Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў | 9 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Абімэлех, сын Еруббаала, пайшоў у Сыхем да братоў маці сваёй і сказаў ім і ўсім сваякам з дому маці сваёй, кажучы:
2 «Скажыце ўсім людзям у Сыхеме: “Што вам лепш: каб панавалі над вамі ўсе семдзясят сыноў Еруббаала, ці каб панаваў над вамі адзін чалавек?” Прытым майце на ўвазе, што я — косьць з косьці вашай і цела з цела вашага».
3 І браты маці ягонай расказвалі пра яго ўсім людзям у Сыхеме ў такі спосаб, і сэрцы іхнія прыхіліліся да Абімэлеха, бо яны казалі: «Гэта брат наш!»
4 І далі яму семдзясят сыкляў срэбра з дому Баал-Бэрыта, і Абімэлех наняў за іх прайдзісьветаў і людзей бадзяжных, якія пайшлі за ім.
5 І вярнуўся ён у дом бацькі свайго ў Офры, і на адным камяні забіў братоў сваіх, сыноў Еруббаала, семдзясят чалавек. Пакінуў толькі Ётама, наймалодшага сына Еруббаала, бо ён быў схаваўшыся.
6 І сабраліся ўсе мужчыны з Сыхему і ўвесь Бэт-Міло, і пайшлі ды паставілі Абімэлеха валадаром каля дуба, які стаяў блізка Сыхему.
7 Калі паведамілі пра гэта Ётаму, ён пайшоў і стаў на вяршыні гары Герызім, і, узвысіўшы голас, сказаў: «Слухайце мяне, людзі Сыхему, і няхай пачуе вас Бог.
8 Сабраліся дрэвы, каб выбраць сабе валадара, і сказалі яны аліўцы: “Валадар над намі”.
9 Яна адказала: “Ці ж магу я вырачыся алівы сваёй, якой ганарацца богі і людзі, каб пайсьці хістацца па-над дрэвамі?”
10 І сказалі дрэвы дрэву фігаваму: “Хадзі і будзь валадаром над намі”.
11 Адказала ім дрэва фігавае: “Ці ж маю я вырачыся салодкасьці сваёй і адборнага плоду свайго, каб пайсьці хістацца па-над дрэвамі?”
12 І сказалі дрэвы вінаграду: “Хадзі і будзь валадаром над намі”.
13 Вінаград ім адказаў: “Ці маю вырачыся соку свайго, што весяліць багоў і людзей, каб пайсьці хістацца па-над дрэвамі?”
14 Тады сказалі ўсе дрэвы цярніне: “Хадзі і будзь валадаром над намі!”
15 Адказала цярніна дрэвам: “Калі сапраўды хочаце мяне памазаць на валадара, то хадзіце і адпачніце ў ценю маім! А калі не, дык вось агонь выйдзе з цярніны і спаліць кедры Лібанскія”.
16 Дык цяпер, калі справядліва і бяз грэху вы паставілі над сабой валадаром Абімэлеха, і калі добра абыйшліся з Еруббаалам і з домам ягоным, і аднагарадзіліся адпаведна дабрадзействамі таму,
17 які ваяваў за вас і жыцьцё сваё выстаўляў за вас на небясьпеку, каб выратаваць вас з рук Мадыянцаў,
18 а вы сёньня паўсталі супраць дому бацькі майго і вымардавалі сыноў ягоных семдзясят чалавек на адным камяні, і выбралі сабе валадаром над жыхарамі Сыхему Абімэлеха, сына служкі ягонай, бо ён — брат ваш,
19 дык калі справядліва і без памылкі ўчынілі вы з Еруббаалам і домам ягоным сёньня, то цешцеся з Абімэлеха, і няхай ён цешыцца з вас.
20 Калі ж крывадушна зрабілі, няхай агонь выйдзе з Абімэлеха і спаліць жыхароў Сыхему і Бэт-Міло, ды няхай выйдзе агонь з жыхароў Сыхему і Бэт-Міло і спаліць Абімэлеха!»
21 Калі гэта Ётам сказаў, уцёк і адыйшоў у Бэра, і жыў там, баючыся брата свайго Абімэлеха.
22 І валадарыў над Ізраілем Абімэлех тры гады.
23 І напусьціў на Абімэлеха Бог духа ліхога між ім і жыхарамі Сыхему, якія збунтаваліся супраць яго,
24 каб такім чынам споўнілася помста за забойства сямідзесяці сыноў Еруббаала, і кроў іхняя павярнулася на Абімэлеха, брата іхняга, які забіў іх, і на жыхароў Сыхему, якія яму дапамагалі.
25 І вось жыхары Сыхему зрабілі засаду на яго на вяршыні гары, і нападалі на кожнага, хто праходзіў тою дарогаю. І паведамлена было пра гэта Абімэлеху.
26 Тады Гаал, сын Эбэда, прыйшоў з братамі сваімі ў Сыхем, і жыхары Сыхему паверылі яму.
27 І, выйшаўшы на поле, рвалі яны вінаград і выціскалі яго, і рабілі сьвяты. Увайшлі яны таксама ў сьвятыню бога свайго, там елі, і пілі, і пракліналі Абімэлеха.
28 І казаў Гаал, сын Эбэда: «Хто такі Абімэлех, і хто такі Сыхем, каб мелі мы служыць яму? Ці ж ён не сын Еруббаала, а Зэбул — урадовец ягоны? Лепш служыце людзям Гамора, бацькі Сыхема. А навошта мы будзем яму служыць?
29 Каб хто аддаў гэты народ пад руку маю, я прагнаў бы Абімэлеха; і сказаў бы яму: “Зьбяры войска сваё і ідзі адсюль!”»
30 Зэбул, начальнік гораду, чуючы гаворку Гаала, сына Эбэда, вельмі раззлаваўся,
31 і паслаў таемна пасланцоў да Абімэлеха, паведамляючы: «Вось Гаал, сын Эбэда, і браты ягоныя прыйшлі ў Сыхем і збунтавалі народ супраць цябе.
32 Дык устань уначы ты і народ твой, і зрабіце засаду ў полі.
33 А нараніцы, калі сонца ўзыйдзе, падрыхтуйся і нападзі на горад. І калі ён і народ, які з ім, выйдзе супраць цябе, зробіш з ім тое, што зможа рука твая».
34 І ўстаў Абімэлех і народ ягоны ўначы ды ў чатырох месцах зрабілі засаду супраць Сыхему.
35 Калі Гаал, сын Эбэда, выйшаў і стаў у браме гораду, выйшаў таксама і Абімэлех і ўсё войска з ім з засады.
36 Гаал убачыў войска і зьвярнуўся да Зэбула: «Вось, нейкія людзі зыходзяць з вяршыні гары». Адказаў яму Зэбул: «Гэта цень гары, а табе здаецца, што людзі».
37 Зноў Гаал сказаў: «Вось, нейкія людзі зыходзяць з вяршыні, а адзін аддзел ідзе дарогаю ад Элон-Мэанэніму».
38 І сказаў яму Зэбул: «Дзе ж цяпер вусны твае, якія казалі: “Хто такі Абімэлех, каб мелі мы яму служыць?” Ці ж гэта ня той народ, якім ты пагарждаеш? Ідзі і ваюй супраць яго».
39 І пайшоў Гаал на чале жыхароў Сыхему, і ваяваў супраць Абімэлеха.
40 І гнаў яго Абімэлех, і ён уцякаў, і загінулі многія з яго боку ў дарозе да брамы гораду.
41 І Абімэлех вярнуўся ў Аруму, а Гаала і братоў ягоных Зэбул выгнаў, забараніўшы ім жыць у Сыхеме.
42 І назаўтра выйшаў народ у поле, і было пра гэта паведамлена Абімэлеху.
43 Ён сабраў войска сваё, падзяліў на тры дружыны, і зрабіў засаду ў полі, і, бачачы, што народ выходзіць з гораду, напаў і пабіў іх.
44 У час, калі Абімэлех і дружына ягоная напалі і сталі пад брамай гораду, дзьве другія дружыны напалі на ўсіх тых, якія былі ў полі, і пабілі іх.
45 І Абімэлех увесь той дзень аблягаў горад, і здабыў яго, і выбіў людзей ягоных, і пасьля зьнішчэньня яго пасыпаў яго сольлю.
46 Калі гэта пачулі тыя, што былі ў вежы Сыхемскай, зыйшлі ў падзямельле дому Баал-Бэрыта.
47 Абімэлех, пачуўшы, што ўсе князі Сыхемскія схаваліся там,
48 з усім народам сваім падняўся на гару Цальмон і, узяўшы сякеру, адсек сук ад дрэва, і, узлажыўшы на плячо, загадаў народу, які быў з ім: «Што я раблю, і вы рабіце».
49 І яны, хутка насекшы гальля з дрэваў, пайшлі за ім, і заклалі падзямельле, а пасьля падпалілі. І ад агню і дыму ўсе людзі пагінулі, а было каля тысячы мужчынаў і жанчынаў, усе жыхары Сыхему.
50 Адтуль выправіўся Абімэлех на Тэбэц, і аблягаў ён Тэбэц, і здабыў яго.
51 А ў сярэдзіне гораду была моцная вежа, у якой схаваліся ўсе мужчыны і жанчыны, усе жыхары гораду, і, моцна запёршы браму, узыйшлі на верх той вежы.
52 Абімэлех падыйшоў пад самую вежу і пачаў яе здабываць. І калі падыйшоў да брамы вежы, жадаючы падлажыць пад яе агонь,
53 нейкая жанчына кінула яму на галаву камень і разьбіла чэрап.
54 Тады ён пазваў збраяносца свайго і сказаў яму: «Дастань меч свой і забі мяне, каб не казалі, што я забіты жанчынаю». І ўдарыў яго юнак мячом, і ён памёр.
55 Пасьля сьмерці ягонай усе мужчыны Ізраіля, бачучы гэта, вярнуліся ў пасяленьні свае.
56 Так Бог вярнуў яму за зло, якое зрабіў Абімэлех бацьку свайму, забіваючы семдзясят братоў сваіх.
57 Таксама жыхарам Сыхему было вернута за ўсё, што яны зрабілі, і на іх прыйшоў праклён Ётама, сына Еруббаала.

Кніга Судзьдзяў, 9 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.