Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 I прамовіў Бог усе словы гэтыя, кажучы:
2 «Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
3 Ня будзеш мець іншых багоў перад абліччам Маім.
4 Не рабі сабе статуі і ніякай выявы таго, што на небе высока, і што на зямлі нізка, і што ў вадзе ніжэй зямлі.
5 Ня будзеш пакланяцца ім і ня будзеш служыць ім, бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Бог зайздросны, Які карае за беззаконьні бацькоў дзяцей да трэйцяга і аж да чацьвёртага [пакаленьня] тых, што ненавідзяць Мяне,
6 і Які чыніць міласэрнасьць тысячам [пакаленьняў] тых, што любяць Мяне і захоўваюць прыказаньні Мае.
7 Ня будзеш ужываць імя ГОСПАДА, Бога твайго, для марноты, бо ГОСПАД не пакіне без пакараньня таго, хто ўжывае імя Ягонае для марноты.
8 Памятай дзень супачынку, каб сьвяціць яго.
9 Шэсьць дзён будзеш працаваць і будзеш рабіць усю работу тваю,
10 а дзень сёмы — супачынак для ГОСПАДА, Бога твайго. Ня будзеш рабіць ніякае работы ты і сын твой, і дачка твая, слуга твой і служка твая, і жывёла твая, і прыхадзень твой, які ў брамах тваіх,
11 бо за шэсьць дзён зрабіў ГОСПАД неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, і спыніўся ў дзень сёмы. Дзеля гэтага дабраславіў ГОСПАД дзень супачынку і асьвяціў яго.
12 Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб працягнуліся дні твае на зямлі, якую ГОСПАД, Бог твой, дае табе.
13 Ня будзеш забіваць [як забойца].
14 Ня будзеш чужаложыць.
15 Ня будзеш красьці.
16 Ня будзеш сьведчыць супраць бліжняга твайго сьведчаньнем фальшывым.
17 Ня будзеш жадаць дому бліжняга твайго; ня будзеш жадаць жонкі бліжняга твайго, ані слугі ягонага, ані служкі ягонай, ані вала ягонага, ані асла ягонага, ані нічога, што ў бліжняга твайго!»
18 I ўвесь народ глядзеў на грымоты і бліскавіцы, і гук трубы, і гару, якая дымілася; і, гледзеў народ, і хістаўся, і стаяў здалёк.
19 I сказалі яны Майсею: «Ты прамаўляй да нас, і мы будзем слухаць; але няхай не прамаўляе да нас Бог, каб нам не памерці».
20 I сказаў Майсей народу: «Ня бойцеся, бо дзеля таго, каб выпрабаваць вас, прыйшоў Бог, і каб праз гэта страх Ягоны быў перад абліччам вашым, каб вы не грашылі».
21 I стаяў народ здалёк, а Майсей наблізіўся да імглы, туды, дзе Бог.
22 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Гэтак скажаш сынам Ізраіля: “Вы бачылі, што Я з неба прамаўляў да вас.
23 Не рабіце побач са Мною багоў срэбных, і багоў залатых не рабіце сабе.
24 Ахвярнік з зямлі зрабі для Мяне, і ахвяруй на ім цэласпаленьні твае і мірныя ахвяры твае, і авечкі твае, і валы твае. На кожнае мейсца, дзе Я ўзгадаю імя Маё, Я прыйду да цябе і дабраслаўлю цябе.
25 А калі ахвярнік з камянёў зробіш для Мяне, не будуй яго з чэсаных [камянёў], бо калі апрацуеш яго мячом сваім, апаганіш яго.
26 I ня будзеш узыходзіць па прыступках да ахвярніка Майго, каб не была адкрытая пры ім голасьць твая”.

Кніга Выхад, 20 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2025, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.