Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 У той час прыйшлі некаторыя, расказваючы Яму пра Галілейцаў, кроў якіх Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі.
2 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ці вы думаеце, што гэтыя Галілейцы былі больш грэшныя за ўсіх Галілейцаў, што яны перацярпелі гэтак?
3 Не, кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтак сама загінеце.
4 Або ці думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала вежа ў Сілааме і пабіла іх, больш вінаватыя былі за ўсіх, хто жыў у Ерусаліме?
5 Не, кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтак сама загінеце».
6 І сказаў такую прыповесьць: «Нехта меў у вінаградніку сваім пасаджанае фігавае дрэва, і прыйшоў шукаць плоду на ім, і не знайшоў.
7 І сказаў вінаградару: “Вось, я тры гады прыходжу шукаць плоду на гэтым фігавым дрэве і не знаходжу; сьсячы яго, навошта яно і зямлю займае?”
8 Той жа, адказваючы, кажа яму: “Пане, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем,
9 ці ня дасьць плоду; а калі не, дык на той год сьсячэш яго”».
10 У адной сынагозе Ён навучаў у суботу.
11 І вось, была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа нядужасьці, і яна была скорчыўшыся, і не магла выпрастацца.
12 Угледзеўшы яе, Ісус паклікаў яе і сказаў ёй: «Жанчына! Ты вызвалена ад нядужасьці тваёй».
13 І ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася і пачала славіць Бога.
14 На гэта начальнік сынагогі, абураючыся, што Ісус аздаравіў у суботу, сказаў натоўпу: «Ёсьць шэсьць дзён, калі мусіце працаваць, тады і прыходзьце, каб быць аздароўленымі, а ня ў дзень суботы».
15 Тады Госпад адказаў яму і сказаў: «Крывадушнік! Ці не адвязвае кожны з вас вала́ свайго ці асла ад ясьляў у суботу і не вядзе паіць?
16 А гэтую дачку Абрагама, якую зьвязаў шата́н вось ужо васямнаццаць гадоў, ці ж не належала звольніць ад путаў гэтых у дзень суботы?»
17 І калі гаварыў Ён гэтае, усе супраціўнікі Ягоныя засаромеліся; і ўвесь народ радаваўся з усіх слаўных дзеяньняў Ягоных.
18 Ён жа сказаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго?
19 Яно падобнае да зярняці гарчычнага, якое, узяўшы, пасадзіў чалавек у садзе сваім, і яно вырасла, і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў галінах ягоных».
20 І зноў сказаў: «З чым параўнаю Валадарства Божае?
21 Яно падобнае да рашчыны, якую жанчына ўзяла і ўмяшала ў тры меры мукі́, пакуль ня ўкісла ўсё».
22 І праходзіў па гарадах і мястэчках, навучаючы і кіруючы шлях свой да Ерусаліму.
23 Нехта сказаў яму: «Госпадзе! Няўжо мала тых, якія будуць збаўленыя?» Ён жа сказаў ім:
24 «Намагайцеся ўвайсьці праз цесную браму, бо, кажу вам, многія будуць шукаць увайсьці і ня здолеюць.
25 Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьверы, тады вы станеце звонку і пачняцё стукаццца ў дзьверы, кажучы: “Госпадзе! Госпадзе! Адчыні нам!” І Ён, адказваючы, скажа вам: “Ня ведаю вас, адкуль вы”.
26 Тады пачняцё гаварыць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”.
27 І Ён скажа: “Кажу вам, Я ня ведаю вас, адкуль вы; адыйдзіце ад Мяне ўсе, якія робяць няправеднасьць”.
28 Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўгледзіце Абрагама, Ісаака, і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а вас выганяць прэч.
29 І прыйдуць з усходу, і з захаду, і з поўначы, і з поўдня, і ўзьлягуць у Валадарстве Божым.
30 І вось ёсьць апошнія, якія будуць першымі, і ёсьць першыя, якія будуць апошнімі».
31 У той дзень падыйшлі некаторыя фарысэі, кажучы Яму: «Выходзь і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць».
32 І сказаў ім: «Ідзіце, скажыце гэтаму лісу: “Вось, Я выганяю дэманаў і аздараўляю сёньня і заўтра, і ў трэці дзень скончу”.
33 Аднак мушу ісьці сёньня, і заўтра, і пазаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам.
34 Ерусалім, Ерусалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасланыя! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крыламі, і вы не захацелі.
35 Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты. Бо сапраўды кажу вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: “Дабраслаўлёны Той, Які ідзе ў імя Госпада”».

Эвангельле паводле Лукі, 13 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.