Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Гебраям | 7 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Бо гэты Мэльхісэдэк, валадар Салему, сьвятар Бога Найвышэйшага, які сустрэў Абрагама, калі той вяртаўся пасьля разгрому валадароў, і дабраславіў яго,
2 і якому дзесяціну ад усяго аддзяліў Абрагам, па-першае, перакладаецца як Валадар праведнасьці, а пасьля ён — валадар Салему, гэта ёсьць Валадар супакою,
3 бяз ба́цькі, бяз маці, без радаводу, які ня ма́е ані пачатку дзён, ані канца жыцьця, падобны да Сына Божага, застаецца сьвятаром назаўсёды.
4 Бачыце, які вялікі той, якому нават Абрагам патрыярх даў дзесяціну са здабычы.
5 Тыя з сыноў Левія, якія атрымліваюць сьвятарства, маюць прыказаньне паводле Закону браць дзесяціну з народу, гэта ёсьць з братоў сваіх, хаця і яны выйшлі з паясьніцы Абрагама.
6 А ён, які не паходзіць з іх, узяў дзесяціну ад Абрагама і дабраславіў таго, які меў абяцаньні.
7 Без усялякае спрэчкі меншы дабраслаўляецца большым.
8 І тут дзесяціны атрымліваюць людзі сьмяротныя, а там — той, пра якога сьведчыцца, што жыве.
9 І, можна так сказаць, праз Абрагама ўзята дзесяціна і з Левія, які сам атрымлівае дзесяціны,
10 бо ён быў яшчэ ў паясьніцы ба́цькі, калі сустрэў яго Мэльхісэдэк.
11 Дык, калі б усё зьдзейсьнілася праз сьвятарства лявітаў, бо народ разам з ім атрымаў Закон, якая яшчэ [была б] патрэба паўставаць іншаму сьвятарству паводле парадку Мэльхісэдэка, і не паводле парадку Аарона называцца?
12 Бо разам з пераменай сьвятарства патрэбна, каб сталася і зьмена Закону.
13 Бо Той, пра Якога гаворыцца гэтае, належаў да другога калена, з якога ніхто не прыступаў да ахвярніка.
14 Бо відочна, што Госпад наш узыйшоў з калена Юды, а пра гэтае калена Майсей нічога не сказаў адносна сьвятарства.
15 І гэта яшчэ больш зразумела, калі паводле падабенства Мэльхісэдэка паўстае іншы Сьвятар,
16 Які не паводле Закону прыказаньня цялеснага стаўся, але паводле моцы незьнішчальнага жыцьця.
17 Бо засьведчыў [Бог]: «Ты — сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка».
18 Бо раней быўшае прыказаньне адкінута праз слабасьць яго і некарыснасьць,
19 бо Закон нічога ня споўніў, але ўводзіцца лепшая надзея, праз якую мы набліжаемся да Бога.
20 І як усё [гэта было] не без прысягі,
21 бо тыя ставаліся сьвятарамі без прысягі, а Гэты — з прысягай Таго, Які гаварыў пра Яго: «Прысягнуў Госпад і не раскаецца: Ты — сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка»,
22 нагэтулькі лепшага запавету Паручальнікам стаўся Ісус.
23 І тых сьвятароў было шмат дзеля таго, што сьмерць забараняла [некаму] затрымацца,
24 а Гэты праз тое, што застаецца на вякі, ма́е сьвятарства, якое не адступаецца [ад Яго],
25 таму Ён і можа цалкам збаўляць тых, якія прыходзяць праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб заступацца за іх.
26 Бо Гэткага трэба нам Першасьвятара, сьвятога, нявіннага, беззаганнага, адлучанага ад грэшнікаў і ўзвышанага па-над нябёсы,
27 Які ня ма́е патрэбы штодня, як тыя першасьвятары, прыносіць ахвяры спачатку за свае грахі, пасьля за [грахі] народу, бо Ён зрабіў гэта аднойчы, прынёсшы [ў ахвяру] Сябе.
28 Бо Закон стаўляе за першасьвятароў людзей, якія маюць нядужасьць, а слова прысягі, што пасьля Закону, [паставіла] Сына, дасканалага на вякі.

Пасланьне да Гебраяў Апостала Паўла, 7 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.