Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Карыньцянам | 12 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Не карысна мне хваліцца, бо я дайду да ві́дзежаў і адкры́цьцяў Госпадавых.
2 Ведаю чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць гадоў таму, ці ў целе — ня ведаю, ці па-за целам — ня ведаю, Бог ведае, быў падхоплены да трэцяга неба.
3 І ведаю гэткага чалавека, ці ў целе, ці па-за целам, ня ведаю, Бог ведае,
4 які быў падхоплены ў рай і чуў невымоўныя словы, якіх чалавеку нельга вы́мавіць.
5 Гэтакім буду хваліцца, а сабою ня буду хваліцца, хіба толькі слабасьцямі маімі.
6 Бо калі захачу хваліцца, ня буду неразумным, бо скажу праўду; але я шкадую сябе, каб ніхто не падумаў пра мяне больш, чым бачыць у-ва мне або чуе ад мяне.
7 І, каб я не вывышаўся празьмернасьцю адкры́цьцяў, дадзены мне бады́ль у цела, анёл шата́на, каб біць мяне, каб я не вывышаўся.
8 Дзеля гэтага тройчы прасіў я Госпада, каб ён адыйшоў ад мяне.
9 І [Госпад] сказаў мне: «Хопіць табе ласкі Маёй, бо моц Мая спаўняецца ў слабасьці». Дык ахвотна больш буду хваліцца слабасьцямі маімі, каб жыла ў-ва мне моц Хрыстовая.
10 Дзеля гэтага я маю ўпадабаньне і ў слабасьцях, у крыўдах, у патрэбах, у перасьледаваньнях, ва ўцісках за Хрыста, бо, калі я слабы, тады моцны.
11 Я стаўся неразумным, хвалячыся; вы мяне зму́сілі. Бо трэба было, каб я вамі быў адрэкамэндаваны, бо ні ў чым я ня горшы за найпаважнейшых апосталаў, хоць я і нішто.
12 Знакі апостала ўчыненыя між вамі ў-ва ўсякай цярплівасьці, у знаках, і цудах, і сілах.
13 Бо што ёсьць, у чым вы горшыя за іншыя цэрквы? Хіба тое, што я ня быў вам цяжарам. Даруйце мне гэткую несправядлівасьць.
14 Вось, трэці раз я гатовы ісьці да вас і ня буду цяжарам для вас, бо шукаю ня вашага, але вас. Бо ня дзеці павінны зьбіраць скарбы для бацькоў, але бацькі́ для дзяцей.
15 Я ахвотна буду выдаткоўваць [сваё] і аддаваць сябе за ду́шы вашыя, нават калі, любячы вас шмат больш, я менш лю́блены вамі.
16 Дык няхай я сам не абцяжарваў вас, але можа, як хітрун, подступам браў з вас?
17 Нікога я не пасылаў да вас, каб праз яго скарыстацца ад вас.
18 Я прасіў Ціта і паслаў з [ім] брата. Ці скарыстаўся чым ад вас Ціт? Ці ня ў тым самым Духу мы хадзілі? Ці не па тых самых сьлядах?
19 Ці ізноў думаеце, што мы апраўдываемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам у Хрысьце, а ўсё, улюбёныя, дзеля вашага збудаваньня.
20 Бо баюся, каб, прыйшоўшы, не знайсьці мне вас такімі, якімі не хачу, і каб вам не знайсьці мяне такім, якім ня хочаце; каб не было сварак, зайздрасьці, ярасьці, сварлівасьці, абмаўляньняў, нагавораў, пыхі, бязладзьдзя,
21 каб, калі ізноў прыйду, не панізіў мяне Бог мой у вас, і каб я ня плакаў пра многіх, якія зграшылі раней і не навярнуліся ад нячыстасьці, і распусты, і бессаромнасьці, якія ўчынялі.

Другое пасланьне да Карыньцянаў Апостала Паўла, 12 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.