Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 I казаў СПАДАР Масею, кажучы:
2 «Скажы сыном Ізраелявым, каб яны адвярнуліся й разьлягліся табарам перад Пі-Гагірофам, меж Міґдолу й мора, перад Ваал-Цэфонам; супроці яго станьце табарам ля мора.
3 I скажа Фараон праз сыноў Ізраелявых: “Яны заблыталіся ў зямлі, заперла іх пустыня”.
4 Я закаляню сэрца Фараонава, і ён пажанецца за імі, і ўслаўлюся на Фараону і на ўсім войску ягоным; і пазнаюць Ягіпцяне, што Я — СПАДАР». I зрабілі гэтак.
5 I наказалі каралю Ягіпецкаму, што люд — уцёк; і абярнулася сэрца Фараонава і слугаў ягоных супроці люду гэтага, і яны сказалі: «Што гэта мы зрабілі, што адпусьцілі Ізраелцаў, каб не рабілі нам?»
6 I запрог цялежкі свае, і люд свой узяў із сабою.
7 I ўзяў шасьцьсот цялежак выборных, і ўсі цялежкі ягіпецкія, і вайводцаў над усімі імі.
8 I закаляніў СПАДАР сэрца Фараонава, караля ягіпецкага, і ён пагнаўся за сынамі Ізраелявымі; а сынове Ізраелявы вышлі пад рукою высокаю.
9 I пагналіся Ягіпцяне за імі, і ўсі коні зь цялежкамі Фараонавымі, і коньнікі, і ўсе войска ягонае, і насьпелі, як разьлягліся ля мора, каля Пі-Гагірофа перад Ваал-Цэфонам.
10 I Фараон дабліжыўся, і ўзьнялі сынове Ізраелявы вочы свае, і во Ягіпет крануўся за імі: і надта баяліся, і гукалі сынове Ізраелявы да СПАДАРА;
11 I сказалі Масею: «Ціж затым, што няма грабоў у Ягіпце, ты ўзяў нас паміраць на пустыні? Што гэта ты зрабіў із намі, вывеўшы нас ізь Ягіпту?
12 Ці ня гэта самае казалі мы табе ў Ягіпце, сказаўшы: “Адчапіся ад нас, і няхай мы служым Ягіпцянам”? Бо вален нам служыць у Ягіпцян, чымся памерці на пустыні».
13 Масей сказаў люду: «Ня бойцеся, станаўко стойце й абачыце спасеньне СПАДАРА, каторае вам зьдзее сядні; бо Ягіпцян, каторых бачыце вы сядні, ужо не пабачыце на векі.
14 СПАДАР будзе ваяваць за вас, а вы будзеце маўчэць».
15 I сказаў СПАДАР Масею: «Чаго гукаеш да мяне? Гукай сыном Ізраелявым, і хай крануцца ў дарогу.
16 А ты падыймі посах свой і выцягні руку сваю на мора, і расьсячы яго, і ўвыйдуць сынове Ізраелявы сярод мора сушаю.
17 А Я, вось, закаляню сэрца Ягіпцян, і яны ўвыйдуць за імі, і ўслаўлюся на Фараону і на ўсім войску ягоным, на цялежках ягоных і на коньніках ягоных,
18 I даведаецца Ягіпет, што Я СПАДАР, як услаўлюся на Фараону, на цялежках ягоных і на коньніках ягоных».
19 I крануўся Ангіл Божы, што йшоў перад табарам Ізраелцаў, і пайшоў адзаду іх, і крануўся стоўп болачны ад віду іхнаха, і стаў адзаду іх;
20 I ўвыйшоў памеж табару ягіпецкага й табару ізраельскага, і быў болкаю а цемраю, і асьвячаў ноч; і ня бліжыліся адны да адных усю ноч.
21 I выцягнуў Масей руку сваю на мора, і гнаў СПАДАР мора вялікім усходнім ветрам усю ноч, і ўчыніў мора сушаю; і расьсекліся воды.
22 I пайшлі сынове Ізраелявы сярод мора сушаю: і воды былі ім сьцяною зь іх правага й зь іх левага боку.
23 I пагналіся Ягіпцяне, і пайшлі за імі ў сярэдзіну мора кажны конь фараонаў, цялежкі ягоныя і коньнікі ягоныя.
24 I сталася ў ранічную старожу, і глянуў СПАДАР далоў на табар Ягіпцян із стаўпа агнянога а болачнага, і зьмяшаў табар Ягіпцян.
25 I адняў колы ў цялежак іхных, так што яны цягнулі іх ізь цяжкасьцяй. I сказаў Ягіпет: «Уцяку ад віду Ізраелцаў, бо СПАДАР ходаецца за іх супроці Ягіпту».
26 I сказаў СПАДАР Масею: «Выцягні руку сваю на мора, і зьвернуцца воды на Ягіпет, на цялежкі ягоныя і на коньнікаў ягоных».
27 I выцягнуў Масей руку сваю на мора, і сьвітаньням зьвярнула мора сілу сваю, і Ягіпцяне ўцякалі наўпярэймы яму; і ўтрос СПАДАР Ягіпцян сярод мора.
28 I зьвярнуліся воды, і пакрылі цялежкі а коньнікаў усяго войска Фараонавага, што ўвыйшлі за імі ў мора; не засталося зь іх нават аднаго.
29 А сынове Ізраелявы прайшлі па сушы сярод мора, і воды ім былі сьцяною па правым і па левым баку.
30 I выбавіў СПАДАР у дзень гэны Ізраеля з рукі Ягіпцян; і абачыў Ізраель Ягіпет мертвым на беразе мора.
31 I абачыў Ізраель руку вялікую, каторую ўчыніў СПАДАР на Ягіпце; і баяўся люд СПАДАРА, і паверылі СПАДАРУ й Масею, слузе ягонаму.

Другая кніга Масеява: Выхад, 14 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.