Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Езэкіеля | 29 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 Дзясятага году, дзясятага месяца, двананцатага дня месяца, было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
2 «Сыну людзкі! зьвярні від свой на фараона, караля Ягіпецкага, і праракай празь яго а праз увесь Ягіпет.
3 Гукай а скажы: “Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ‘Гля, Я супроці цябе, фараоне, каролю Ягіпецкі, вялікі кракадзіле, што цікуеш сярод рэкаў сваіх, каторы казаў: “Рака мая — мая собская, і я ўчыніў яе”.
4 Я зацягну крук у шчэляпы твае і прычыню, што рыба рэк тваіх прыліпне да лускі твае, і выцягну цябе з пасярод рэк тваіх, і ўсю рыбу рэк тваіх, прыліплую да лускі твае.
5 І пакіну цябе на пустыні, цябе а ўсю рыбу рэк тваіх; ты павалішся на чыстым полю; цябе не пабяруць ані зьбяруць; зьвяром земным і птушкам нябёсным Я даў цябе на жыр.
6 І ўсі жыхары Ягіпту даведаюцца, што Я — СПАДАР, бо яны былі трысьніковаю падпораю дому Ізраеляваму.
7 Як яны браліся за цябе рукою сваёю, ты ламіўся й разьдзіраў усе плячо іхнае; і як яны апіраліся на цябе, ты ламіўся, дарма што падстанаўляў ім усі сьцёгны свае’.
8 Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: ‘Гля, Я навяду на цябе меч і выгублю ў цябе людзіну й жывёлу.
9 І будзе зямля Ягіпецкая пустынёю а разьвярненьням за тое, што ён сказаў: “Рака мая, і я ўчыніў”; і даведаюцца, што Я — СПАДАР.
10 Затым, вось, Я супроці цябе а супроці рэк тваіх, і ўчыню зямлю Ягіпецкую чыстаю пустынёю, спустошанаю ад вежы Сыена аж да граніцаў Ефіопы.
11 Ня будзе праходзіць па ёй нага людзіны, ані нага статку ня будзе праходзіць па ёй, і ня будзе яна населена сорак год.
12 І ўчыню зямлю Ягіпецкую пустынёю сярод краёў спустошаных, і месты яе меж местаў пустых будуць спустошаныя сорак год; і расьцярушу Ягіпцян меж народаў, і разьвею іх па краёх’.
13 Гэтак кажа, адылі, Спадар СПАДАР: ‘На канцу сараку год Я зьбяру Ягіпцян зь людаў, куды яны былі расьцярушаны;
14 І зьвярну палон ягіпецкі, і прычыню, што яны зьвернуцца да зямлі Пафрос, да зямлі нараджэньня свайго, і яны будуць невялічкім каралеўствам.
15 Яно будзе найніжшае з каралеўстваў і ўжо ня будзе вывышацца над народамі, бо Я зьменшу іх, каб ня радзілі народы.
16 І ня будзе ўжо спадзеваю дому Ізраеляваму, каторая прыпамінала б ім бяспраўе, як яны зварачаліся б да іх; і даведаюцца, што Я — Спадар СПАДАР’”».
17 І сталася дваццаць сёмага году, першага месяца, першага дня месяца: было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
18 «Сыну людзкі! Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, ацяжарыў войска сваё цяжкою работаю супроці Тыру: кажнага галава вылысела, і кажнага плячо абмулена, і заплаты ня было ані яму, ані войску ягонаму ад Тыру за работу, каторую ён рабіў яму».
19 Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Гля, я даю зямлю Ягіпецкую Невухаднецару, каралю Бабілёнскаму, і ён панясець багацьце ейнае, і аглабае, і здабудзе здабытак ейны, і гэта будзе заплатаю войску ягонаму.
20 За работу ягоную, каторую ён рабіў супроці яго, Я даў яму зямлю Ягіпецкую, бо яны рабілі Імне, — агалашае Спадар СПАДАР. —
21 Таго дня прычыню, што вырасьце рог дому Ізраелявага, і дам табе адчыненьне вуснаў сярод іх; і даведаюцца, што Я — СПАДАР».

Кніга прарокі Езэкіеля, 29 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.