Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 А калі сьціхла замяшаньне, Павал, паклікаўшы вучняў і разьвітаўшыся, пайшоў, каб ісьці ў Македонію.
2 Прайшоўшы ж тыя краіны і многімі словамі падбадзёрыўшы іх, прыйшоў у Грэцыю.
3 І прабыўшы тры месяцы, калі сталася змова супраць яго ў Юдэяў, вырушыў у Сірыю, і прыйшла яму думка вярнуцца праз Македонію.
4 А праводзілі яго да Азіі Сапатэр з Бэрэі, а з Тэсалонцаў — Арыстарх і Сэкунд, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з Азійцаў — Тыхік і Трафім.
5 Яны, апярэдзіўшы, чакалі на нас у Траадзе.
6 А мы паплылі былі пасьля дзён праснакоў з Філіпаў і праз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе былі сем дзён.
7 А ў першы дзень пасьля суботы, калі вучні сабраліся пераламіць хлеб, Павал вёў гутарку з імі, маючы на заўтра выйсьці, і зацягнуў слова да паўночы.
8 Было ж даволі лямпаў у залі, дзе яны сабраліся.
9 А нейкі юнак, на імя Эўтых, які сядзеў на вакне і глыбока заснуў, як Павал доўга вёў гутарку, змораны ў сьне, упаў з трэцяга паверху ўніз і быў падняты мёртвы.
10 Павал жа, зыйшоўшы, упаў да яго і, абняўшы, сказаў: «Не хвалюйцеся, бо душа ягоная ў ім».
11 І, узыйшоўшы і пераламіўшы хлеб, і пакаштаваўшы, гутарыў даволі аж да сьвітаньня, і гэтак пайшоў.
12 А хлопца таго прывялі жывога і ўсьцешыліся нямала.
13 А мы, пайшоўшы наперад да карабля, вырушылі ў Ас, маючы забраць адтуль Паўла, бо гэтак ён загадаў, маючы сам ісьці пехатою.
14 Калі ж ён зыйшоўся з намі ў А́се, узяўшы яго, мы прыйшлі ў Мітылену.
15 Паплыўшы адтуль, мы на заўтра былі насупраць Хіёса, а на наступны дзень прысталі да Самосу і, пабыўшы ў Трагільлі, наступнага дня прыйшлі ў Мілет,
16 бо Павал судзіў абмінуць Эфэс, каб не губляць часу ў Азіі, бо ён сьпяшаўся быць, калі магчыма, у дзень Пяцідзясятніцы ў Ерусаліме.
17 А з Мілету, паслаўшы ў Эфэс, ён паклікаў старостаў царквы.
18 Калі ж яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: «Вы ведаеце, як я ад першага дня, у які прыйшоў у Азію, увесь час быў з вамі,
19 служачы Госпаду з усёй пакораю і з многімі сьлязьмі і спакусамі, якія здараліся са мною ад змоваў Юдэйскіх,
20 як не абмінуў я нічога карыснага, каб не абвясьціць вам і не навучаць вас перад грамадою і па дамах,
21 сьведчачы і Юдэям, і Грэкам пра навяртаньне да Бога і пра веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.
22 І вось цяпер, зьвязаны Духам, іду я ў Ерусалім, ня ведаючы, што там сустрэне мяне,
23 адно Дух Сьвяты сьведчыць па гарадах, кажучы, што чакаюць мяне путы і прыгнёт.
24 Але я аніяк не зважаю на гэта і ня дбаю пра сваё жыцьцё, абы толькі ў радасьці скончыць бег мой і служэньне, якое атрымаў ад Госпада Ісуса — сьведчыць пра Эва́нгельле ласкі Божае.
25 І цяпер вось ведаю, што больш ня ўгледзіце аблічча майго вы ўсе, сярод якіх я хадзіў, абвяшчаючы Валадарства Божае.
26 Дзеля гэтага сьведчу вам у сёньняшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх,
27 бо не ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.
28 Дык сьцеражыце самі сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас за епіскапаў пасьвіць царкву Божую, якую Ён здабыў уласнай крывёю.
29 Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго прыйдуць да вас ваўкі лютыя, якія ня будуць шкадаваць статак,
30 і спасярод вас саміх паўстануць людзі, якія будуць гаварыць сапсавана, каб пацягнуць вучняў за сабою.
31 Дзеля гэтага чувайце, памятаючы, што я тры гады ўдзень і ўначы не пераставаў са сьлязьмі настаўляць кожнага з вас.
32 І цяпер я аддаю вас, браты, Богу і слову ласкі Ягонае, што можа збудаваць і даць вам спадчыну з усімі, хто асьвечаны.
33 Ані срэбра, ані золата, ані адзеньня я ні ад каго не жадаў.
34 Вы ж самі ведаеце, што ў патрэбах маіх і тых, што былі са мною, паслугавалі рукі гэтыя.
35 У-ва ўсім перасьцерагаў я вас, што, гэтак працуючы, мусім падтрымліваць нядужых і памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён сказаў: “Шчасьлівей даваць, чым браць”».
36 І, сказаўшы гэтае і ўкленчыўшы, ён маліўся з імі ўсімі.
37 Стаўся ж вялікі плач ва ўсіх, і кідаючыся на шыю яму, цалавалі яго,
38 сумуючы найбольш дзеля слова, якое ён сказаў, што ўжо больш ня будуць бачыць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.

Дзеі Апосталаў, 20 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.