Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Пятра | 3 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Таксама і вы, жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужа́м, каб і тыя, што не скараюцца слову, ла́дам жыцьця жонак бяз слова былі здабываныя,
2 гледзячы на чыстае жыцьцё вашае ў страху [Божым].
3 Няхай будзе [аздобаю] ня вонкавае заплятаньне валасоў і залатыя ўпрыгожваньні або апрананьне ў шаты сьвету,
4 але таемны сэрца чалавек у незьнішчальнасьці ціхага і спакойнага духа, што вельмі каштоўна перад Богам.
5 Бо гэтак некалі аздаблялі сябе, падпарадкоўваючыся сваім мужа́м, і сьвятыя жанчыны, якія спадзяваліся на Бога.
6 Гэтак Сара слухалася Абрагама, называючы яго гаспадаром, і вы сталіся дзецьмі яе, калі робіце дабро і не палохаецеся аніякага страху.
7 Таксама і вы, мужы, жыві́це з разуменьнем з жонкамі, аддаючы ім, як найслабейшай пасудзіне, паша́ну, бо і яны — суспадчыньніцы ласкі жыцьця, каб не было перашкоды ў малітвах вашых.
8 Нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спачувайце адзін аднаму, [будзьце] браталюбныя, спагадлівыя, пачцівыя,
9 не аддавайце ліхам за ліха ці зьнявагай за зьнявагу, а, наадварот, дабраслаўляйце, ведаючы, што вы дзеля гэтага пакліканыя, каб узяць у спадчыну дабраслаўленьне.
10 Бо хто хоча жыцьцё любі́ць і бачыць добрыя дні, няхай стрымлівае язык свой ад ліхоты і вусны свае, каб не гаварылі падступна,
11 няхай ухіляецца ад ліха і робіць дабро; няхай шукае супакою і імкнецца да яго.
12 Бо вочы Госпада — на праведных, і вушы Ягоныя — да просьбаў іхніх, але аблічча Госпада — супраць тых, якія робяць ліхое.
13 І хто зробіць вам зло, калі вы станецеся пераймальнікамі добрага?
14 Але калі вы і пацярпелі за праведнасьць, вы шчасьлівыя. А страху іхняга не палохайцеся і не трывожцеся.
15 Госпада Бога сьвяціце ў сэрцах вашых. Будзьце заўсёды гатовыя даць адказ кожнаму, хто просіць у вас слова адносна вашае надзеі, з ціхасьцю і са страхам,
16 маючы добрае сумленьне, каб у тым, за што ачарняюць вас, як ліхадзеяў, былі асаромленыя тыя, якія га́няць ваш добры лад жыцьця ў Хрысьце.
17 Бо, калі хоча воля Божая, лепш цярпець, робячы добрае, чым робячы благое.
18 Бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, раз пацярпеў за грахі, Праведны — за няправедных, забіты целам, але ажыўлены Духам,
19 у Якім Ён і духам, што ў вязьні́цы, пайшоўшы, абвяшчаў,
20 тым, якія некалі не скарыліся, калі чакала іх Божае доўгацярпеньне за дзён Ноя, пры будаваньні каўчэга, у якім некалькі, гэта значыцца восем душаў, былі ўратаваныя ад вады.
21 Гэтак і нас цяпер на ўзор гэтага хрышчэньне — не абмыцьцё бруду цела, але абяцаньне Богу добрага сумленьня, — збаўляе праз уваскрасеньне Ісуса Хрыста,
22 Які, узыйшоўшы ў неба, знаходзіцца праваруч Бога, і Яму падпарадкаваныя анёлы, і ўлады, і сілы.

Першае паўсюднае пасланьне Апостала Пятра, 3 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.