Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэлява | 11 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 І было за год, у тым часе, як выходзяць каралі, што Давід паслаў Ёава а слугаў сваіх ізь ім а ўсіх Ізраелцаў, і яны зьнішчылі сыноў Амонавых, і абляглі Раўву; Давід жа заставаўся ў Ерузаліме.
2 Аднойчы адвячоркам, Давід, устаўшы з пасьцелі свае, праходжаваўся па страсе каралеўскага дому, і абачыў із страхі жонку, каторая мылася; а тая жонка была вельма пазорная.
3 I паслаў Давід, і распытаўся праз жонку. I сказалі: «Ці гэта не Батшэва Елямішка, жонка Уры Гэціча?»
4 I паслаў Давід пасланцоў, і ўзяў яе, і яна прышла да яго, і ён ляжаў ізь ёю. I яна ачысьцілася ад нечысьці свае, і зьвярнулася да дому свайго.
5 І зацяжарыла жонка гэна, і паслала, і наказала Давіду, і сказала: «Я цяжарная».
6 I паслаў Давід Ёаву: «Прышлі да мяне Уру Гэціча». I паслаў Ёаў Уру да Давіда.
7 I прышоў Ура да яго, і распытаў Давід, як маўся Ёаў, як маўся люд і як удавалася вайна.
8 I сказаў Давід Уры: «Зыйдзі двору й памый ногі свае». І вышаў Ура з дому каралеўскага, а за ім панесьлі й каралеўскую ежу.
9 Але Ура ляжаў ля ўходу каралеўскага дому з усімі слугамі спадара свайго, і ня зышоў да дому свайго.
10 I паведамілі Давіду, кажучы: «Ня зышоў Ура да дому свайго». I сказаў Давід Уры: «Ці не з дарогі прышоў ты: чаму ж ты ня зышоў да дому свайго?»
11 I сказаў Ура Давіду: «Скрыня а Ізраель а Юда жывуць у буданох, і спадар мой Ёаў і слугі спадара майго разьлягліся ў полю, а я ўвыйшоў бы ў дом свой есьці а піць а ляжаць із маёю жонкаю! клянуся тваім жыцьцём а жыцьцём душы твае, я гэтага не зраблю».
12 I сказаў Давід Уры: «Будзь тут і на гэты вечар, а заўтра я адпушчу цябе». I быў Ура ў Ерузаліме гэты дзень і да заўтрага.
13 I гукнуў яго Давід, і еў Ура перад ім, і піў, і ўпаіў яго. Але ўвечары пайшоў спаць на пасьцелю сваю із слугамі СПАДАРА, а да дому свайго не пайшоў.
14 Нараніцы Давід напісаў ліст Ёаву і паслаў Урам.
15 I ён напісаў у лісьце, кажучы: «Прывядзіце Уру супроці цэнтру наймацнейшае бітвы і адступіцеся ад яго, і будзе забіты, і памрэць».
16 I сталася, як Ёаў назіраў места, то пастанавіў ён Уру на такім месцу, праз каторае ведаў, што там харобрыя людзі.
17 I вышлі людзі месцкія, і ваявалі зь Ёавам, пала колькіх зь люду, із слугаў Давідавых; і памер таксама й Ура Гэціч.
18 I паслаў Ёаў, і наказаў Давіду праз усе што да вайны.
19 I расказаў пасланцу, кажучы: «Як скончыш гукаць каралю ўсе праз вайну,
20 То будзе, калі загневаецца кароль і скажа табе: “Нашто вы дабліжыліся да места, каб ваяваць? Хіба вы ня ведалі, што ізь сьцяны будуць страляць на вас?
21 Хто забіў Авімелеха Ерувешэфёнка? Ці ня жонка кінула на яго ізь сьцяны верхні жарнавы камень, і ён памер у Февецу? Чаму ж вы дабліжыліся да сьцяны?” тады ты скажы: “І слуга твой Ура Гэціч таксама памер”».
22 I пайшоў пасланец, і прышоў, і наказаў Давіду праз усе, дзеля чаго паслаў яго Ёаў.
23 I сказаў пасланец Давіду: «Перамагалі нас тыя людзі, і вышлі да нас у поле, і мы гналі іх аж да ўходу ў браму;
24 Тады стралялі стралцы на слугаў тваіх ізь сьцяны, і памерлі із слугаў каралёвых, і таксама слуга твой Ура Гэціч памер».
25 Тады сказаў Давід пасланцу: «Гэтак скажы Ёаву: “Хай ня будзе ліха ў ваччу тваім гэта, бо меч жарэць так і сяк; пасілі бітву сваю супроці места, і парухай яго”. I асьмель яго».
26 I пачула жонка Урынава, што памер Ура, муж ейны, і плакала па спадару сваім.
27 Як скончыўся час плачу, Давід паслаў і ўзяў яе да дому свайго, і яна стала яго жонкаю, і нарадзіла яму сына. I была ліхая гэтая справа ў ваччу СПАДАРОВЫМ, каторую зрабіў Давід.

Другая кніга Самуэлява, 11 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.