Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў | 4 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Пасьля сьмерці Эгуда сыны Ізраіля зноў пачалі рабіць ліхое перад абліччам ГОСПАДА.
2 І аддаў іх ГОСПАД у рукі Явіна, валадара Хананейцаў, які караляваў у Хацоры. Начальнікам войска ягонага быў Сісэра, які жыў у Харашэт-Гагаіме.
3 І клікалі сыны Ізраіля ГОСПАДА, бо Явін меў дзевяцьсот жалезных калясьніцаў і дваццаць гадоў бяз літасьці ўціскаў Ізраільцянаў.
4 У гэты час судзіла Ізраіль Дэбора праракіня, жонка Ляпідота.
5 Яна спраўляла суд пад пальмаю Дэборы, між Рамаю і Бэтэлем, на гары Эфраіма. І прыходзілі да яе сыны Ізраіля на суд.
6 Яна паслала паклікаць Барака, сына Абінаама, з Кадэшу Нэфталімавага і сказаць яму: «Вось што загадаў табе ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Ідзі і вядзі войска на гару Табор, і вазьмі з сабою дзесяць тысячаў ваяроў з сыноў Нэфталі і з сыноў Завулёна.
7 А Я прывяду да цябе да ракі Кішон начальніка войска Явіна, Сісэру і калясьніцы ягоныя, і ўсё мноства ягонае, і аддам яго ў рукі твае”».
8 Адказаў ёй Барак: «Калі ты пойдзеш са мною, і я пайду, а калі ня пойдзеш са мной, то і я не пайду».
9 Яна сказала яму: «Я пайду з табою, але ў гэтай выправе ты не здабудзеш славы, бо ў рукі жынчыны аддасьць ГОСПАД Сісэру». І прыгатавалася Дэбора, і разам з Баракам вырушыла ў Кадэш.
10 А Барак, сабраўшы сыноў Завулёна і Нэфталі ў Кадэшы, вырушыў з дзесяцьцю тысячамі ваяроў, маючы ў таварыстве сваім Дэбору.
11 А Хэвэр, Кенэянін, аддзяліўся ад іншых сыноў Кенэя, братоў сваіх, сыноў Хавава, цесьця Майсея, і разлажыўся табарам каля дуба ў Цаананіме каля Кадэшу.
12 І даведаўся Сісэра, што Барак, сын Абінаама, вырушыў на гару Табор.
13 І сабраў Сісэра ўсе калясьніцы свае, дзевяцьсот жалезных калясьніцаў, і ўсе дружыны свае, якія меў, і загадаў ім прыбыць з Харашэт-Гагаіму да ручая Кішон.
14 І сказала Дэбора Бараку: «Устань, бо ў гэты вось дзень аддасьць ГОСПАД у рукі твае Сісэру. Сам ГОСПАД пойдзе перад табою». І зыйшоў Барак з гары Табор, і разам з ім дзесяць тысячаў ваяроў.
15 Тады ГОСПАД навёў жах на Сісэру і на ўсе калясьніцы ягоныя, і на ўсё мноства войска ягонага перад вострывам мяча Барака, так, што сам Сісэра, выскачыўшы з калясьніцы, ўцякаў пешшу.
16 А Барак гнаў калясьніцы і войска аж да Харашэт-Гагаіму. І ўсё войска Сісэры загінула ад вострыва мяча, і ніводзін не ацалеў.
17 А Сісэра ўцякаў пешшу і прыбег да намёту Яэлі, жонкі Хэвэра Кенэяніна. Бо быў мір між Явінам, валадаром Хацору, і домам Хэвэра Кенеяніна.
18 Яэль, выйшаўшы з намёту на спатканьне Сісэры, сказала яму: «Увайдзі да мяне, пане мой, увайдзі, ня бойся». Ён увайшоў у намёт яе, і яна накрыла яго кілімам.
19 Ён папрасіў яе: «Дай мне, прашу, крыху вады, бо вельмі засьмягшы». Яна адкрыла буклак з малаком і дала яму напіцца, а потым зноў накрыла яго.
20 Сісэра папрасіў яе: «Пастой каля ўваходу ў намёт, і калі хто прыйдзе і будзе пытацца ў цябе: “Ці ёсьць тут хто?”, ты адкажы: “Нікога няма”».
21 Тады Яэль, жонка Хэвэра, узяла калок ад намёту і таксама молат, і ўвайшла ціха да яго, і прабіла яго скроні калком так, што той ўткнуўся ў зямлю, а ён спаў ад зьнямогі. Так ён памёр.
22 А тут і Барак, гонячыся за Сісэрам, надыйшоў. Яэль выйшла да яго і сказала: «Хадзем, я пакажу табе чалавека, якога ты шукаеш». Ён, калі ўвайшоў да яе, убачыў Сісэру, што ляжаў нежывы, з калком у скронях.
23 У той дзень прынізіў Бог Явіна, валадара Ханаанскага перад сынамі Ізраіля,
24 якія мацнелі штодзень і цьвёрдай рукой уціскалі Явіна, валадара Ханаанскага, пакуль ня зьнішчылі яго.

Кніга Судзьдзяў, 4 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.