Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Адкрыцьцё | 21 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля прамінулі, і мора ўжо няма.
2 І я, Ян, убачыў горад сьвяты, новы Ерусалім, які зыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны як нявеста, аздобленая дзеля мужа свайго.
3 І пачуў я голас вялікі з неба, які казаў: «Вось, намёт Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі; і яны будуць народам Ягоным, і Сам Бог будзе з імі Богам іхнім.
4 І абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхніх; і сьмерці ўжо ня будзе, і ня будзе ўжо ані плачу, ані крыку, ані болю, бо ранейшае прамінула».
5 І сказаў Той, Які сядзіць на пасадзе: «Вось, Я раблю ўсё новае». І кажа мне: «Напішы, бо гэтыя словы праўдзівыя і верныя».
6 І сказаў мне: «Сталася. Я — Альфа і Амэга, Пачатак і Канец. Таму, хто смагне, Я дам з крыніцы вады жыцьця дарма.
7 Той, хто пераможа, возьме ў спадчыну ўсё, і Я буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам.
8 А для палахлівых і няверных, і брыдотных, і забойцаў, і распусьнікаў, і чараўнікоў, і ідалапаклоньнікаў, і ўсіх хлусьлівых частка іхняя — у возеры, якое палае агнём і серкаю. Гэта — другая сьмерць».
9 І прыйшоў да мяне адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чараў, напоўненых сямю апошнімі плягамі, і загаварыў са мною, кажучы: «Хадзем, пакажу табе жанчыну, нявесту Ягняці».
10 І ён павёў мяне ў духу на вялікую і высокую гару, і паказаў мне горад вялікі, сьвяты Ерусалім, які зыходзіць з неба ад Бога
11 і мае славу Божую. І сьвятло ягонае падобнае да найкаштоўнейшага камяня, накшталт камяня ясьпісу, што зіхціць, як крышталь.
12 І ён мае мур вялікі і высокі, і мае дванаццаць брамаў, і на брамах — дванаццаць анёлаў і напісаныя імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраіля:
13 ад усходу — тры брамы, ад поўначы — тры брамы, ад поўдня — тры брамы, ад захаду — тры брамы.
14 І мур гораду мае дванаццаць падмуркаў, і на іх — імёны дванаццаці апосталаў Ягняці.
15 І той, які гаварыў са мною, меў трысьціну залатую, каб абмераць горад, і брамы ягоныя, і мур ягоны.
16 І горад ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня ягоная такая самая, як і шырыня. І ён абмераў горад трысьцінай на дванаццаць тысячаў стадыяў; і даўжыня, і шырыня, і вышыня ягоныя аднолькавыя.
17 І ён абмераў мур ягоны на сто сорак чатыры локці меры чалавечае, якая і анёльская.
18 І мур быў пабудаваны з ясьпісу; а горад — з чыстага золата, падобнага да шкла чыстага.
19 І падмуркі муру гораду аздобленыя ўсякім каштоўным камянём: першы падмурак — я́сьпісам, другі — сапфірам, трэці — хальцэдонам, чацьвёрты — шмара́гдам,
20 пяты — сардоніксам, шосты — сардам, сёмы — хрызалітам, восьмы — бэры́лем, дзявяты — тапазам, дзясяты — хрызапразам, адзінаццаты — гіяцынтам, дванаццаты — амэтыстам.
21 І дванаццаць брамаў — з дванаццаці пэрлінаў, кожная брама — з аднае пэрліны. І вуліца гораду — з чыстага золата, празрыстага, як шкло.
22 І бажніцы ў ім ня ўбачыў я, бо Госпад, Бог Усеўладны, і Ягня — гэта бажніца ягоная.
23 І горад ня мае патрэбы ані ў сонцы, ані ў месяцы, каб асьвятлялі яго, бо слава Божая асьвяціла яго, і сьветач ягоны — Ягня.
24 І народы збаўленых будуць хадзіць у сьвятле ягоным, і валадары зямныя прынясуць у яго славу і гонар свае.
25 І брамы ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе.
26 І прынясуць у яго славу і гонар народаў.
27 І ня ўвойдзе ў яго ніхто апаганены і той, хто чы́ніць агіду і хлусьню, а толькі запісаныя ў кнізе жыцьця Ягняці.

Адкрыцьцё Яна Багаслова, 21 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.