Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў | 15 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Па нейкім часе, калі настаў дзень жніва пшаніцы, Самсон наведаў жонку сваю і прынёс ёй казьляня. Калі хацеў увайсьці да яе, бацька ейны забараніў яму,
2 кажучы: «Думаў я, што ты ненавідзіш яе, і таму аддаў яе сябру твайму. Але яна мае малодшую сястру, прыгажэйшую за яе. Няхай яна будзе табе за жонку».
3 Сказаў ім Самсон: «У такім выпадку ня буду вінаваты адносна Філістынцаў, калі буду ім рабіць шкоду».
4 І пайшоў Самсон, налавіў трыста лісаў і, узяўшы паходні, прывязаў хвост да хваста, а пасярэдзіне, між двума хвастамі, прычапіў па адной паходні.
5 І запаліў паходні, і пусьціў іх на збожжа Філістынскае, і спаліў ім снапы і няжатае збожжа, і сады вінаградныя, і сады аліўкавыя.
6 І пыталіся Філістынцы: «Хто гэта зрабіў?» Ім адказалі: «Гэта Самсон, зяць аднаго чалавека з Тымны, бо ён адабраў яму жонку і аддаў яе сябру ягонаму». І пайшлі Філістынцы, і спалілі жанчыну і бацьку яе.
7 А Самсон сказаў ім: «Калі вы так робіце, то не супачыну, пакуль на вас не адпомшчуся».
8 І прынёс ім вялікае зьнішчэньне, перабіваючы сьцёгны і лыткі. Потым пайшоў і жыў у пячоры ў скале ў Этаме.
9 І пайшлі Філістынцы ў зямлю Юды, і расклаліся там табарам, і да Лехі даходзілі войскі іхнія.
10 І сказалі ім людзі з пакаленьня Юды: «Чаму вы выступілі супраць нас?» Яны адказалі: «Прыйшлі мы, каб злавіць Самсона і адгадзіцца яму за тое, што ён нам зрабіў».
11 І тры тысячы мужчынаў з пакаленьня Юды пайшлі на вяршыню гары ў Этаме, і сказалі Самсону: «Ці ты ня ведаеш, што Філістынцы пануюць над намі? Што ты гэта нарабіў нам?» Ён ім адказаў: «Як яны зрабілі мне, так і я ім зрабіў».
12 І сказалі яму: «Прыйшлі мы зьвязаць цябе і выдаць у рукі Філістынцаў». І сказаў ім Самсон: «Прысягніце мне, што мяне не заб’ецё».
13 Яны сказалі: «Не заб’ём, але зьвязанага выдадзім цябе ім». І зьвязалі яго дзьвюма новымі вяроўкамі, і зьвялі са скалы.
14 І так прыбыў ён у Леху, і Філістынцы з крыкам выйшлі яму насустрач. І Дух ГОСПАДАЎ зыйшоў на яго, і вяроўкі, якімі былі зьвязаныя рукі яго, зрабіліся як перагарэўшы лён, і путы распаўзьліся і пападалі з рук.
15 Тады ён знайшоў асьліную сківіцу, яшчэ сьвежую, схапіў яе рукою, і выбіў ёю тысячу чалавек.
16 І сказаў ён: «Сківіцаю асьлінаю я гару іх наваліў! Сківіцаю асьлінаю тысячу чалавек я забіў!»
17 А калі перастаў гаварыць, кінуў сківіцу і назваў тое месца Рамат-Лехі.
18 І адчуў вялікую смагу, і клікаў ГОСПАДА, і сказаў: «Ты рукою слугі Свайго ўчыніў вялікае збаўленьне і перамогу, а цяпер прыйдзецца мне памерці ад смагі і патрапіць у рукі неабрэзаных».
19 І Бог адкрыў скалу ў Лехі, і выцекла адтуль вада. Ён напіўся вады, набраўся сілы і акрыяў. Таму тую крыніцу назвалі Эн-Гаккорэ, і знаходзіцца яна ў Лехі да сёньняшняга дня.
20 І быў ён судзьдзёю Ізраіля за часаў Філістынцаў дваццаць гадоў.

Кніга Судзьдзяў, 15 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.