Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў | 8 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Тады сказалі Гідэону сыны Эфраіма: «Што гэта такое, што не захацеў ты браць нас ваяваць супраць Мадыянцаў?» І моцна з ім спрачаліся.
2 А ён ім адказаў: «Ці зрабіў я што такое, што вы зрабілі? Ці ня лепшы ёсьць апошні збор вінаграду ў Эфраіма, чым у Абіезэра першы?
3 У рукі вашыя аддаў Бог князёў Мадыянскіх Арэба і Зээба. Што болей мог я зрабіць у параўнаньні з вамі?» Калі гэтак сказаў, супакоілася ў іх абурэньне супраць яго.
4 Пасьля Гідэон прыйшоў да Ярдану і перайшоў яго з трымастамі ваярамі, якія з ім былі. А былі яны змучаныя, перасьледуючы ворагаў.
5 І сказаў Гідэон жыхарам Сукоту: «Дайце, прашу, людзям маім хлеба, бо яны вельмі стаміліся, а я сьцігаю Зэбаха і Цальмуну, валадароў Мадыянскіх».
6 А князі Сукоту адказалі: «Ці ўжо рукі Зэбаха і Цальмуны ў руках тваіх, каб мелі мы даваць хлеба войску твайму?»
7 Ён ім сказаў: «Калі выдасьць ГОСПАД Зэбаха і Цальмуну ў рукі мае, я буду малаціць целы вашыя цернем пустынным і асотам».
8 І пайшоў адтуль у Пэнуэль, і падобна прасіў жыхароў тае мясцовасьці. І тыя яму адказалі, як жыхары Сукоту.
9 І таксама ім ён сказаў: «Калі вярнуся ў супакоі, развалю вежу вашую».
10 А Зэбах і Цальмуна адпачывалі ў Каркоры з усім войскам сваім, каля пятнаццаці тысячаў ваяроў, якія засталіся з усіх дружынаў сыноў Усходу. А тых, што згінулі, было сто дваццаць тысячаў чалавек, якія валодалі мячом.
11 І Гідэон пайшоў шляхам жыхароў намётаў на ўсход ад Набаху і Ёгбэгі, і напаў на табар ворагаў, якія пачуваліся бясьпечнымі.
12 Зэбах і Цальмуна ўцяклі, але Гідэон іх дагнаў і схапіў абодвух валадароў Мадыяну, Зэбаха і Цальмуна, а ўсё войска іхняе разьбіў.
13 І варочаўся Гідэон, сын Ёаша, з вайны праз Маале-Га-Хэрэс.
14 І схапіў ён юнака з жыхароў Сукоту, выпытаў у яго князёў і старшыняў Сукоту. І той напісаў яму [імёны] сямідзесяці сямі чалавек.
15 І прыйшоў ён да жыхароў Сукоту, і сказаў ім: «Вось Зэбах і Цальмуна, дзеля якіх вы абражалі мяне, кажучы: “Ці ж рука Зэбаха і Цальмуна ўжо ў руках тваіх, каб даваць хлеб ваярам тваім, што зьняможаны?”»
16 І схапіў ён старшыняў гораду, і, узяўшы церні пустынныя і асот, пакараў імі жыхароў Сукоту.
17 Таксама вежу Пэнуэля разваліў і выбіў жыхароў гораду таго.
18 І сказаў Зэбаху і Цальмуне: «Што гэта за людзі былі, якіх вы забілі каля Табору?» Яны адказалі: «Яны былі падобныя да цябе, і кожны з іх меў выгляд сыноў валадара».
19 Ён ім сказаў: «Гэта былі браты мае, сыны маці маёй. На ГОСПАДА! Калі б вы іх захавалі, то і я вас не забіў бы!»
20 Пасьля даў загад Етэру, першароднаму свайму: «Устань і забі іх!» Але ён ня выцягнуў мяча, бо баяўся, бо быў яшчэ малы.
21 І сказалі Зэбах і Цальмуна: «Ты сам устань і забі нас, бо які чалавек, такая і сіла ягоная». І падняўся Гідэон, і забіў Зэбаха і Цальмуна, і забраў паўмесяцы, што віселі на шыях вярблюдаў іхніх.
22 І сказалі Ізраільцяне Гідэону: «Валадар над намі ты, і сын твой, і ўнук твой, бо вызваліў ты нас з рук Мадыянцаў».
23 І сказаў ён ім: «Ня буду валадарыць я над вамі, і ня будзе валадарыць над вамі сын мой, але будзе валадарыць над вамі ГОСПАД».
24 І гаварыў ім: «Адну толькі маю просьбу да вас: дайце мне кожны па колцу з вашай здабычы». Бо звычайна залатыя колцы насілі [забітыя], бо былі Ізмаэльцы.
25 Яны адказалі: «Вельмі ахвотна дамо». І расклалі плашч на зямлі, і кожны са здабычы сваёй палажыў залатое колца.
26 І вага прынесеных залатых колцаў была тысяча семсот сыкляў золата, ня лічачы паўмесяцаў, колцаў і пурпуровых шатаў, якія насілі валадары Мадыянскія, таксама ня лічачы ланцужкоў, што віселі на шыях вярблюдаў іхніх.
27 З іх зрабіў Гідэон эфод і паставіў яго на радзіме сваёй, у Офры. І ўвесь Ізраіль чужаложыў там з ім, і сталася гэты для Гідэона і сям’і ягонай загубай.
28 І ўпакорыліся Мадыянцы перад сынамі Ізраіля, і не паднялі яны болей галавы, і зямля сорак год супачывала, калі жыў Гідэон.
29 І Еруббаал, сын Ёаша, пайшоў, і жыў у доме сваім.
30 Гідэон меў семдзясят сыноў, што выйшлі з паясьніцы ягонай, бо меў шмат жонак.
31 Адна з наложніцаў ягоных, што жыла ў Сыхеме, нарадзіла яму сына, якому дадзена імя Абімэлех.
32 Па нейкім часе Гідэон, сын Ёаша, памёр у добрай старасьці і пахаваны быў у магіле Ёаша, бацькі свайго, у Офры Абіезэра.
33 Пасьля сьмерці Гідэона зноў сыны Ізраіля адвярнуліся ад ГОСПАДА і паганіліся з Баалам, і паставілі Баал-Бэрыта за бога сабе.
34 І забыліся сыны Ізраіля пра ГОСПАДА, Бога свайго, Які вызваліў іх з рукі усіх ворагаў іхніх навакол.
35 І не аказалі яны спагаднасьці для сям’і Еруббала, ці Гідэона, нягледзячы на тое, што столькі дабра зрабіў ён для Ізраіля.

Кніга Судзьдзяў, 8 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.