Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Да Рымлян | 15 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 Мы, дужыя, маем несьці няўздоленьні кволых, а не гадзіць самым сабе.
2 Няхай кажны з нас годзе бліжняму да дабра, дзеля збудаваньня.
3 Бо й Хрыстос не Сабе гадзіў, але як напісана: «Ганьбеньні ганьбячых Цябе палі на Мяне».
4 А ўсе, што пісана было ўперад, напісана нам на навуку, каб цярплівосьцяй і пацяшэньням Пісьмаў мелі надзею.
5 Бог жа цярплівосьці й пацяшэньня няхай дасьць вам жыць у згодзе адным із аднымі подле Хрыста Ісуса,
6 Каб вы згодна, аднымі вуснамі славілі Бога і Айца Спадара нашага Ісуса Хрыста.
7 Дык прыймайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас да славы Божае.
8 Бо кажу, што Ісус Хрыстос стаў слугою абразаньня дзеля праўды Божае, каб пацьвярдзіць абятніцу айцом;
9 I каб народы славілі Бога за міласэрдзе, як напісана: «3а гэта вызнаю Цябе памеж народаў і імені Твайму буду пяяць».
10 I ўзноў кажа: «Цешчася, народы, зь людам Ягоным».
11 I ўзноў: «Хваліце Спадара, усі народы, і выхваляйце Яго, усі люды».
12 I ўзноў Ісая кажа: «Будзе карэнь Есаў, і паўстане радзіць народы; на Яго народы спадзявацца будуць».
13 А цяпер жа Бог надзеі няхай напоўне вас усялякай радасьцяй а супакоям у веры, каб вы, моцаю Духа Святога, былі вельмі багатыя надзеяю.
14 Але я пераканаўшыся, браты мае, я таксама ўзглядам вас, што й вы поўныя дабрыні, напоўненыя ўсялякім знацьцём і можаце навучаць адны адных;
15 Але пісаў вам, браты, сьмялей, часткава, каб дамяніць, подле ласкі, данае імне Богам,
16 Быць слугачым Хрыста Ісуса народам, дзеючы аброчную службу дабравесьці Божай, каб аброк народаў, пасьвячаны Духам Сьвятым, быў прыемны Богу.
17 Дык я магу пахваліцца Божым у Хрысту Ісусу;
18 Бо ня важуся сказаць чаго-колечы такога, чаго ня зьдзеяў Хрыстос імною да паслухменства народаў, словам і ўчынкам,
19 Моцаю знакоў а чудосаў, сілаю Духа Божага, так што ад Ерузаліму а аколіцаў аж да Ілірыку напоўніў дабравесьцяй Хрыстовай.
20 Ды я імкнуўся абяшчаць дабравесьць ня там, ідзе быў менаваны Хрыстос, каб ня ставіць на подзе другога;
21 Але як напісана: «Каторым нічога не павядалі празь Яго, абачаць, і нячуючыя зразумеюць».
22 Гэта шмат разоў і перакажала імне прысьці да вас.
23 Цяпер жа, ня маючы ўжо месца ў гэтых краёх, а маючы ад шмат год вялікае жаданьне прысьці да вас,
24 Як толькі буду падарожжаваць да Гішпані, прыду да вас. Бо спадзяюся бачыць вас, як буду падарожжаваць, і вы правядзіце мяне туды, як сьпярша пабуду ў вашым таварыстве, хоць часткава.
25 Але цяпер іду да Ерузаліму, паслужыць сьвятым;
26 Бо Македоня а Ахая ўважалі за добрае даць памогу бедным сьвятым, што ў Ерузаліме.
27 Яны ўважалі гэта за добрае дый даўжбіты яны іхныя. Бо, калі іншыя народы сталі ўчасьнікамі ў іх духоўным, яны маюць паслужыць і ім у цялесным.
28 Споўніўшы гэта і прыпячатаваўшы ім плод гэты, я выпраўлюся пераз вас да Гішпані.
29 Я ведаю, што, як прыйду да вас, з паўнінёю дабраславенства Хрыстовага прыйду.
30 Прымеж тога малю вас, браты, Спадаром нашым Ісусам Хрыстом а міласьцю Духа, каб вы сілаваліся разам із імною маліцца за мяне Богу,
31 Каб выбавіцца імне ад непаслухменых у Ерузаліме, і каб служба мая гэта была прыймальная сьвятым;
32 Каб імне, з волі Божае, прысьці да вас у радасьці і можа супачыць із вамі.
33 Бог жа супакою будзь із усімі вамі. Амін.

Ліст сьв. Паўлы апостала да Рымлян, 15 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.