Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Карыньцянам | 11 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 О, каб вы крыху пацярпелі маю неразумнасьць! Але вы і церпіце мяне!
2 Бо я руплюся пра вас руплівасьцю Божай, бо я заручы́ў вас з адным Мужам, каб паставіць побач з Хрыстом чыстую дзеву.
3 Але баюся, каб, як зьмей зьвёў Еву подступам сваім, гэтак і вашыя думкі не папсаваліся, [адыйшоўшы] ад шчырасьці, якая ў Хрысьце.
4 Бо калі хто, прыйшоўшы, будзе абвяшчаць другога Ісуса, якога мы не абвяшчалі, ці калі вы атрымаеце іншага духа, якога ня атрымоўвалі, ці іншае Эва́нгельле, якога не прыймалі, дык вы будзеце вельмі цярплівымі.
5 Але я лічу, што я ні ў чым ня горшы ад найпаважнейшых апосталаў,
6 бо, хоць я просты ў слове, але ня ў веданьні, бо мы ў-ва ўсім выявілі гэта сярод вас.
7 Ці ўчыні́ў я грэх, што паніжа́ў сябе, каб узвысіць вас, бо задарма́ дабравесьціў вам Эва́нгельле Божае?
8 У другіх цэркваў я браў, атрымліваючы плату дзеля служэньня вам, і, прысутны ў вас і маючы нястачу, нікога не абцяжарваў,
9 бо нястачу маю дапоўнілі браты, якія прыйшлі з Македоніі; і ў-ва ўсім я пільнаваўся і буду пільнавацца, каб ня быць вам цяжарам.
10 Ёсьць праўда Хрыстовая ў-ва мне, што пахвала́ гэтая ня будзе забраная ў мяне ў краях Ахаі.
11 Дзеля чаго? Ці што не люблю вас? Бог ведае!
12 Але гэта раблю і буду рабіць, каб адсекчы нагоду тым, якія хочуць [мець] нагоду, каб у тым, чым яны хваляцца, былі знойдзены такімі, як і мы.
13 Бо гэтакія фальшывыя апосталы, падступныя работнікі, якія робяць выгляд апосталаў Хрыстовых.
14 І ня дзіва, бо і сам шата́н робіць выгляд анёла сьвятла.
15 Дык не вялікая рэч, калі і служыцелі ягоныя робяць выгляд служыцеляў праведнасьці; канец іхні будзе паводле ўчынкаў іхніх.
16 Ізноў кажу: няхай ніхто ня лічыць мяне неразумным, а калі не, дык прыйміце мяне хоць як неразумнага, каб і мне крыху нечым пахваліцца.
17 Што кажу, тое кажу не паводле Госпада, але як у неразумнасьці, у гэткай пэўнасьці пахвальбы́.
18 Калі многія хва́ляцца паводле цела, і я буду хвалі́цца.
19 Бо вы [людзі] мудрыя, ахвотна церпіце неразумных.
20 Бо вы церпіце, калі хто вас зьневаляе, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто вывышаецца, калі хто б’е вас па абліччы.
21 На сорам кажу, што мы быццам саслабелі. А калі хто адважваецца ў чым, кажу ў неразумнасьці, адважваюся і я.
22 Яны Гебраі? І я. Яны Ізраільцяне? І я. Яны — насеньне Абрагама? І я.
23 Яны — служыцелі Хрыста? Здурэўшы кажу: я больш! Шмат больш у працы, бязьмерна ў ранах, шмат больш у вязьніцах, часта пры сьмерці.
24 Ад Юдэяў пяць разоў атрымаў сорак [удараў] без аднаго;
25 тройчы білі мяне кія́мі, аднойчы каменава́лі; тройчы разьбіваўся карабель, ноч і дзень быў я ў глыбіні́.
26 Часта ў падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад свайго народу, у небясьпеках ад паганаў, у небясьпеках у горадзе, у небясьпеках у пустыні, у небясьпеках на моры, у небясьпеках між фальшывымі братамі,
27 у працы і ў стоме, часта ў чуваньнях, у голадзе і смазе, часта ў пастах, у сьцю́жы і галізьне́.
28 Акрамя выключных [здарэньняў], у мяне штодня зграмаджэньне, турбота пра ўсе цэрквы.
29 Хто зьнемагае, і я не зьнемагаю? Хто горшыцца, і я не пала́ю?
30 Калі мушу хвалі́цца, буду хвалі́цца маёй слабасьцю.
31 Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраслаўлёны на вякі, ведае, што я не хлушу́.
32 У Дамаску намесьнік валадара Арэты ахоўваў горад Дамаск, хочучы схапіць мяне;
33 і я ў кашы́ быў спушчаны з вакна праз мур, і ўцёк ад рук ягоных.

Другое пасланьне да Карыньцянаў Апостала Паўла, 11 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.