Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў | 3 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Гэта вось народы, якія ГОСПАД пакінуў, каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, усіх, якія ня ведалі войнаў з Хананейцамі,
2 каб навучыліся наступныя пакаленьні сыноў Ізраіля змагацца з ворагамі, бо яны ня ведалі войнаў:
3 пяць валадароў Філістынскіх, а таксама ўсе Хананейцы, Сідонцы і Хівеі, што жылі ў гарах Лібану, пачынаючы ад гары Баал-Гермон аж да ўваходу ў Хамат.
4 Засталіся яны, каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, ці будзе ён трымацца загадаў ГОСПАДА, якія загадаў Ён бацькам іхнім праз Майсея, ці не.
5 І гэтак сыны Ізраіля абжыліся паміж Хананейцаў, Хетытаў, Амарэйцаў, Пэрэзеяў, Хівеяў і Евусеяў.
6 І бралі яны за жонак дачок іхніх, і дочкі свае аддавалі сынам іхнім, і нават служылі багам іхнім.
7 І так дапусьціліся сыны Ізраіля ліхоты перад ГОСПАДАМ, і забыліся пра ГОСПАДА, Бога свайго, служачы Баалу і Астарце.
8 І разгневаўся ГОСПАД на Ізраіля і аддаў іх у рукі Кушан-Рышатаіма, валадара Арам-Нагараіму, і служылі сыны Ізраіля яму восем гадоў.
9 І прызывалі яны ГОСПАДА, і Ён паставіў ім збаўцу Атніэля, сына Кеназа, малодшага брата Халева, які вызваліў іх.
10 Быў на ім Дух ГОСПАДА, і судзіў ён Ізраіля. І ваяваў ён, і аддаў ГОСПАД у рукі ягоныя Кушан-Рышатаіма, валадара Арам-Нагараіму, і ён перамог яго.
11 І адпачывала зямля сорак гадоў, і памёр Атніэль, сын Кеназа.
12 Сыны Ізраіля ізноў пачалі чыніць ліхоту перад абліччам ГОСПАДА, і Ён умацаваў супраць іх Эглона, валадара Мааву, за ліхоту, якой дапускаліся яны перад ГОСПАДАМ.
13 І далучыў Эглон да сябе сыноў Амона і сыноў Амалека, і пайшоў, і захапіў Ізраіль, і заняў горад Пальмаў.
14 І сыны Ізраіля служылі Эглону, валадару Мааву, васемнаццаць гадоў.
15 Зноў сыны Ізраіля клікалі ГОСПАДА, і Ён даў ім збаўцу Эгуда, сына Гера, з пакаленьня Бэн’яміна, які замест правай карыстаўся левай рукой. Сыны Ізраіля паслалі праз яго дары Эглону, валадару Мааву.
16 Эгуд зрабіў сабе меч двусечны, даўжынёю ў локаць, і схаваў яго пад адзеньнем сваім на правым баку.
17 І склаў ён падарункі Эглону, валадару Мааву. Эглон жа быў вельмі тоўсты.
18 Калі ж [Эгуд] даў яму дары, адпусьціў людзей, якія іх прынесьлі,
19 і, вярнуўшыся з Гільгалу, дзе былі ідалы, сказаў валадару: «О валадару, маю для цябе таемнае слова». Той загадаў маўчаць, і выйшлі ўсе, якія пры ім былі.
20 Эгуд падыйшоў да яго; а той сядзеў у летнім пакоі, які займаў сам. Эгуд сказаў: «Слова ад Бога маю сказаць табе». Той хутка падняўся з пасаду.
21 Тады Эгуд выцягнуў левую руку, і схапіў меч на правым баку сваім, і парнуў ім у жывот ягоны,
22 ды так моцна, што чарано ўвайшло ў нутро і засела ў тлушчы; і, ня выняўшы мяча, пакінуў яго ў целе.
23 І выйшаў Эгуд праз ганак, і замкнуў за сабою дзьверы пакоя на рыгель.
24 Пасьля зыходу ягонага прыйшлі слугі валадарскія і, калі ўбачылі замкнутыя дзьверы пакоя, сказалі: «Напэўна, мыецца ў летнім пакоі».
25 І чакалі доўга, аж стрывожыліся і, бачачы, што ніхто не адчыняе, узялі ключы, і адчынілі дзьверы, і знайшлі пана свайго, які ляжаў на зямлі нежывы.
26 Пакуль яны чакалі, Эгуд уцёк, і прайшоўшы каля ідалаў, прыйшоў у Сэір.
27 І адразу затрубіў у трубу на гары Эфраіма. І сыны Ізраіля зыйшлі з ім з гары, і ён ішоў на чале іх.
28 І сказаў ён ім: «Хадземце за мною, бо ГОСПАД выдаў ворагаў вашых, Мааўлянаў, у рукі вашыя». Яны пайшлі за ім і занялі броды на Ярдане, якімі пераходзяць у Мааў, і не дазволілі нікому перайсьці.
29 І ў гэты час выбілі яны каля дзесяці тысячаў Мааўлянаў, а былі яны ўсе дужыя і моцныя. І ніводзін з іх ня ўцёк.
30 І ўпакораныя былі ў той дзень Мааўляне Ізраільцянамі, і восемдзесят гадоў зямля жыла спакойна.
31 Пасьля яго быў Шамгар, сын Аната. Ён пабіў Філістынцаў шэсьцьсот чалавек кіем для быдла. Ён таксама ўратаваў Ізраіля.

Кніга Судзьдзяў, 3 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.