Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў | 11 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 А Ефтах Гілеадзец быў мужным ваяром. Быў ён сын распусьніцы, бацькам яго быў Гілеад.
2 Гілеад меў жонку, ад якой меў сыноў, якія, калі падрасьлі, выгналі Ефтаха, кажучы: «Ня можаш быць спадкаецам у доме бацькі нашага, бо ты нарадзіўся з другой жанчыны».
3 І ён уцёк ад іх, і жыў у зямлі Тоб, і сабраліся пры ім людзі бадзяжныя, і выходзілі з ім.
4 У тыя дні сыны Амона ваявалі супраць Ізраіля.
5 У час вайны Амона з Ізраілем прыйшлі старшыні Гілеадзкія ўзяць у дапамогу сабе Ефтаха з зямлі Тоб.
6 І сказалі яны Ефтаху: «Хадзі і будзь нам правадыром, і будзем ваяваць супраць сыноў Амона».
7 Ён ім адказаў: «Ці ж вы не зьненавідзелі мяне і ня выкінулі мяне з дому бацькі майго? А цяпер прыходзіце да мяне, калі бяда вас прыціснула».
8 Адказалі яму князі Гілеаду: «Вось з гэтае прычыны і прыйшлі мы да цябе, каб ты пайшоў з намі, і ваяваў супраць сыноў Амона, і будзеш правадыром усіх, што жывуць у Гілеадзе».
9 Ефтах ізноў сказаў ім: «Калі вы клічаце мяне, каб я ваяваў за вас супраць сыноў Амона, і калі аддасьць іх ГОСПАД у рукі мае, я буду начальнікам вашым».
10 Яны адказалі яму: «ГОСПАД, Які чуе гэта, будзе пасярэднікам і сьведкам, што споўнім слова тваё».
11 І пайшоў Ефтах з князямі Гілеаду, і ўвесь народ зрабіў яго правадыром сваім. І ўсе гэтыя словы свае сказаў Ефтах перад ГОСПАДАМ у Міцпе.
12 І паслаў Ефтах пасланцоў да валадара сыноў Амона, каб яны сказалі ім ад яго: «Што табе да мяне, што ты прыйшоў ваяваць супраць мяне?»
13 Валадар сыноў Амона ім адказаў: «Бо Ізраіль забраў зямлю маю, калі выйшаў з Эгіпту, ад Арнону аж да Ябоку і Ярдану; дык вярні мне яе цяпер без вайны».
14 Паўторна выправіў Ефтах пасланцоў да валадара Амону і загадаў сказаць:
15 «Гэта кажа Ефтах: Не забраў Ізраіль зямлі Мааву, ані зямлі сыноў Амона.
16 Але калі яны выходзілі з Эгіпту, вандраваў Ізраіль праз пустыню аж да Мора Чырвонага, і потым прыйшоў у Кадэш.
17 І паслалі яны пасланцоў да валадара Эдому, просячы: “Дазволь, каб прайшлі мы праз зямлю тваю”. Але ён не згадзіўся на просьбу нашу. Паслалі таксама і да валадара Мааву, але і ён не захацеў прапусьціць. Дык заставаўся Ізраіль у Кадэшы.
18 І, абыходзячы праз пустыню, абыйшоў кругом зямлю Эдому і зямлю Мааву і, прыйшоўшы на ўсход ад зямлі Мааву, расклаўся табарам за Арнонам, не ўваходзячы ў зямлю Мааву, бо Арнон ёсьць мяжой Мааву.
19 Потым паслаў Ізраіль пасланцоў да Сыгона, валадара Амарэйцаў, валадара Хэшбону, і сказаў яму: “Дазволь перайсьці нам праз зямлю тваю да месца свайго”.
20 Але Сыгон не згадзіўся прапусьціць Ізраіля праз межы свае. Ён сабраў увесь народ свой, і выступіў супраць Ізраіля ў Ягцы, і ваяваў з ім.
21 Але аддаў яго ГОСПАД у рукі Ізраіля з усім войскам ягоным. Ізраіль перамог яго і завалодаў усёй зямлёй Амарэйцаў, жыхароў краіны гэтай,
22 усімі межамі іхнімі ад Арнону да Ябоку, і ад пустыні аж да Ярдану.
23 Дык ГОСПАД, Бог Ізраіля, выгнаў Амарэйцаў перад народам Сваім, Ізраілем, а ты цяпер хочаш займець зямлю ягоную?
24 Ці ня ўсё тое, што даў табе бог твой Камош на ўласнасьць, табе належыць? А што ГОСПАД, Бог наш, даў нам, мы маем на ўласнасьць.
25 Ці ты лепшы за Балака, сына Цыпора, валадара Мааву? Ці ж сварыўся ён з Ізраілем і ці ваяваў супраць яго?
26 Ізраіль жыве у Хешбоне і ў сёлах ягоных, і ў Араэры, і залежных ад яго гарадах каля Арнону ўжо трыста гадоў, чаму ў той час вы ня выгналі іх?
27 Дык ня я грашу адносна цябе, але ты супраць мяне несправядліва выходзіш з вайною. Няхай ГОСПАД рассудзіць сёньня справу між сынамі Ізраіля і сынамі Амона!»
28 Але валадар сыноў Амона не захацеў прыняць слова Ефтаха, якія ён пераказаў праз пасланцоў.
29 І Дух ГОСПАДА быў на Ефтаху, і ён прайшоў Гілеад і Манасу, і прыйшоў у Міцпу ў Гілеадзе, а адтуль — да сыноў Амона.
30 І склаў ён шлюбаваньне ГОСПАДУ: «Калі Ты аддасі сыноў Амона ў рукі мае,
31 то па павароце маім з мірам ад сыноў Амона, што выйдзе першым з брамы дому на спатканьне мне, тое складу ў цэласпаленьне ГОСПАДУ».
32 І пайшоў Ефтах супраць сыноў Амона ваяваць з імі, і аддаў ГОСПАД іх у рукі ягоныя.
33 І разбіў ён іх на абшары ад Араэру аж да мясцовасьцяў Мініт, а гэта дваццаць гарадоў, ды далей аж да Абэль-Кераміму. І разгром іх быў страшны. І спакораныя былі сыны Амона сынамі Ізраіля.
34 Калі вярнуўся Ефтах у Міцпу ў дом свой, выйшла насустрач яму дачка ягоная, скачучы пры гуках бубнаў. А Ефтах ня меў апроч яе дзяцей.
35 І ўбачыўшы яе, разьдзёр ён адзеньне сваё і сказаў: «Ах, дачка мая! Ты зламала мяне! Ты ў ліку тых, якія нешчасьлівяць мяне! Адчыніў я вусны мае ГОСПАДУ і не магу вырачыся гэтага».
36 Яна яму адказала: «Айцец мой, калі ты адчыніў вусны свае перад ГОСПАДАМ, зрабі мне, што ты шлюбаваў, дзеля дадзенай табе ГОСПАДАМ перамогі над ворагамі тваімі, сынамі Амона».
37 І гаварыла яна бацьку: «Толькі гэтага аднаго прашу: Дазволь мне на працягу двух месяцаў з сяброўкамі сваімі абыйсьці горы кругом і аплакаць дзявоцтва сваё».
38 Ён адказаў ёй: «Ідзі!» І адпусьціў яе на два месяцы. І пайшла яна з сяброўкамі, і аплаквала дзявоцтва сваё у гарах.
39 І па двух месяцах вярнулася да бацькі свайго. І ўчыніў ён з ёй, як шлюбаваў, і яна не пазнала мужа. Адсюль узяўся звычай у Ізраіля,
40 што кожны год сыходзіліся на чатыры дні дочкі Ізраіля, каб аплакваць дачку Ефтаха Гілеадца.

Кніга Судзьдзяў, 11 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.