Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў | 10 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Пасьля Абімэлеха на вызваленьне Ізраіля паўстаў Тола, сын Пуа, сына Додо, чалавек з пакаленьня Ісахара. Жыў ён у Шаміры на гары Эфраіма.
2 Ён судзіў Ізраіля дваццаць тры гады, і памёр, і пахаваны быў у Шаміры.
3 Пасьля яго быў Яір з Гілеаду, які судзіў Ізраіля дваццаць два гады.
4 Меў ён трыццаць сыноў, якія езьдзілі на трыццаці аслах, і мелі трыццаць гарадоў, якія па сёньняшні дзень называюцца селішчамі Яіра; яны ў зямлі Гілеад.
5 І памёр Яір, і пахаваны ён у Камоне.
6 А сыны Ізраіля дапускаліся новых грахоў перад абліччам ГОСПАДА. І служылі яны Баалам і Астартам, багам Араму, Сідону і Мааву, поруч багам сыноў Амона і Філістынцаў, і пакінулі яны ГОСПАДА, і не пакланяліся Яму.
7 І разгневаўся на іх ГОСПАД, і аддаў іх у рукі Філістынцаў і ў рукі сыноў Амона.
8 І яны перасьледавалі і страшна ўціскалі васямнаццаць гадоў сыноў Ізраіля, якія жылі за Ярданам у зямлі Амарэйцаў у Гілеадзе.
9 Сыны Амона пераходзілі таксама Ярдан ваяваць супраць Юды і Бэн’яміна, і ўсяго дому Эфраіма. І быў Ізраіль у вялікім уціску.
10 І клікалі сыны Ізраіля ГОСПАДА, і казалі: «Саграшылі мы перад Табою, бо пакінулі Бога нашага, а служылі Баалу».
11 І сказаў ім ГОСПАД: «Калі Эгіпцяне, Амарэйцы, сыны Амона і Філістынцы,
12 Сідонцы, а таксама Амалек і Мадыян ўціскалі вас, а вы клікалі Мяне, ці ж Я не вырываў вас з рук іхніх?
13 А вы ўсё роўна пакідалі Мяне і пакланяліся багам чужым. Таму вось ня буду ратаваць вас болей.
14 Ідзіце і клічце багоў, якіх вы выбралі, няхай яны вас ратуюць у час гора!»
15 І казалі сыны Ізраіля ГОСПАДУ: «Саграшылі мы. Зрабі з намі, што Табе падабаецца, толькі цяпер выратуй нас!»
16 І выкінулі яны спаміж сябе багоў чужых, якіх мелі, і служылі ГОСПАДУ, і Ён пашкадаваў Ізраіля ў горы ягоным.
17 У той час сыны Амона сабраліся і расклаліся табарам у Гілеадзе. А насупраць у Міцпе сабраліся сыны Ізраіля, і там разлажыліся табарам.
18 І гаварылі і народ, і князі Гілеадзкія адзін аднаму: «Хто пачне ваяваць першы супраць сыноў Амона, той будзе правадыром для ўсіх жыхароў Гілеаду».

Кніга Судзьдзяў, 10 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.