Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І сталася прыйсьці Яму ў суботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх зьесьці хлеба, і яны сачылі за Ім.
2 І вось, быў перад Ім нейкі апухлы чалавек.
3 І, адказваючы, сказаў Ісус законьнікам і фарысэям, кажучы: «Ці належыцца аздараўляць у суботу?»
4 Яны ж маўчалі. І, дакрануўшыся, Ён аздаравіў яго і адпусьціў.
5 І, адказваючы ім, сказаў: «Калі ў каго з вас асёл ці вол упадзе ў калодзеж, ці не адразу выцягне яго ў дзень суботні?»
6 І не маглі яны з Ім пра гэта спрачацца.
7 І ўгледзеўшы, як тыя, што былі запрошаныя, выбіралі першыя месцы, сказаў ім прыповесьць, кажучы ім:
8 «Калі запросіць цябе нехта на вясельле, не ўзьлягай на першае месца, каб не было каго паважнейшага за цябе паміж запрошаных ім.
9 І той, які запрасіў цябе і яго, падыйшоўшы, скажа табе: “Дай яму месца”, і тады ты з сорамам павінен будзеш сесьці на апошняе месца.
10 Але, калі будзеш запрошаны, прыйшоўшы, узьлягай на апошняе месца, каб той, які запрасіў цябе, калі падыйдзе, сказаў табе: “Сябра, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе слава перад тымі, што ўзьлягаюць разам з табою.
11 Бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны».
12 Сказаў жа і таму, які запрасіў Яго: «Калі ладзіш бяседу ці вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў тваіх, ані суседзяў багатых, каб і яны цябе не запрасілі, і ты атрымаў бы нагароду.
13 Але калі ты ладзіш пачастунак, запрашай убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых.
14 І шчасьлівы ты будзеш, што яны ня змогуць адгадзі́цца табе, бо адгодзіцца табе ва ўваскрасеньне праведных».
15 Пачуўшы гэта, нехта з тых, якія ўзьлягалі, сказаў Яму: «Шчасьлівы, хто будзе есьці хлеб у Валадарстве Божым».
16 Ён жа сказаў яму: «Нейкі чалавек справіў вялікую вячэру, і паклікаў многіх,
17 і ў гадзіну вячэры паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыходзьце, бо ўжо ўсё падрыхтавана”.
18 І пачалі ўсе па чарзе выбачацца. Першы сказаў яму: “Я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці і паглядзець яе; прашу цябе, выбач мне”.
19 І другі сказаў: “Я купіў пяць параў валоў і іду выспрабаваць іх; прашу цябе, выбач мне”.
20 І другі сказаў: “Я ажаніўся і дзеля гэтага не магу прыйсьці”.
21 І, вярнуўшыся, слуга той паведаміў гэтае пану свайму. Тады, загневаўшыся, гаспадар дому сказаў слузе свайму: “Ідзі хутчэй па вуліцах і завулках гораду і прывядзі сюды і ўбогіх, і калекаў, і кульгавых, і сьляпых”.
22 І сказаў слуга: “Пане! Сталася, як ты сказаў, і яшчэ ёсьць месцы”.
23 І сказаў пан слузе: “Ідзі на дарогі і да платоў і змуша́й прыйсьці, каб напоўніўся дом мой,
24 бо кажу вам, што ніхто з тых мужоў, што былі запрошаныя, не пакаштуе маёй вячэры”».
25 І сабраліся шматлікія натоўпы да Яго, і, павярнуўшыся, Ён сказаў ім:
26 «Калі хто прыходзіць да Мяне і не зьненавідзіць бацьку свайго і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сёстраў, а пры тым і саму душу́ сваю, той ня можа быць вучнем Маім.
27 І хто не нясе крыжа свайго і ідзе за Мною, ня можа быць вучнем Маім.
28 Бо хто з вас, хочучы пабудаваць вежу, сеўшы спачатку, не аблі́чыць выда́ткаў, ці мае, каб дакончыць яе,
29 каб, калі закладзе падмурак і ня здолее дакончыць, усе, якія гэта бачылі, ня сталі сьмяяцца з яго,
30 кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і ня здолеў дакончыць!”
31 Або які валадар, ідучы на вайну супраць другога валадара, сеўшы спачатку, не парадзіцца, ці магчыма з дзесяцьцю тысячамі супрацьстаць таму, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі.
32 Калі ж не, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства прасіць міру.
33 Гэтак усякі з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць вучнем Маім.
34 Соль добрая; калі ж соль згубіць сілу, чым прыправіць яе?
35 Ані ў зямлю, ані ў гной яна не надаецца, вон выкідаюць яе. Хто мае вушы каб слухаць, няхай слухае».

Эвангельле паводле Лукі, 14 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.