Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
2 «Прамоў да сыноў Ізраіля, і зьбяруць для Мяне дары. Ад кожнага чалавека, у якога сэрца ягонае дабраахвотна [пажадае] даць, бярыце дар Мой.
3 I вось дары, якія вы будзеце зьбіраць ад іх: золата, срэбра і медзь,
4 і блакіт, і пурпур, і барвовы кармазын, і вісон, і казіную [поўсьць],
5 і скуры бараноў, фарбаваныя на чырвона, і скуры тахаш, і дрэва акацыі,
6 алей для асьвятленьня, пахнідлы для алею памазаньня і для пахкага каджэньня,
7 камяні оніксу і камяні для аздабленьня эфоду і нагрудніку.
8 I няхай зробяць для Мяне сьвятыню, і Я буду жыць сярод іх.
9 Усё, як Я пакажу табе, паводле ўзору сялібы, і паводле ўзору ўсяго начыньня яе, так і зрабіце.
10 I няхай зробяць каўчэг з дрэва акацыі; два з паловаю локці даўжыня яго, і паўтары локці шырыня яго, і паўтары локці вышыня яго.
11 I пакрыеш яго шчырым золатам; знутра і звонку пакрыеш яго; і зробіш наверсе наўкола вянок залаты.
12 I выльеш да яго чатыры колцы залатыя, і прыладзіш [іх] на чатырох кутах яго, два колцы на адным баку яго, і два колцы на другім баку яго.
13 I зробіш насілы з дрэва акацы, і пакрыеш іх золатам.
14 I ўложыш насілы ў колцы па баках каўчэгу, каб на іх насіць каўчэг.
15 У колцах каўчэгу маюць быць насілы, ня будуць іх вымаць адтуль.
16 I ўложыш у каўчэг Сьведчаньне, якое Я дам табе.
17 I зробіш накрыўку са шчырага золата, два локці з паловаю даўжыня яе, і паўтары локці шырыня яе.
18 I зробіш двух херувімаў з золата, каванымі зробіш іх з абодвух бакоў накрыўкі.
19 I зробіш аднаго херувіма на тым баку, і аднаго херувіма на гэтым баку; разам з накрыўкай зробіце херувімаў на абодвух баках яе.
20 I будуць херувімы, распусьціўшы крылы ўгару, захінаць крыламі сваімі накрыўку, а абліччамі сваімі [будуць зьвернуты] адзін да аднаго; да накрыўкі будуць [зьвернутыя] абліччы херувімаў.
21 I паложыш накрыўку на каўчэг зьверху, і ў каўчэг паложыш Сьведчаньне, якое Я дам табе.
22 I Я буду сустракацца з табою там, і гаварыць з табою з-над накрыўкі, паміж двух херувімаў, якія над Каўчэгам Сьведчаньня, пра усё, што буду загадваць табе для сыноў Ізраіля.
23 I зробіш стол з дрэва акацыі, два локці даўжыня яго, локаць шырыня яго, і паўтары локці вышыня яго.
24 I пакрыеш яго шчырым золатам, і зробіш яму вянок залаты наўкола.
25 I зробіш яму наўкола ліштву [шырынёю] ў далонь, і зробіш наўкола вянок залаты да ліштвы ягонай.
26 I зробіш для яго чатыры колцы залатыя, і прыладзіш колцы да чатырох рагоў, якія пры чатырох ножках ягоных.
27 Пры ліштвах маюць быць колцы, каб укладаць насілы і насіць стол.
28 I зробіш насілы з дрэва акацыі, і пакрыеш іх золатам, і будуць насіць на іх стол.
29 I зробіш да яго місы, і чашы, і збаны, і кубкі для складаньня ахвяраў вадкіх; са шчырага золата зробіш іх.
30 I будзеш класьці на стол хлябы пакладныя перад абліччам Маім заўсёды.
31 I зробіш сьвечнік з золата шчырага, каваным будзе зроблены сьвечнік; падстава яго, і сьцябло яго, чарачкі яго, яблыкі яго і кветкі яго маюць [выходзіць] з яго.
32 I шэсьць сьцяблінаў маюць выходзіць з бакоў яго: тры сьцябліны сьвечніка з аднаго боку яго, і тры сьцябліны сьвечніка з другога боку яго.
33 Тры чарачкі, [падобныя] да міндалю, з яблыкам і кветкаю, на адной сьцябліне, і тры чарачкі, [падобныя] да мігдалю, на другой сьцябліне, з яблыкам і кветкаю. Гэтак на шасьці сьцяблінах, што выходзяць са сьвечніка.
34 А на [камлі] сьвечніку маюць быць чатыры чарачкі, падобныя да міндалю, з яблыкам і кветкаю.
35 I яблык пад двума сьцяблінамі, [што выходзяць] з яго, і яблык пад двума сьцяблінамі, [што выходзяць] з яго, і яблык пад двума сьцяблінамі, [што выходзяць] з яго, на ўсіх шасьці сьцяблінах, што выходзяць са сьвечніка.
36 Яблыкі іхнія і сьцябліны іхнія будуць [выходзіць] з яго; ён увесь суцэльна [мае быць] каваны са шчырага золата.
37 I зробіш сем лямпаў для яго, і будуць прыладжаны лямпы ягоныя, і будуць сьвяціць на пярэдні бок яго.
38 I абцужкі да яго, і папяльнічкі да яго [зробіш] са шчырага золата.
39 З таленту золата шчырага няхай зробяць яго з усім гэтым прыладамі.
40 I глядзі, і зрабі паводле ўзору іхняга, які Я паказаў табе на гары.

Кніга Выхад, 25 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.