Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэлява | 20 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I прылучылася быць там чалавеку Велялу, наймя Шэву Біхранку, Веняміняніну, ён затрубіў у рог і сказаў: «Няма нам часьці ў Давіду, і няма нам дзелі ў Есянку; ўсі па буданох сваіх, Ізраяляне!»
2 I ўзышоў кажны Ізраелянін, замест за Давідам, за Шэваю Біхранком; Юдэі ж ліплі да караля свайго, ад Ёрдану аж да Ерузаліму.
3 І прышоў Давід да дому свайго ў Ерузаліме, і ўзяў кароль дзесяць мамошак, каторых ён пакінуў сьцерагчы дом, і памясьціў іх у доме старожы, і жывіў іх, але ня ўходзіў да іх. Гэтак яны былі замкнёныя да дня сьмерці свае ў удовіным жыцьцю.
4 I сказаў Давід Амасе: «Згукай да мяне Юдэяў за тры дні і сам стань сюды».
5 I пайшоў Амаса згукаць Юдэяў, але задлякаўся.
6 Тады Давід сказаў Авішаю: «Цяпер наробе нам ліха Шэва Біхранок болей, чымся Аўсалом; вазьмі ты служцоў спадара свайго і пажаніся за ім, каб ён не знайшоў сабе ўмацаваных местаў і ня ўцёк ад ачоў нашых».
7 I вышлі за ім людзі Ёававы а Херэфеі а Пелефеі а ўсі харобрыя, і пайшлі зь Ерузаліму гнацца за Шэваю Біхранком.
8 I як яны былі ля вялікага каменя, каторы ў Ґівеоне, то Амаса прышоў да іх. Ёаў быў паперазаўшыся, адзеўшыся ў вадзецьце свае, і на ім паперазаны меч, прымацаваны да сьцягна ў похве, каторы лёгка выходзіў зь яе і ўходзіў.
9 I сказаў Ёаў Амасе: «Як маешся, браце мой?» I схапіў Ёаў праваю рукою Амасу за бараду, каб пацалаваць яго.
10 Амаса ж не сьцярогся мяча, бытага ў Ёава ў руццэ; і гэты выцяў яго ім пад пятую скабу, і выпалі патрыхі ягоныя на зямлю, і не паўтарыў вытня, і ён памер. Ёаў а Авішай, брат ягоны, пагналіся за Шэваю Біхранком.
11 Адзін ізь дзяцюкоў Ёававых стаяў над Амасаю і гукаў: «Тый, хто прыяў Ёаву і хто належа да Давіда, ідзі за Ёавам!»
12 Амаса ж качаўся ў крыві сярод гасьцінца; і тый чалавек, абачыўшы, што ўвесь люд прыпыняецца над ім, сьцягнуў Амасу з гасьцінца на поле і накінуў на яго адзецьце, бо ён бачыў, што кажны, праходзячы, прыпыняўся над ім.
13 Як ён быў сьцягнены з гасьцінца, то ўвесь люд Ізраельскі пайшоў за Ёавам гнацца за Шэваю Біхранком.
14 А ён прайшоў пераз усі плямёны Ізраельскія аж да Авелу і Веф-Мааху і пераз увесь Берым; і зьбіраліся і йшлі таксама за ім.
15 I прышлі й абляглі яго ўв Авеле Беф-Маасе; і насыпалі вал перад местам, і прыступілі да сьцяны, і ўсі людзі, бытыя зь Ёавам, сілаваліся, каб паваліць сьцяну.
16 I закрычэла адна разумная жонка ізь сьцяны места: «Паслухайце, паслухайце, кажыце, калі ласка, Ёаву, каб ён падыйшоў сюды, і я пагутару зь ім».
17 I дабліжыўся да яе Ёаў, і сказала жонка: «Ці ты Ёаў?» I сказаў: «Я». Яна сказала: «Паслухай словаў служэбкі свае». I сказаў ён: «Слухаю».
18 Яна сказала: «Уперад гукалі, кажучы: “Папытайцеся, папытайцеся ўв Авеле”; і гэтак канчалі.
19 Я із супакойных, верных Ізраеля; а ты хочаш зьнішчыць места, ды маці ў Ізраелю. Нашто табе бурыць спадак СПАДАРОЎ?»
20 I адказаў Ёаў, і сказаў: «Крый Божа, крый Божа, каб я праглынуў альбо зьнішчыў!
21 Гэта ня так; але чалавек із гары Яхрэмавае, наймя Шэва Біхранок, падняў руку сваю на караля, на Давіда; выдайце імне яго аднаго, і я адступлю ад места». I сказала жонка Ёаву: «Вось, галава ягоная будзе кінена табе ізь сьцяны».
22 I пайшла жонка да ўсяго люду із сваім розумам; і адцялі галаву Шэву Біхранку, і кінулі Ёаву. Тады затрубіў у рог, і разышліся ад места ўсі па сваіх буданох; Ёаў жа зьвярнуўся да Ерузаліму да караля.
23 I быў Ёаў над усім войскам Ізраельскім, а Веная Егоядзёнак — над Херэфеямі а над Пелефеямі;
24 Адорам — над падачкамі; Ясапат Агілудзёнак — летапісьменьнік;
25 Шэва — пісар; Садок а Авафар — сьвятары;
26 Таксама й Іра Яіранін быў служцом у Давіда.

Другая кніга Самуэлява, 20 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.