Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Евангеля Лукі | 16 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I сказаў таксама вучанікам: «Быў якісь багаты чалавек, што меў аканома, каторага ўдалі яму, што раськідае маемасьць ягоную.
2 I, пагукаўшы яго, сказаў яму: ,Што гэта я чую празь цябе? здай лічбу з аканомства свайго, бо ты ня можаш быць балей аканомам'.
3 I аканом сказаў сам сабе: ,Што імне рабіць? бо спадар мой адбірае аканомства ад мяне: капаць не магу, прасіць саромлюся.
4 Ведаю, што зрабіць, каб, як я буду аддалены ад аканомства, мяне прынялі ў дамы свае'.
5 I, пагукаўшы паасобку кажнага з даўжбітоў спадара свайго, сказаў першаму: ,Колькі ты вінен спадару майму?'
6 А тый сказаў: ,Сто барылак алівы'. I сказаў яму: ,Вазьмі свой квіт і борзьдзенька садзіся напішы пяцьдзясят'.
7 Тады сказаў другому: ,А ты колькі вінен?' Ён жа сказаў: ,Сто карцоў пшонкі'. I кажа яму: «Вазьмі свой квіт і напішы асьмідзясят».
8 I спадар пахваліў несправядлівага аканома, што разважна зрабіў; бо сынове веку гэтага разважнейшыя ў сваім родзе за сыноў сьвятліні.
9 I кажу вам: прыдбавайце прыяцеляў багацьцям несправядлівым, каб, як яго ня стане, прынялі вас да вечных буданоў.
10 «Хто верны ў найменшым, верны і ў шмат якім; а хто несправядлівы ў найменшым, несправядлівы і ў шмат якім.
11 Дык калі вы ня былі верныя ў багацьцю несправядлівым, хто павера вам праўдзівае?
12 I калі ня былі верныя ў чужым, хто дасьць вам ваша?
13 «Ніякі слуга ня можа служыць двум спадаром, — бо альбо аднаго зьненавідзе, а другога будзе любіць; або аднаму будзе прыяць, а другога ўлегцы мець. Ня можаце служыць Богу й мамоне».
14 Фарысэі, што былі гальлівыя, слухалі ўсе гэта й сьміяліся зь Яго.
15 I сказаў ім: «Вы правіцеся перад людзьмі, але Бог знае сэрцы вашыя; бо што высака ў людзёў, тое агіда перад Богам.
16 «Закон а прарокі аж да Яана; адгэтуль дабравесьць гаспадарства Божага абяшчаецца, і кажны сілаю пракладае дарогу да яго.
17 Але лацьвей небу й зямлі мінуць, чымся адна рыска ў Законе шчэзьне.
18 «Кажны, хто адпушчае жонку сваю і жэніцца зь іншаю, чужаложа; і кажны, што жэніцца з адпушчанай мужам, чужаложа.
19 «Быў жа якісь багаты чалавек, і адзяваўся ў шкарлат а цянюсенькае палатно, і кажны дзень гучна дзедаваў.
20 I якісь убогі, імям Лазар, ляжаў ля брамы ягонае, увесь у скульлю;
21 І жадаў есьці крошкі, што валіліся із столу багатыровага; і сабакі, праходзячы, лізалі скульле ягонае.
22 I сталася, што ўбогі памер, і ангілы панесьлі яго на ўлоньне Абрагамова. I багатыр таксама памер, і быў пахаваны.
23 I ў пекле, будучы ў муках, узьняўшы вочы свае, бача Абрагама здалеку і Лазара на ўлоньню ягоным.
24 I, загаласіўшы, сказаў: ,Войча Абрагаме! зжалься над імною і пашлі Лазара, каб занурыў канец палца свайго ў ваду і астудзіў язык мой, бо я мучаюся ў гэтым поламені'.
25 Але Абрагам сказаў: ,Дзяцё, успомні, што ты супоўна адзяржаў дабро свае за жыцьця свайго, а Лазар таксама ліха; цяпер жа ён цешыцца тут, а ты мучышся.
26 I апрача ўсяго гэтага, памеж нас і вас устаноўлена вялікае бяздоньне, так што тыя, што хочуць перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, ані адгэнуль да нас не пераходзяць'.
27 I сказаў ён: ,Дык я прашу цябе, войча, паслаць яго да дому айца майго;
28 Бо ў мяне пяцёх братоў, — няхай сьветча ім, каб і яны ня прышлі да гэтага месца мукаў'.
29 Але Абрагам кажа яму: ,У іх ё Масей а прарокі; няхай слухаюць іх'.
30 Ён жа сказаў: ,Не, войча Абрагаме, але калі б хтось ізь мертвых прышоў да іх, пакаяцца'.
31 А ён сказаў яму: ,Калі ня слухаюць Масея а прарокаў, то калі б хто і зь мертвых ускрэс, не пераканаюцца'.»

Евангеля подле сьвятога Лукі, 16 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.