Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Гебраям | 11 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 А вера ёсьць пэўнасьць у тым, чаго спадзяемся, перакананасьць у рэчах нябачных.
2 Бо ў ёй засьведчаны старэйшыя [нашыя].
3 Вераю разумеем, што вякі наладжаны словам Божым, каб з няяўнага сталася бачнае.
4 Вераю Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, праз што атрымаў сьведчаньне, што ён — праведны, [бо гэта] засьведчыў Бог пра дары ягоныя; і праз яе ён, памёршы, яшчэ гаворыць.
5 Вераю Энох быў перанесены, што ня ўбачыў сьмерці; і не знайшлі яго, бо перанёс яго Бог. Бо перад перанясеньнем ягоным было засьведчана, што ён спадабаўся Богу.
6 А бяз веры спадабацца [Богу] немагчыма, бо той, хто прыходзіць да Бога, мусіць верыць, што Ён ёсьць і тым, хто шукае Яго, нагароду дае.
7 Вераю Ной, атрымаўшы слова пра тое, што яшчэ не было бачным, у багабойнасьці пабудаваў каўчэг дзеля збаўленьня дому свайго; ёю ён асудзіў сьвет і паводле веры стаўся спадкаемцам праведнасьці.
8 Вераю Абрагам, калі быў пакліканы, падпарадкаваўся, каб ісьці ў месца, якое меў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не разумеючы, куды ідзе.
9 Вераю вандраваў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, жывучы́ ў намётах з Ісаакам і Якубам, суспадчыньнікамі таго самага абяцаньня;
10 бо ён чакаў гораду, які ма́е падмуркі, якога майстар і дойлід — Бог.
11 Вераю і сама Сара атрымала сілу на зачацьце насеньня і не па часе веку нарадзіла, бо верным прызнавала Таго, Які абяцаў.
12 І дзеля гэтага ад аднаго, і пры гэтым амярцьвелага, нарадзілася гэтак шмат, як зорак у небе і як незьлічоны пясок на ўзьбярэжжы мора.
13 Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцаньняў, але толькі здалёк бачачы іх, і маючы пэўнасьць, і вітаючы [іх], і прызнаючы, што яны — чужынцы і вандроўнікі на зямлі.
14 Бо тыя, што гэтак кажуць, паказваюць, што яны бацькаўшчыну шукаюць.
15 І, калі б яны памяталі тую, з якое выйшлі, мелі б час вярнуцца.
16 Але яны лепшага жадалі, гэта ёсьць нябеснага; дзеля гэтага Бог не саромеецца іх, каб іхнім Богам называцца, бо Ён падрыхтаваў ім горад.
17 Вераю Абрагам, спакуша́ны, прынёс [у ахвяру] Ісаака, і прынёс адзінароднага, якога прыняў як абяцаньне,
18 пра якога было сказана: «У Ісааку будзе названае насеньне табе»,
19 бо ён лічыў, што Бог ма́е моц і з мёртвых уваскрасіць, дзеля чаго і атрымаў яго як прыклад.
20 Вераю ў будучае дабраславіў Ісаак Якуба і Эза́ва.
21 Вераю Якуб, паміраючы, дабраславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся на верх кі́я свайго.
22 Вераю Язэп, кана́ючы, пра выхад сыноў Ізраіля нагадаў і загадаў наконт костак сваіх.
23 Вераю Майсей па нараджэньні тры месяцы быў хаваны бацька́мі сваімі, бо яны бачылі, што хлопчык мілы [Богу], і не спалохаліся валадарскага загаду.
24 Вераю Майсей, стаўшыся дарослым, адмовіўся называцца сы́нам дачкі фараона
25 і выбраў лепш пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую прыемнасьць грэху,
26 зьнявагу Хрыстовую палічыўшы большым багацьцем, чым скарбы эгіпецкія; бо ён на нагароду ўглядаўся.
27 Вераю пакінуў ён Эгіпет, не спалохаўшыся ярасьці валадарскай, бо непахісны быў, быццам бачачы Нябачнага.
28 Вераю ўчыніў ён Пасху і праліцьцё крыві, каб не крануў іх той, які нішчыў першародных.
29 Вераю перайшлі яны праз Чырвонае мора, як па сухім; на што спакусіўшыся, Эгіпцяне былі патопленыя.
30 Вераю ўпалі муры́ Ерыхону, як абыходзілі [іх] сем дзён.
31 Вераю Рахаў распусьніца, з супакоем прыняўшы выведчыкаў, не загінула з тымі, якія не скарыліся.
32 І што яшчэ скажу? Бо ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, Бара́ка, пра Самсона і Ефта́я, пра Давіда і Самуэля, і пра прарокаў,
33 якія вераю перамагалі валадарствы, чынілі праведнасьць, атрымлівалі абяцаньні, загароджвалі пашчы ільвоў,
34 тушылі сілу агню, уцякалі ад вострыва мяча, умацоўваліся ад слабасьці, ставаліся дужымі ў бітве, прымушалі ўцякаць табары чужынцаў,
35 жонкі атрымлівалі памёршых сваіх уваскрошанымі; а іншыя былі замучаныя, не дачакаўшыся адкупленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрашэньне,
36 іншыя паспыталі зьдзекаў і тарту́раў, а яшчэ пу́таў і вязьніцы,
37 былі каменава́ныя, пілава́ныя, спакуша́ныя, былі забіва́ныя мячом, бадзя́ліся ў авечых і казіных скурах, маючы нястачу, прыгнёт, нягоды;
38 тыя, якіх сьвет ня быў варты, туляліся па пустынях і горах, па пячорах і шчылінах зямлі.
39 І ўсе яны, што засьведчаныя вераю, не атрымалі абяцаньня,
40 бо Бог прадугледзеў адносна нас нешта лепшае, каб яны не бяз нас асягнулі дасканаласьць.

Пасланьне да Гебраяў Апостала Паўла, 11 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.