Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 I вырушылі з Эліму, і прыйшла ўся грамада сыноў Ізраіля ў пустыню Сін, якая паміж Элімам і Сынаем, у пятнаццаты дзень другога месяца пасьля выхаду іхняга з зямлі Эгіпецкай.
2 I наракала, і наракала ўся грамада сыноў Ізраіля на Майсея і Аарона ў пустыні.
3 I сказалі ім сыны Ізраіля: «Лепш бы мы памерлі ад рукі ГОСПАДА ў зямлі Эгіпецкай, калі мы сядзелі пры катлах з мясам, калі мы елі хлеб да насычэньня! Бо вы вывялі нас у гэтую пустыню, каб памерла з голаду ўся царква гэтая».
4 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Вось, Я спашлю вам, як дождж, хлеб з неба; і выйдзе народ, і будзе зьбіраць штодня патрэбнае на дзень, каб Я выпрабаваў яго, ці будзе ён хадзіць паводле закону Майго, ці не.
5 I станецца ў шосты дзень, і прыгатуеце тое, што прынясуць, і будзе падвойная [мера] адносна таго, што зьбіралі дзень пры дні».
6 I сказаў Майсей і Аарон усім сынам Ізраіля: «[Будзе] вечар, і вы пазнаеце, што ГОСПАД вывеў вас з зямлі Эгіпецкай.
7 А [будзе], раніца, і вы ўбачыце славу ГОСПАДА, бо Ён пачуў нараканьне вашае на ГОСПАДА; а мы, хто мы, што вы наракаеце і наракаеце на нас?»
8 I сказаў Майсей: «[Гэта будзе], калі дасьць ГОСПАД увечары вам мяса на ежу, а раніцаю — хлеб, каб насыціцца, бо ГОСПАД пачуў нараканьне вашае, як вы наракалі на Яго. А мы, што мы? Не на нас нараканьне вашае, але на ГОСПАДА».
9 I сказаў Майсей Аарону: «Скажы ўсёй грамадзе сыноў Ізраіля: “Наблізьцеся перад аблічча ГОСПАДА, бо Ён пачуў нараканьне вашае”».
10 I сталася, калі гаварыў Аарон да ўсёй грамады сыноў Ізраіля, і яны зьвярнуліся ў бок пустыні, і вось, слава ГОСПАДА зьявілася ў воблаку.
11 I прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
12 «Я пачуў нараканьне сыноў Ізраіля. Прамоў да іх, кажучы: “Адвячоркам будзеце есьці мяса, а раніцаю насыціцеся хлебам, і пазнаеце, што Я — ГОСПАД, Бог ваш”».
13 I сталася ўвечары, і наляцелі перапёлкі, і пакрылі табар, а раніцаю быў пласт расы вакол табару.
14 I падняўся пласт расы, і вось, на абліччы пустыні [нешта] дробнае і зярнястае, дробнае, як шэраш на зямлі.
15 I ўбачылі сыны Ізраіля, і казалі адзін аднаму: «Што гэта?» Бо ня ведалі, што гэта. I сказаў ім Майсей: «Гэта хлеб, які ГОСПАД даў вам есьці.
16 Гэта слова, якое загадаў ГОСПАД: “Зьбірайце яго кожны паводле таго, колькі яму зьесьці, па гомару на галаву, паводле ліку душаў вашых. Кожны для тых, якія ў намёце ягоным, будзе зьбіраць”».
17 I зрабілі так сыны Ізраіля, і сабралі хто больш, а хто менш.
18 I мералі гомарам, і не было лішку ў таго, хто сабраў больш, і не было нястачы ў таго, хто [сабраў] менш. Кожны сабраў паводле таго, колькі яму зьесьці.
19 I сказаў ім Майсей: «Няхай ніхто не пакіне з яго да раніцы».
20 І не паслухалі яны Майсея, і некаторыя пакінулі з яго да раніцы; і завяліся ў ім чэрві, і яно стала сьмярдзець. І разгневаўся на іх Майсей.
21 I яны зьбіралі гэта раніцай пры раніцы, кожны паводле таго, колькі яму зьесьці. І калі прыпякала сонца, яно раставала.
22 I сталася ў шосты дзень, што сабралі хлеба падвойную [меру], па два гомары на аднаго, і прыйшлі ўсе начальнікі грамады, і паведамілі Майсею.
23 I ён сказаў ім: «Гэта тое, што гаварыў ГОСПАД, супачынак, святая субота для ГОСПАДА заўтра. Што маеце пячы — пячыце, і што маеце варыць — варыце, а што застанецца, пакіньце сабе на схоў да раніцы».
24 I пакінулі гэта да раніцы, як загадаў Майсей, і яно не засьмярдзела, і чарвей не было ў ім.
25 I сказаў Майсей: «Ешце яго сёньня, бо сёньня — субота для ГОСПАДА; сёньня ня знойдзеце яго на полі.
26 Шэсьць дзён будзеце зьбіраць яго; а сёмы дзень — субота, ня будзе ў ёй [гэтага]».
27 I сталася ў сёмы дзень, выйшлі [некаторыя] з народу зьбіраць, і не знайшлі.
28 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Як доўга будзеце адмаўляцца захоўваць прыказаньні Мае і законы Мае?
29 Глядзіце, бо ГОСПАД даў вам суботу; дзеля гэтага Ён дае вам у шосты дзень хлеба на два дні. Заставайцеся кожны ў сябе, няхай не выходзіць ніхто з месца свайго ў сёмы дзень».
30 I супачыў народ у сёмы дзень.
31 I назваў дом Ізраіля імя ягонае — “манна”, і яна была як насеньне каляндры, белая, а смак ягоны — як печыва з мёдам.
32 I сказаў Майсей: «Вось слова, якое загадаў ГОСПАД: “Поўны гомар [пакіньце] на захаваньне ў пакаленьні вашыя, каб бачылі хлеб, якім Я карміў вас у пустыні, калі вывеў вас з зямлі Эгіпецкай”».
33 I сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі адну пасудзіну, і палажы ў яе поўны гомар манны, і пастаў яе перад абліччам ГОСПАДА на захаваньне ў пакаленьні вашыя».
34 Як загадаў ГОСПАД Майсею, так паставіў яго Аарон перад [Каўчэгам] Сьведчаньня на захаваньне.
35 А сыны Ізраіля елі манну сорак гадоў, пакуль не прыйшлі ў зямлі абжытую; манну елі яны, пакуль не прыйшлі да межаў зямлі Ханаан.
36 А гомар — гэта дзясятая частка эфы.

Кніга Выхад, 16 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.