Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Карыньцянам | 3 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І я ня мог гаварыць вам, браты, як духоўным, але як цялесным, як немаўлятам у Хрысьце.
2 Я паіў вас малаком, а не [карміў] ежай, бо вы былі яшчэ нямоглыя, дый цяпер яшчэ нямоглыя.
3 Бо вы яшчэ цялесныя. Бо калі між вамі зайздрасьць, сваркі і нязгода, дык ці не цялесныя вы і ці не па-чалавечаму ходзіце?
4 Бо калі адзін кажа: «Я — Паўлавы», а другі: «Я — Апалёсавы», ці не цялесныя вы?
5 Хто Павал? Хто Апалёс? Яны толькі служыцелі, праз якіх вы паверылі, і кожны такі, як даў Госпад.
6 Я пасадзіў, Апалёс паліваў, але расьціў Бог.
7 Так што ані той, які садзіў, ані той, які паліваў, ня ёсьць некім, але Той, Які дае расьці, — Бог.
8 А хто садзіць і хто палівае, ёсьць адно, і кожны атрымае сваю нагароду паводле сваёй працы.
9 Бо мы — супрацоўнікі Божыя, а вы — Божая ніва, Божая пабудова.
10 Я, паводле дадзенай мне ласкі Божай, як мудры будаўнічы, залажыў падмурак, а другі будуе [на ім]. Кожны няхай глядзіць, як будуе.
11 Бо ніхто ня можа залажыць іншага падмурку, апрача пастаўленага, які ёсьць Ісус Хрыстос.
12 А калі хто будуе на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы, —
13 работа кожнага выявіцца; бо дзень пакажа, таму што ў вагні адкрываецца, і агонь выспрабуе работу кожнага, якая яна ёсьць.
14 Калі чыя работа, якую ён будаваў, застанецца, той атрымае нагароду.
15 Калі чыя работа згарыць, той згубіць яе, сам жа будзе збаўлены, але так, як праз вагонь.
16 Ці вы ня ведаеце, што вы — бажніца Божая, і Дух Божы жыве ў вас?
17 Калі хто зьнішчыць бажніцу Божую, таго зьнішчыць Бог, бо бажніца Божая сьвятая, а гэтая [бажніца] — вы.
18 Ніхто няхай ня зводзіць сам сябе. Калі хто з вас думае быць мудрым у гэтым веку, няхай будзе дурным, каб быць мудрым.
19 Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць глупства перад Богам, бо напісана: «Ён ловіць мудрых у падступнасьці іхняй».
20 І зноў: «Госпад ведае думкі мудрых, што яны марныя».
21 Так што ніхто няхай ня хва́ліцца між людзей, бо ўсё вашае:
22 ці Павал, ці Апалёс, ці Кіфа, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяперашняе, ці будучае, — усё вашае;
23 вы ж — Хрыстовыя, а Хрыстос — Божы.

Першае пасланьне да Карыньцянаў Апостала Паўла, 3 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.