Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 А калі прысудзілі нам плыць у Італію, Паўла і некаторых іншых вязьняў аддалі сотніку з кагорты Аўгуста, на імя Юлі.
2 Узыйшоўшы ж на Адраміцкі карабель, які меў плысьці ўздоўж месцаў Азійскіх, мы вырушылі, маючы з сабой Арыстарха, Македонца з Тэсалонік,
3 і на другі дзень прысталі да Сідону. І Юлі, які абыходзіўся з Паўлам па-людзку, дазволіў яму пайсьці да сяброў і атрымаць адпачынак.
4 Вырушыўшы адтуль, мы прыплылі да Кіпру, бо вятры былі супраціўныя.
5 І пераплыўшы мора насупраць Кілікіі і Памфіліі, мы зыйшлі ў Мірах Лікійскіх.
6 Там сотнік, знайшоўшы Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, пасадзіў нас на яго.
7 Плывучы ж памалу даволі дзён і ледзь апынуўшыся насупраць Кніду, бо вецер не дазваляў нам, прыплылі мы да Крыту насупраць Сальмону.
8 І, ледзьве праплыўшы паўз яго, мы прыйшлі да нейкага месца, называнага Добрыя Затокі, ад якога блізка горад Лясэя.
9 А калі мінула даволі часу, і плаваньне было ўжо небясьпечнае, бо ўжо і пост прамінуў, ра́дзіў Павал,
10 кажучы ім: «Мужы! Я бачу, што плаваньне ма́е быць са шкодаю і многімі стратамі ня толькі для ладунку і карабля, але і для душаў нашых».
11 А сотнік больш даверыўся корніку і гаспадару́ карабля, чым таму, што казаў Павал.
12 А як затока не была прыстасаваная для зімаваньня, большасьць давала параду плысьці адтуль, каб можна было перазімаваць, дабраўшыся да Фініку, Крыцкае затокі, што ляжыць насупраць паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру.
13 Калі ж павеяў паўднёвы вецер, яны, думаючы, што атрымалі жаданае, выправіўшыся, паплылі паўз Крыт.
14 Неўзабаве наляцеў бурны вецер, называны Эўраклідон.
15 А калі карабель падхапіла і ён ня мог працівіцца ветру, мы здаліся, і нас панесла.
16 Наляцеўшы ж на нейкую выспачку, называную Кляўда, мы ледзь здолелі ўтрымаць човен.
17 Падняўшы яго, узяліся за помачы, абвязваючы карабель, і, баючыся, каб ня быць выкінутымі на мялізну, спусьцілі ветразь і гэтак насіліся.
18 А як бура крэпка кідала нас, на другі дзень выкінулі тавары,
19 а на трэці дзень мы сваімі рукамі павыкідалі карабельны рыштунак.
20 А калі шмат дзён не сьвяціла ані сонца, ані зоркі, і немалая бура налягала, нарэшце прапала ўсякая надзея, каб нам выратавацца.
21 А як мы доўга былі няеўшы, Павал, стаўшы пасярод, сказаў: «Мужы, трэба было, паслухаўшыся мяне, ня плысьці ад Крыту і пазьбегнуць гэтае шкоды і страты.
22 І цяпер раджу вам, падбадзёрцеся, бо ня будзе згубленая ніводная душа сярод вас, акрамя карабля.
23 Бо стаў перада мною ў гэтую ноч анёл Бога, Якому я прыналежу і Якому служу,
24 і сказаў: “Ня бойся, Паўле! Ты мусіш стаць перад цэзарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою”.
25 Дзеля гэтага падбадзёрцеся, мужы, бо я веру Богу, што будзе паводле таго, як мне было сказана,
26 і мы мусім быць выкінутыя на нейкі востраў».
27 А як настала чатырнаццатая ноч, што нас насіла па Адрыятыцы, каля сярэдзіны ночы маракі сталі спадзявацца, што падыходзім да нейкае зямлі.
28 І, памераўшы, знайшлі дваццаць сажняў. А крыху адплыўшы і зноў памераўшы, знайшлі пятнаццаць сажняў.
29 І, баючыся, каб ня быць выкінутымі на скалістыя месцы, скінуўшы з карна чатыры якары, чакалі дня.
30 А калі маракі шукалі, каб уцячы з карабля, і спускалі ў мора човен, паказваючы, быццам маюць скінуць якары з носу,
31 Павал сказаў сотніку і жаўнерам: «Калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце збавіцца».
32 Тады жаўнеры паабсякалі вяроўкі ад чаўна і далі яму ўпасьці.
33 А перад настаньнем дня Павал прасіў усіх прыняць ежу, кажучы: «Сёньня чатырнаццаты дзень, як вы, чакаючы, застаяцёся ня еўшы і нічога не прыймаючы.
34 Дзеля гэтага прашу вас прыняць ежу, бо гэта будзе дзеля вашага выратаваньня, бо нікому з вас волас з галавы не ўпадзе».
35 А сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, пераламіўшы, пачаў есьці.
36 І ўсе, падбадзёрыўшыся, прынялі ежу.
37 Было ж усіх на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць душ.
38 Насыціўшыся ежай, мы палегчылі карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.
39 А як настаў дзень, не пазналі зямлі, але ўгледзелі нейкую затоку, якая мела бераг, да якога пастанавілі, калі магчыма, прыстаць з караблём.
40 І, адкінуўшы якары, пайшлі па моры, і, адвязаўшы стырно і наставіўшы жагель па ветры, кіраваліся да берагу.
41 А натрапіўшы на касу, карабель сеў на мялізну, і нос, завязшы, заставаўся нерухомы, а карно разьбівалася сілаю хваляў.
42 Жаўнеры зрабілі пастанову, каб вязьняў пазабіваць, каб хто, выплыўшы, ня ўцёк.
43 Сотнік жа, хочучы ўратаваць Паўла, забараніў іхнюю пастанову і загадаў тым, якія могуць плаваць, скочыўшы першымі, выйсьці на зямлю,
44 а рэшце [плысьці] каму на дошках, каму на чым іншым з карабля. І гэтак сталася, што ўсе ўратаваліся на зямлю.

Дзеі Апосталаў, 27 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.