Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Фэст, прыйшоўшы ў сваю правінцыю, праз тры дні ўзыйшоў з Цэзарэі ў Ерусалім.
2 А першасьвятары і першыя з Юдэяў выступілі перад ім супраць Паўла і малілі яго,
3 просячы ў яго ласкі, каб ён выклікаў [Паўла] ў Ерусалім, учыніўшы змову, каб забіць яго ў дарозе.
4 Тады Фэст адказаў, што Паўла пільнуюць у Цэзарэі, а сам ён ма́е неўзаба́ве выйсьці [туды].
5 «Дык хто з вас можа, — кажа ён, — няхай ідуць [са мною], і, калі ёсьць нешта на чалавеку гэтым, няхай яго вінавацяць».
6 А прабыўшы ў іх больш за дзесяць дзён, зыйшоў у Цэзарэю і на заўтра, сеўшы на судовым пасадзе, загадаў прывесьці Паўла.
7 Калі ж той прыйшоў, абступілі яго Юдэі, якія прыйшлі з Ерусаліму, прыносячы супраць Паўла шмат цяжкіх абвінавачваньняў, якіх не маглі давесьці.
8 Ён жа адказваў, што ні ў чым не саграшыў ані супраць Закону Юдэйскага, ані супраць сьвятыні, ані супраць цэзара.
9 А Фэст, хочучы зрабіць ласку Юдэям, адказваючы Паўлу, сказаў: «Ці хочаш, узыйшоўшы ў Ерусалім, там быць суджаны мною за гэта?»
10 А Павал сказаў: «Я стаю перад судовым пасадам цэзара, дзе я мушу быць суджаным. Юдэяў нічым я ня скрыўдзіў, як і ты добра ведаеш.
11 Бо калі я зрабіў нейкую крыўду і нешта, вартае сьмерці, не адмаўляюся памерці; а калі няма нічога, у чым яны мяне вінавацяць, ніхто ня можа выдаць ім мяне. Прызываю [суд] цэзара!»
12 Тады Фэст, пагутарыўшы з радаю, адказаў: «Прызываеш цэзара? Да цэзара пойдзеш».
13 А калі мінула некалькі дзён, валадар Агрыпа і Бэрніка прыйшлі ў Цэзарэю прывітаць Фэста.
14 Калі ж былі яны там шмат дзён, Фэст прадставіў валадару́ справу Паўла, кажучы: «Ёсьць нейкі чалавек, пакінуты Фэліксам як вязень,
15 супраць якога, калі я быў у Ерусаліме, выступалі першасьвятары і старшыні юдэйскія, просячы прысуду на яго.
16 Я адказаў ім, што ў Рымлянаў няма звычаю выдаваць нейкага чалавека на сьмерць перш, чым вінавачаны будзе мець перад абліччам абвінавальнікаў і атрымае месца дзеля абароны ад абвінавачваньня.
17 Дык калі яны зыйшліся, я, ня робячы аніякай затрымкі, на другі дзень, сеўшы на судовы пасад, загадаў прывесьці гэтага чалавека.
18 Абвінавальнікі, абступіўшы яго, не прынесьлі супраць яго аніякае віны, якой я спадзяваўся,
19 а мелі яны з ім нейкія спрэчкі пра іхнюю рэлігію і пра нейкага памёршага Ісуса, пра Якога Павал цьвердзіў, што Ён жывы.
20 Зьбянтэжаны гэтай спрэчкаю, я сказаў, ці хоча ён ісьці ў Ёрусалім і там быць суджаным за гэта.
21 А як Павал запатрабаваў, каб яго пільнавалі дзеля разгляду Аўгуста, я загадаў пільнаваць яго, пакуль не пашлю яго да цэзара».
22 Агрыпа ж мовіў да Фэста: «Хацеў бы і я сам пачуць гэтага чалавека». А той кажа: «Заўтра пачуеш яго».
23 Дык на заўтра, калі Агрыпа і Бэрніка прыйшлі з вялікай пышнасьцю і ўвайшлі ў судовую залю разам з тысячнікамі і найпаважнейшымі мужамі гораду, на загад Фэста быў прыведзены Павал.
24 І прамовіў Фэст: «Валада́ру Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы! Вы бачыце таго, адносна якога ўсё мноства Юдэйскае прасіла мяне і ў Ерусаліме, і тут, крычучы, што не належыцца яму больш жыць.
25 Але я не спасьцярог, каб ён зрабіў нешта вартае сьмерці, і як ён сам прызваў Аўгуста, я судзіў паслаць яго.
26 Ды ня ма́ю нічога пэўнага напісаць гаспадару́. Дзеля гэтага прывёў яго да вас, і асабліва да цябе, валада́ру Агрыпа, каб, учыніўшы допыт, я меў, што напісаць.
27 Бо неразумным здаецца мне, пасылаючы вязьня, нават не пазначыць абвінавачваньня супраць яго».

Дзеі Апосталаў, 25 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.