Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 I прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
2 «У дзень першага месяца, у першы дзень месяца паставіш Сялібу Намёту Спатканьня.
3 I паставіш там Каўчэг Сьведчаньня, і закрыеш Каўчэг заслонаю.
4 I ўнясеш стол, і разложыш на ім тое, што належыць, і ўнясеш сьвечнік, і запаліш лямпы ягоныя.
5 I паставіш ахвярнік залаты для каджэньня перад Каўчэгам Сьведчаньня; і завесіш заслону на ўваходзе ў Сялібу.
6 I паставіш ахвярнік цэласпаленьня перад уваходам у Сялібу Намёту Спатканьня.
7 I паставіш мыцельнік паміж Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і нальеш у яго вады.
8 I паставіш панадворак наўкола, і завесіш заслону ў браме панадворку.
9 I возьмеш алей памазаньня, і памажаш Сялібу і ўсё, што ў ёй, і асьвяціш яе і усе прыналежнасьці яе, і будзе Сьвятой.
10 I памажаш ахвярнік цэласпаленьня і усё начыньне ягонае, і асьвяціш ахвярнік, і будзе ахвярнік Сьвятым Сьвятых.
11 I памажаш мыцельнік і падставу ягоную, і асьвяціш яго.
12 I наблізіш Аарона і сыноў ягоных да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і абмыеш іх вадою.
13 I апранеш Аарона ў адзеньні сьвятыя, і памажаш яго, і асьвяціш яго, і будзе сьвятаром Маім.
14 I сыноў ягоных наблізіш, і апранеш іх у хітоны,
15 і памажаш іх, як ты памазаў бацьку іхняга, і будуць сьвятарамі Маімі, і будзе ім памазаньне іхняе на сьвятарства вечнае ў пакаленьнях іхніх».
16 I зрабіў Майсей усё; як загадаў яму ГОСПАД, так і зрабіў.
17 I сталася, у першы месяц другога году, у першы дзень месяца была пастаўлена Сяліба.
18 I паставіў Майсей Сялібу, і палажыў падстаўкі яе, і паставіў дошкі яе, і палажыў жэрдкі яе, і паставіў слупы яе,
19 і расьцягнуў намёт над Сялібай, і палажыў пакрыцьцё намёту зьверху над ім, як загадаў ГОСПАД Майсею.
20 I ўзяў, і палажыў Сьведчаньне ў Каўчэг, і ўлажыў насілы ў Каўчэг, і палажыў накрыўку на Каўчэг зьверху.
21 I ўнёс Каўчэг ў Сялібу, і завесіў заслону, якая вісіць, і засланіў ёю Каўчэг Сьведчаньня, як загадаў ГОСПАД Майсею.
22 I паставіў стол у Намёт Спатканьня, на паўночным баку Сялібы, звонку ад заслоны.
23 I разлажыў шэрагі хлябоў перад абліччам ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.
24 I паставіў сьвечнік у Намёт Спатканьня насупраць сталу, на паўднёвым баку Сялібы.
25 I запаліў лямпы перад абліччам ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.
26 I паставіў ахвярнік залаты ў Намёце Спатканьня перад заслонаю.
27 I кадзіў на ім пахкім кадзілам, як загадаў ГОСПАД Майсею.
28 I завесіў заслону на ўваходзе ў Сялібу.
29 I ахвярнік цэласпаленьня паставіў каля ўваходу ў Сялібу Намёту Спатканьня, і ахвяраваў на ім цэласпаленьне і ахвяру хлебную, як загадаў ГОСПАД Майсею.
30 I паставіў мыцельнік паміж Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і наліў у яго вады для абмываньня.
31 I абмывалі ў ім Майсей і Аарон, і сыны ягоныя рукі свае і ногі свае.
32 Калі ўваходзілі ў Намёт Спатканьня і калі набліжаліся да ахвярніка, яны абмываліся, як загадаў ГОСПАД Майсею.
33 I паставіў панадворак вакол Сялібы і ахвярніка, і завесіў заслону ў браме панадворку. I скончыў Майсей работу.
34 І акрыла воблака Намёт Спатканьня, і слава ГОСПАДАВА напоўніла Сялібу.
35 I ня мог Майсей увайсьці ў Намёт Спатканьня, бо ляжала на ім воблака, і слава ГОСПАДАВА напаўняла Сялібу.
36 I калі падымалася воблака па-над Сялібаю, тады вырушалі сыны Ізраіля ў-ва ўсе падарожжы свае.
37 А калі не падымалася воблака, тады не вырушалі, аж да дня, калі яно падымалася.
38 Бо воблака ГОСПАДА было над Сялібай ўдзень, і агонь быў над ёй уночы перад вачыма ўсяго дому Ізраіля ў-ва ўсіх падарожжах іхніх.

Кніга Выхад, 40 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.