Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І адказаў Майсей, і сказаў: «А калі яны не павераць мне і не паслухаюць голасу майго, бо скажуць: “Не зьявіўся табе ГОСПАД”?».
2 I сказаў яму ГОСПАД: «Што гэта ў руцэ тваёй?» Ён адказаў: «Кій».
3 I сказаў: «Кінь яго на зямлю». I ён кінуў яго на зямлю, і стаўся ён зьмеем, і ўцякаў Майсей ад яго.
4 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Выцягні руку тваю і схапі яго за хвост!» І выцягнуў ён руку сваю, і схапіў яго, і ён стаўся кіем у далоні ягонай.
5 «Гэта каб паверылі, што зьявіўся табе ГОСПАД, Бог бацькоў іхніх, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба».
6 I сказаў ГОСПАД яму яшчэ: «Улажы руку тваю ў заўлоньне тваё». I ён улажыў руку сваю ў заўлоньне сваё, і выняў, і вось, рука ягоная пракажоная, як сьнег.
7 I сказаў: «Улажы зноў руку тваю ў заўлоньне тваё». I ён улажыў зноў руку сваю ў заўлоньне сваё. I выняў яе з заўлоньня свайго, і вось, яна ізноў як цела ягонае.
8 «I станецца, што калі яны не павераць табе і не паслухаюць голасу першага знаку, дык павераць голасу знаку апошняга.
9 I станецца, што калі не павераць таксама двум гэтым знакам і не паслухаюць голасу твайго, возьмеш з ракі ваду і выльеш на сухую зямлю, і станецца, што вада, якую ты возьмеш з ракі, станецца крывёй на сухой зямлі».
10 I сказаў Майсей ГОСПАДУ: «О Госпадзе мой, я — чалавек невымоўны і ўчора, і пазаўчора, і цяпер, калі Ты гаворыш да слугі Свайго, бо я [маю] цяжкія вусны і цяжкі язык».
11 I сказаў ГОСПАД яму: «Хто даў вусны чалавеку? Хто робіць немым або глухім, або відушчым, або сьляпым? Ці ня Я, ГОСПАД?
12 I цяпер ідзі; і Я буду з вуснамі тваімі, і навучу цябе, што маеш гаварыць».
13 I сказаў [Майсей]: «О Госпадзе мой! Пашлі, прашу, [другога], каго маеш паслаць».
14 I ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на Майсея, і Ён сказаў: «Ці ж няма Аарона, брата твайго, Лявіта? Я ведаю, што ён, гаворачы, [добра] гаворыць, і вось, ён выйдзе насустрач табе, і ўбачыць цябе, і ўзрадуецца ў сэрцы сваім.
15 I ты будзеш гаварыць да яго і ўкладаць словы ў вусны ягоныя; і Я буду з вуснамі тваімі і з вуснамі ягонымі, і буду вучыць вас, што вам рабіць.
16 I будзе ён гаварыць замест цябе да народу. I ён будзе вуснамі тваімі, а ты будзеш яму як Бог.
17 I возьмеш у руку тваю кій гэты, якім зробіш знакі».
18 I пайшоў Майсей, і вярнуўся да Етра, цесьця свайго, і сказаў яму: «Пайду і вярнуся да братоў маіх, якія ў Эгіпце, і пагляджу, ці яны яшчэ жывыя?» I сказаў Етра Майсею: «Ідзі ў супакоі».
19 I сказаў ГОСПАД Майсею ў Мадыяне: «Ідзі, вярніся ў Эгіпет, бо памерлі ўсе людзі, якія шукалі душы тваёй».
20 I ўзяў Майсей жонку сваю і сыноў сваіх, і пасадзіў іх на асла, і вярнуўся ў зямлю Эгіпецкую. I ўзяў кій Божы ў руку сваю.
21 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Калі пойдзеш, каб вярнуцца ў Эгіпет, глядзі, каб усе цуды, якія Я ўлажыў у руку тваю, ты зрабіў іх перад фараонам. А Я зраблю цьвёрдым сэрца ягонае, і ён не адпусьціць народ.
22 I скажы фараону: “Гэтак кажа ГОСПАД: "Сын Мой, першародны Мой — Ізраіль.
23 Я кажу табе: ‘Адпусьці сына Майго, каб ён служыў Мне. А калі адмовішся адпусьціць яго, вось, Я заб’ю сына твайго, першароднага твайго’"”».
24 I сталася ў дарозе, у [месцы] начаваньня пераняў яго ГОСПАД і шукаў забіць яго.
25 I ўзяла Цыпора крэмень, і абрэзала скуравінку сына свайго, і дакранулася да ног ягоных, і сказала: «Бо ты мне жаніх крыві».
26 I адступіў [Госпад] ад яго. Тады яна сказала: «Ты — жаніх крыві праз абразаньне».
27 I сказаў ГОСПАД Аарону: «Ідзі насустрач Майсею ў пустыню». I ён пайшоў, і пераняў яго на гары Божай, і пацалаваў яго.
28 I пераказаў Майсей Аарону ўсе словы ГОСПАДА, Які паслаў яго, і ўсе знакі, якія Ён загадаў яму [зрабіць].
29 I пайшлі Майсей і Аарон, і сабралі яны ўсіх старшыняў сыноў Ізраіля.
30 І пераказаў Аарон усе словы, якія казаў ГОСПАД Майсею, і зрабіў знакі перад вачыма народу.
31 I паверыў народ, і яны пачулі, што ГОСПАД наведаў сыноў Ізраіля і ўбачыў прыгнёт іхні, і схіліліся, і пакланіліся.

Кніга Выхад, 4 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.