Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І сталася ў другую суботу пасьля Пасхі, што Ён праходзіў праз палеткі, і вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расьціраючы рукамі.
2 А некаторыя з фарысэяў сказалі ім: «Навошта вы робіце тое, чаго ня сьлед рабіць у суботу?»
3 І, адказваючы ім, сказаў Ісус: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі?
4 Як ён увайшоў у дом Божы, і ўзяў хлябы пакладныя, якіх ня можна было есьці нікому, апрача сьвятароў, і еў, і даў тым, што з ім былі».
5 І сказаў ім: «Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».
6 І сталася, што ў іншую суботу ўвайшоў Ён у сынагогу і навучаў. І быў там чалавек, у якога правая рука была сухая.
7 А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці аздаровіць у суботу, каб знайсьці абвінавачваньне супраць Яго.
8 Але Ён, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку, які меў сухую руку: «Устань і стань на сярэдзіну». І той, устаўшы, стаў.
9 Тады сказаў ім Ісус: «Спытаюся Я ў вас: “Што трэба рабіць у суботу: дабро ці зло? Збавіць душу́ ці загубі́ць?”»
10 І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў чалавеку: «Выцягні руку тваю». Ён так і зрабіў, і сталася рука ягоная здаровая, як другая.
11 А яны напоўніліся ша́лам і гаварылі адзін да аднаго, што ім зрабіць з Ісусам.
12 І сталася ў тыя дні, узыйшоў Ён на гару памаліцца, і быў усю ноч у малітве да Бога.
13 І калі настаў дзень, Ён паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі:
14 Сымона, якога назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея,
15 Мацьвея і Тамаша, Якуба Алфеявага і Сымона, называнага Зілотам,
16 Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаўся здраднікам.
17 І, зыйшоўшы разам з імі, стаў на роўным месцы, і натоўп вучняў Ягоных, і вялікае мноства народу з усяе Юдэі, і Ерусаліму, і прыморскіх гарадоў Тыру і Сідону,
18 якія прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад хваробаў сваіх, і тыя, якіх мучылі духі нячыстыя, былі аздароўленыя.
19 І ўвесь натоўп шукаў дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла моц і аздараўляла ўсіх.
20 І Ён, падняўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, сказаў: «Шчасьлівыя ўбогія, бо вашае ёсьць Валадарства Божае.
21 Шчасьлівыя вы, якія цяпер галодныя, бо вы насыціцеся. Шчасьлівыя вы, якія цяпер плачаце, бо будзеце сьмяяцца.
22 Шчасьлівыя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас, і будуць зьневажаць, і выкінуць імя вашае, як зло, за Сына Чалавечага.
23 Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вось, вялікая нагарода вашая ў небе, бо гэтак рабілі з прарокамі бацькі іхнія.
24 Больш таго, гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымліваеце пацяшэньне сваё.
25 Гора вам, перасычаныя, бо будзеце галодныя. Гора вам, якія цяпер сьмеяцёся, бо будзеце плакаць і галасіць.
26 Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо гэтак рабілі з фальшывымі прарокамі бацькі іхнія.
27 Але вам, якія слухаеце, кажу: Любіце ворагаў вашых, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас,
28 дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас.
29 І таму, які ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто забірае ў цябе адзеньне, не перашкаджай узяць і кашулю.
30 Усякаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў у цябе, не патрабуй назад.
31 І як хочаце, каб рабілі вам людзі, гэтак і вы рабіце ім.
32 І калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, якія іх любяць.
33 І калі робіце дабро тым, якія вам дабро робяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі тое робяць.
34 І калі пазычаеце тым, ад якіх спадзеяцёся атрымаць назад, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць назад гэтулькі.
35 Больш таго, любіце ворагаў вашых, і рабіце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе нагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры і да няўдзячных і злых.
36 Дык будзьце ж міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны.
37 І не судзі́це, і ня будзеце су́джаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і вам будзе даравана;
38 давайце, і вам будзе дадзена: меру добрую, націсьненую, стрэсеную і з верхам дадуць вам на ўлоньне вашае; бо якою мераю мераеце, такою і вам будзе адмерана».
39 Сказаў жа ім прыповесьць: «Ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму?
40 Вучань не вышэй за свайго настаўніка, але, удасканаліўшыся, кожны будзе як настаўнік ягоны.
41 Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня бачыш?
42 Ці як можаш сказаць брату твайму: “Браце! Дазволь, выму сучок з вока твайго”, — калі сам ня бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік! Вымі спачатку бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць сучок, які ў воку брата твайго.
43 Бо няма добрага дрэва, якое прыносіць благі плод; і няма благога дрэва, якое прыносіць плод добры.
44 Бо ўсякае дрэва пазнаецца з уласнага плоду; бо не зьбіраюць фігаў з цярніны і ня здымаюць вінаграду з глогу.
45 Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу сэрца свайго выносіць злое; бо з багацьця сэрца гавораць вусны ягоныя.
46 Чаму называеце Мяне: “Госпадзе! Госпадзе!” — і ня робіце таго, што Я кажу?
47 Усякі, хто прыходзіць да Мяне, і слухае словы Мае, і робіць паводле іх, пакажу вам, да каго падобны.
48 Ён падобны да чалавека, што будуе дом, які капаў і заглыбіўся, і заклаў падмурак на скале, і калі сталася паводка, і вада ўдарыла на дом гэты, то не змагла захістаць яго, бо ён быў пабудаваны на скале.
49 А той, хто слухае і ня робіць, падобны да чалавека, што пабудаваў дом на зямлі без падмурку, які, калі ўдарыла на яго вада, адразу разваліўся; і разбурэньне яго было вялікае».

Эвангельле паводле Лукі, 6 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.