Шануй бацьку твайго і маці”, і: “Хто праклінае бацьку ці маці, няхай сьмерцю памрэ”.
5 А вы кажаце: “Калі хто скажа бацьку або маці: 'Дар [Богу] тое, чым ты ад мяне карыстаўся',
6 той можа і не шанаваць бацьку свайго ці маці сваю”. І вы пазбавілі сілы прыказаньне Божае дзеля традыцыяў вашых.
7 Крывадушнікі! Слушна прарочыў пра вас Ісая, кажучы:
8 “Народ гэты набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і губамі шануе Мяне; а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне.
9 Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых”».
10 І, паклікаўшы натоўп, сказаў ім: «Слухайце і разумейце:
11 Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што выходзіць з вуснаў, апаганьвае чалавека».
12 Тады вучні Ягоныя, падыйшоўшы, казалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, згоршыліся?»
13 Ён жа, адказваючы, сказаў: «Усякая расьліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе выкарчавана.
14 Пакіньце іх; яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ўваляцца ў яму».
15 Пётар жа, адказваючы, сказаў Яму: «Растлумач нам прыповесьць гэтую».
16 А Ісус сказаў: «Няўжо і вы такія няця́мкія?
17 Ці ж яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выкідаецца прэч?
18 А тое, што выходзіць з вуснаў, — з сэрца выходзіць; гэта апаганьвае чалавека,
19 бо з сэрца выходзяць злыя думкі, забойствы, распуснасьць, чужалоства, крадзяжы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьне́рствы.
20 Гэта апаганьвае чалавека, а есьці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека».
21 І, выйшаўшы адтуль, Ісус адыйшоў у межы Тыру і Сідону.
22 І вось жанчына Хананейская, выйшаўшы з тых ваколіцаў, крычала Яму, кажучы: «Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачка мая цяжка апанаваная дэманам!»
23 А Ён не адказаў ёй ані слова. І вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: «Адпусьці яе, бо яна крычыць за намі».
24 Ён жа, адказваючы, сказаў: «Я пасланы толькі да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі».
25 А яна, прыйшоўшы, пакланілася Яму, кажучы: «Госпадзе! Дапамажы мне».
26 Ён жа, адказваючы, сказаў: «Ня добра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам».
27 А яна сказала: «Так, Госпадзе! Але і сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала́ гаспадароў іхніх».
28 Тады, адказваючы, Ісус сказаў ёй: «О, жанчына! Вялікая вера твая; няхай станецца табе, як ты хочаш». І была аздароўленая дачка ейная з тае гадзіны.
29 І, перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узыйшоўшы на гару, сеў там.
30 І падыйшлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і пакінулі іх ля ног Ісуса; і Ён аздаравіў іх,
31 так што натоўп зьдзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць, і славіў Бога Ізраіля.
32 А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў: «Шкада Мне гэтых людзей, што ўжо тры дні са Мною і ня маюць, што есьці; і не хачу адпусьціць іх галоднымі, каб не саслабелі ў дарозе».
33 І кажуць Яму вучні Ягоныя: «Адкуль у нас у пустыні гэтулькі хлеба, каб накарміць гэтакі натоўп?»
34 І кажа ім Ісус: «Колькі маеце хлябоў?» Яны ж сказалі: «Сем, і некалькі рыбак».
35 І Ён загадаў натоўпам узьлегчы на зямлі.
36 І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, падзякаваўшы, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні — натоўпу.
37 І елі ўсе, і наеліся; і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў поўных.
38 А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчынаў, акрамя жанчынаў і дзяцей.
39 І, адпусьціўшы натоўп, Ён увайшоў у човен і прыйшоў у ваколіцы Магдалы.

Эвангельле паводле Мацьвея, 15 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.