Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 I бачыў народ, што Майсей затрымліваецца, каб зыйсьці з гары, і сабраўся народ перад Ааронам, і сказалі яму: «Устань, зрабі нам багоў, якія будуць ісьці перад намі, бо з гэтым Майсеем, гэтым чалавекам, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ведаем, што сталася з ім».
2 I сказаў ім Аарон: «Зьніміце завушніцы залатыя, якія ў вушах жонак вашых, сыноў вашых і дачок вашых, і прынясіце да мяне».
3 I зьняў увесь народ завушніцы залатыя, якія ў вушах іхніх, і прынесьлі да Аарона.
4 І ён узяў [гэта] з рук іхніх, і уфармаваў яго разцом, і зрабіў з яго цяля літое. I сказалі яны: «Вось бог твой, Ізраілю, які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай».
5 I ўбачыў Аарон, і збудаваў перад ім ахвярнік, і ўсклікнуў Аарон, і сказаў: «Сьвята для ГОСПАДА заўтра».
6 I яны ўсталі рана назаўтра, і ахвяроўвалі цэласпаленьні, і прынесьлі ахвяры мірныя; і сеў народ есьці і піць, і ўсталі гуляць.
7 I прамовіў ГОСПАД да Майсея: «Ідзі, зыйдзі, бо сапсаваўся народ твой, які ты вывеў з зямлі Эгіпецкай.
8 Хутка зьвярнулі яны са шляху, які Я загадаў ім, зрабілі сабе цяля літое, і пакланіліся яму, і ахвяроўвалі яму, і сказалі: “Вось бог твой, Ізраілю, які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай”».
9 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Я бачыў народ гэты, і вось, ён — народ з цьвёрдым каркам.
10 I цяпер пакінь Мяне, і ўзгарыцца гнеў Мой на іх, і Я выгублю іх, і зраблю з цябе народ вялікі».
11 I маліў Майсей аблічча ГОСПАДА, Бога свайго, і сказаў: «Дзеля чаго, ГОСПАДЗЕ, палае гнеў Твой на народ Твой, які Ты вывеў з зямлі Эгіпецкай сілаю вялікай і рукою моцнай?
12 Навошта маюць казаць Эгіпцяне, кажучы: “На ліха вывеў іх, каб забіць іх у гарах і вынішчыць іх з аблічча зямлі”. Адвярніся ад ярасьці гневу Твайго і пашкадуй [рабіць] ліха народу Твайму.
13 Узгадай Абрагама, Ісаака і Ізраіля, слугаў Тваіх, якім Ты прысягаў на Сябе Самога, і прамовіў да іх: “Памножу насеньне вашае, як зоркі ў небе, і ўсю зямлю гэтую, пра якую Я сказаў, дам насенню вашаму, і яны ўспадкаемяць яе на вякі”».
14 I пашкадаваў ГОСПАД рабіць ліха, пра якое Ён казаў, што ўчыніць яго народу Свайму.
15 I павярнуўся, і зыйшоў Майсей з гары; і дзьве табліцы Сьведчаньня [былі] ў руцэ ягонай, табліцы, на якіх было напісана з абодвух бакоў, на адным і на другім баку было напісана на іх.
16 I табліцы былі творам Бога, і пісьмо было пісьмом Божым, высечаным на табліцах.
17 I пачуў Егошуа голас народу, які ўсклікаў, і сказаў Майсею: «Голас вайны ў табары».
18 I сказаў [Майсей]: «Гэта ня голас крыку перамогі ані голас крыку паразы, але я чую голас пяяньня».
19 I сталася, калі ён наблізіўся да табару і ўбачыў цяля і танцы, узгарэўся гнеў Майсея, і ён кінуў з рук сваіх табліцы, і разьбіў іх пад гарою.
20 I ўзяў ён цяля, якое яны зрабілі, і спаліў яго ў вагні, і сьцёр на попел, і рассыпаў на абліччы вады, і даў яго піць сынам Ізраіля.
21 I сказаў Майсей Аарону: «Што зрабіў табе народ гэты, што ты ўвёў яго ў грэх вялікі?»
22 I сказаў Аарон: «Няхай не ўзгараецца гнеў пана майго; ты ведаеш народ гэты, што ён поўны ліха.
23 I яны сказалі мне: “Зрабі нам багоў, якія будуць ісьці перад намі, бо з гэтым Майсеем, чалавекам, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ведаем, што сталася з ім”.
24 I я сказаў ім: “Хто мае золата, няхай здыме яго”. I яны далі мне, я кінуў яго ў вагонь, і выйшла гэта цяля».
25 I ўбачыў Майсей народ, што ён неакелзаны, бо Аарон раскелзаў яго на паганьбеньне перад ворагамі ягонымі.
26 I стаў Майсей у браме табару, і сказаў: «Хто за ГОСПАДА — да мяне!» I сабраліся да яго ўсе сыны Левія.
27 I ён сказаў ім: «Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Прыперажыце кожны меч свой да сьцягна свайго, перайдзіце і зьвярніцеся ад брамы да брамы праз табар, і забівайце кожны брата свайго, кожны сябра свайго, кожны бліжняга свайго”».
28 I зрабілі сыны Левія паводле слова Майсея, і палегла з народу ў той дзень каля трох тысячаў чалавек.
29 I сказаў Майсей: «Напоўніце рукі свае сёньня для ГОСПАДА, бо кожны быў супраць сына свайго і супраць брата свайго, каб Ён даў вам сёньня дабраслаўленьне».
30 I сталася на заўтра, і сказаў Майсей народу: «Вы саграшылі грахом вялікім, і цяпер я ўзыйду да ГОСПАДА, можа, змагу перамаліць Яго за грэх ваш».
31 I вярнуўся Майсей да ГОСПАДА, і сказаў: «Прашу, саграшыў народ гэты грэхам вялікім, і зрабілі сабе багоў залатых.
32 I цяпер, ці можаш дараваць ім грэх іхні? А калі не, вытры мяне, прашу, з кнігі Тваёй, якую Ты напісаў».
33 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Таго, хто саграшыў перада Мною, Я вытру з кнігі Маёй.
34 I цяпер ідзі, вядзі народ гэты, куды Я казаў табе. Вось, анёл Мой пойдзе перад табою, і ў дзень наведваньня Майго Я наведаю іх за грэх іхні».
35 I ўдарыў ГОСПАД народ за тое, што зрабілі цяля, якога зрабіў Аарон.

Кніга Выхад, 32 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.