Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэлява | 12 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I паслаў СПАДАР Нафана да Давіда, і тый прышоў да яго й сказаў яму: «У вадным месьце былі два чалавекі, адзін багаты, а другі бедны.
2 У багатага было вельмі шмат драбнога й буйнога статку;
3 А ў беднага нічога, апрача аднае малое авечкі, каторую ён купіў і выгадаваў, і яна вырасла зь ім а зь дзецьмі ягонымі разам; з лусты ягонае яна ела, і з чары ягонае піла, і на ўлоньню ў яго спала, і была яму, як дачка.
4 I зайшоўся да багатага чалавека падарожны, і тый пажалеў узяць із свайго драбнога або буйнога статку, каб прыгатаваць госьцю, што прышоў да яго, а ўзяў авечку беднага і прыгатаваў яе чалавеку, каторы прышоў да яго».
5 I ўзгарэўся гнеў Давідаў на таго чалавека, і сказаў Нафану: «Жыў СПАДАР! годны сьмерці чалавек, каторы зрабіў гэта.
6 I за авечку ён мае заплаціць чатыры разы болей, за тое, што ён зрабіў гэта, і за тое, што ня меў спагады».
7 I сказаў Нафан Давіду: «Ты — тый чалавек. Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: “Я памазаў цябе за караля над Ізраелям, і Я выбавіў цябе ад рукі Саўлы,
8 I даў табе дом спадара твайго й жонкі спадара твайго на ўлоньне твае, і даў табе дом Ізраеляў а Юдзін, і, калі гэтага мала, дадаў бы табе яшчэ а яшчэ падобнае.
9 Чаму ж ты пагрэбаваў словам СПАДАРОВЫМ, зрабіўшы ліха перад ачыма Ягонымі? Уру Гэціча ты паразіў мячом; жонку ягоную ўзяў сабе за жонку, а яго ты забіў мячом сыноў Амонавых.
10 Дык не адступе меч ад дому твайго на векі, за тое, што ты пагрэбаваў Імною і ўзяў жонку Уры Гэціча, каб яна была табе за жонку”.
11 Гэтак кажа СПАДАР: “Вось, Я ўзьнясу на цябе ліха з дому твайго, і вазьму жонкі твае перад ачыма тваімі, і аддам прыяцелю твайму, і будзе ён ляжаць із жонкамі тваімі перад гэтым сонцам;
12 Бо ты зрабіў патай, а Я зраблю гэта перад усім Ізраелям і перад сонцам”».
13 I сказаў Давід Нафану: «Ізграшыў я перад СПАДАРОМ». I сказаў Нафан: «I СПАДАР дараваў грэх твой: ты не памрэш.
14 Затым, адылí, што ты гэтым прывёў варагоў СПАДАРОВЫХ да чыстага блявузґаньня, то таксама сьмерцю памрэць сын, што народзіцца ў цябе».
15 I пайшоў Нафан да дому свайго. I выцяў СПАДАР дзецянё, каторае нарадзіла жонка Урына Давіду, і яно небясьпечна захварэла.
16 I маліў Давід Бога за гэтага хлопчыка, і шчыра поставаў Давід, і ўвыйшоў, і начаваў, і ляжаў на зямлі.
17 I сталі старцы дому гэнага да яго, каб падняць яго ізь зямлі; але ён не хацеў, і не паспытаўся зь імі хлеба.
18 I было на сёмы дзень: дзецянё памерла, і слугі Давідавы баяліся сказаць Давіду, што памерла дзецянё; бо, казалі яны: «Вось, калі дзецянё яшчэ жыло, і мы ўмаўлялі яго, і ён ня слухаў голасу нашага; як жа скажам яму: “Памерла дзецянё?” Ён зробе што-колечы благое».
19 I абачыў Давід, што слугі шэпчуцца, і ўцяміў Давід, што дзецянё памерла, і сказаў Давід слугам сваім: «Памерла дзецянё?» I сказалі: «Памерла».
20 I ўстаў Давід ізь зямлі, і ўмыўся, і памазаўся, і зьмяніў адзецьці свае, і пайшоў да дому СПАДАРОВАГА, і пакланіўся. I прышоў да дому свайго, і прасіў, і падалі яму хлеба, і ён еў.
21 I сказалі яму слугі ягоныя: «Што знача, што ты так робіш: як дзецянё яшчэ жыло, ты поставаў а плакаў, а як дзецянё памерла, ты ўстаў і еў хлеб?»
22 I сказаў: «Пакуль дзецянё жыло, я поставаў а плакаў, бо казаў: “Хто ведае, ці ня зьмілуецца над імною СПАДАР, і дзецянё застанецца жыва?”
23 А цяпер яно памерла; нашто ж імне поставаць? Ціж я магу зьвярнуць яго? Я пайду да яго, а яно ня зьвернецца да мяне».
24 I пацешыў Давід Батшэву, жонку сваю, і ўвыйшоў да яе, і ляжаў ізь ёй; і яна радзіла сына, і назвала імя ягонае: Салямон. I СПАДАР улюбіў яго;
25 I паслаў прарокам Нафаном, і ён назваў імя ягонае: Едыда — дзеля СПАДАРА.
26 Ёаў ваяваў супроці Раўвы Амонскае, і блізу ўзяў места каралеўскае.
27 I паслаў Еаў паслоў да Давіда, і сказаў: «Я ваяваў з Раўваю і перамог места вады.
28 Цяпер зьбяры люд, і абляж места, і вазьмі яго; бо калі я вазьму яго, то маім імям будзе названа яно».
29 I зьбер Давід увесь люд, і пайшоў да Раўвы, і ваяваў зь ёю, і ўзяў яе.
30 I ўзяў Давід карону караля іхнага з галавы ягонае; — а вага яе была талань золата, і камень дарагі, і яна была на галаве ў Давіда, і із здабытку места вынес вельмі шмат.
31 А люд, што быў у ім, ён вывеў, і палажыў іх пад пілы, пад зялезныя малатарні, пад зялезныя сякіры, і кінуў іх у цагельныя печы. Гэтак ён зрабіў з усімі местамі Амонскімі. I зьвярнуўся просьле гэтага Давід а ўвесь люд да Ерузаліму.

Другая кніга Самуэлява, 12 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.