Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэлява | 5 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I прышлі ўсі плямёны Ізраелявы да Давіда да Гэўрону, і сказалі: «Вось, мы — косьць твая й цела твае.
2 Таксама ўчорах, таксама заўчора, як Саўла караляваў над намі, ты быў тый, што выводзіў і ўводзіў Ізраеля. I сказаў СПАДАР табе: “Ты будзеш пасьціць люд Мой, Ізраеля, і ты будзеш правадыром над Ізраелям”».
3 I прышлі ўсі старцы Ізраеля да караля да Гэўрону, і зрабіў зь імі Давід змову ў Гэўроне перад СПАДАРОМ; і памазалі Давіда за караля над Ізраелям.
4 Трыццаць год было Давіду, як ён пачаў караляваць, і сорак год караляваў.
5 У Гэўроне караляваў над Юдаю сем год а шэсьць месяцаў, і ў Ерузаліме караляваў трыццаць тры гады над усім Ізраелям а Юдаю.
6 I пайшоў кароль а людзі ягоныя на Ерузалім супроці Евусэяў, жыхараў таго краю; але казалі Давіду: «Ты ня ўвыйдзеш сюды, бо вось, прысіляць цябе адступіць нявісныя а крываногія». Яны казалі: «Ня ўвыйдзе сюды Давід».
7 Але Давід узяў горад Сыён, гэта — места Давідава.
8 I сказаў Давід таго дня: «Кажны, хто забівае Евусэяў і дабярэцца да латакоў, хай забівае й кульгавых а нявісных, што ненавідзяць душу Давідаву». Затым кажуць: «Нявісныя а крываногія ня ўвыйдуць у дом».
9 І асяліўся Давід у горадзе, і назваў яго местам Давідавым, і забудаваў навокал ад Міла ўнутры.
10 I Давід ішоў наперад, і рос вялікі, і СПАДАР Бог войскаў ізь ім.
11 I прыслаў Гірам, кароль Тырскі, паслоў да Давіда, і кедры, і цесьляў, і муляроў, і яны пастанавілі дом Давіду.
12 I ўцяміў Давід, што СПАДАР зацьвердзіў яго за караля над Ізраелям і што ўзвышыў гаспадарства ягонае дзеля люду Свайго, Ізраелю.
13 I ўзяў Давід яшчэ мамошкі а жонкі зь Ерузаліму, просьле тога, як прышоў з Гэўрону. I радзіліся яшчэ ў Давіда сыны й дачкі.
14 I во ймёны тых, што радзіліся ў яго ў Ерузаліме: Шамуа а Шоваў а Нафан а Салямон
15 А Іўгар а Елішуа а Нефеґ а Яфа
16 А Елішама а Еляда а Еліфелеф.
17 I пачулі Пілішчане, што памазалі Давіда за караля над Ізраелям, і ўзышлі ўсі Пілішчане шукаць Давіда. I пачуў Давід, і зышоў да гораду.
18 А Пілішчане прышлі й разьлягліся ў даліне Рэфаім.
19 I папытаўся Давід у СПАДАРА, кажучы: «Ці йсьці імне супроці Пілішчан? ці аддасі іх у рукі мае?» I сказаў СПАДАР Давіду: «Узыйдзі, бо Я напэўна аддам Пілішчан у рукі твае».
20 I прышоў Давід да Ваал-Перацыму, і пабіў іх там Давід, і сказаў: «СПАДАР праламіў непрыяцеляў маіх перад імною, як ломе вада». Затым і названа імя месца гэнага Ваал-Перацым.
21 I пакінулі там балваны свае, а Давід ізь людзьмі сваімі панесьлі іх.
22 I далей узыходзілі Пілішчаяе, і разьлягліся ў даліне Рэфаім.
23 I папытаўся Давід у СПАДАРА, і Ён сказаў: «Ня ўзыходзь наўпярэймы ім, а зайдзі ім адзаду, і прыйдзеш да іх насупроці тутавых дзерваў.
24 I як пачуеш шастаньне ступеняў па вярхох тутавых дзерваў, то ўшчоль, бо тады пайшоў СПАДАР перад табою, каб паразіць табар Пілісцкі».
25 I зрабіў Давід, як расказаў яму СПАДАР, і пабіў Пілішчан ад Ґевы аж да ўходу твайго да Ґезэру.

Другая кніга Самуэлява, 5 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.