Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў | 13 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Сыны Ізраіля зноў пачалі рабіць ліхоту ў вачах ГОСПАДА. І ГОСПАД аддаў іх на сорак гадоў у рукі Філістынцаў.
2 У Цоры быў нейкі чалавек з пакаленьня Дана на імя Маноах, які меў жонку няплодную.
3 І зьявіўся анёл ГОСПАДАЎ той жанчыне, і сказаў: «Хоць ты няплодная і бязьдзетная, але зачнеш і народзіш сына.
4 Сьцеражыся, ня пі ані віна, ані сікеры, і нічога нячыстага ня еш,
5 бо зачнеш і народзіш сына, галавы якога не кранецца лязо. Ён будзе назарэем Божым ад улоньня маці. Ён пачне выратоўваць Ізраіль з рук Філістынцаў».
6 Яна прыйшла да мужа і сказала яму: «Чалавек Божы прыходзіў да мяне, аблічча якога было як анёла ГОСПАДАВАГА, поўнае велічы. Не пытала я яго, адкуль ён, і не назваў ён мне імя свайго.
7 Ён сказаў мне: “Неўзабаве зачнеш і народзіш сына. Сьцеражыся, ня пі віна і сікеры, і нічога нячыстага ня еш, бо хлопец будзе назарэем Божым ад улоньня маці аж да дня сьмерці сваёй”».
8 І маліўся Маноах да ГОСПАДА, і казаў: «Прашу Цябе, Госпадзе, няхай чалавек Божы, якога Ты паслаў, прыйдзе зноў і навучыць нас, што мы павінны рабіць з юнаком, які мае нарадзіцца?»
9 І выслухаў ГОСПАД, што прасіў Маноах, і зьявіўся зноў анёл Божы жанчыне, якая сядзела ў полі, а мужа ейнага, Маноаха, не было разам з ёю.
10 І пасьпяшалася яна, і прыбегла да мужа свайго, і паведаміла яму: «Вось, аб’явіўся мне той чалавек, які тады быў прыйшоўшы да мяне».
11 Ён устаў і пайшоў за жонкай сваёй, і падыйшоў да чалавека таго, і сказаў яму: «Ці ты той, які размаўляў з жонкай маёй?» А ён адказаў: «Я».
12 І сказаў яму Маноах: «Калі споўніцца слова тваё, як нам сябе паводзіць з хлопцам ды што маем рабіць?»
13 І сказаў Маноаху анёл ГОСПАДАЎ: «Няхай усяго таго, што я сказаў жонцы тваёй, яна сьцеражэцца.
14 Няхай ня есьць нічога, што з вінаграду паходзіць, няхай ня п’е ані віна, ані сікеры, няхай нічога ня есьць нячыстага, але няхай тое, што я загадаў, выконвае».
15 І сказаў Маноах анёлу ГОСПАДАВУ: «Дазволь затрымаць цябе, пакуль прыгатуем страву для цябе з казьляняці».
16 Анёл ГОСПАДАЎ адказаў яму: «Калі ты мяне затрымаеш, я ня буду есьці хлеба твайго. А калі хочаш прыгатаваць цэласпаленьне, ахвяруй яго ГОСПАДУ». Бо Маноах ня ведаў, што гэта анёл ГОСПАДАЎ.
17 Маноах спытаўся ў анёла: «Якое імя тваё, і калі слова тваё споўніцца, як ушанаваць цябе?»
18 Анёл адказаў яму: «Навошта ты пытаешся пра імя маё, яно таямнічае».
19 І прынёс Маноах казьляня і ахвяру хлебную, і паклаў на скале, ахвяруючы ГОСПАДУ, Які творыць цуды. І глядзелі на гэта Маноах і жонка ягоная.
20 Калі полымя паднялося з ахвярніка ў неба, таксама анёл ГОСПАДАЎ падняўся ў полымі. Калі гэта ўбачылі Маноах і жонка ягоная, упалі з паклонам да зямлі.
21 І ўжо болей ня бачылі яны анёла ГОСПАДАВА. І зразумеў Маноах, што гэта анёл ГОСПАДАЎ,
22 і сказаў жонцы сваёй: «Хіба мы памром, бо мы бачылі Бога».
23 Адказала яму жонка: «Калі б ГОСПАД хацеў нас забіць, то не прыняў бы з рук нашых цэласпаленьня і ахвяры хлебнай, і ня даў бы бачыць нам усяго гэтага, і не сказаў бы нам усіх гэтых словаў».
24 І нарадзіла яна сына, і назвала яго імем Самсон. І хлопец рос, і дабраслаўляў яго ГОСПАД.
25 Дух ГОСПАДАЎ пачаў зыходзіць на яго ў табары Дана між Цораю і Эштаолам.

Кніга Судзьдзяў, 13 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.