Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 I прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
2 «Пасьвяці Мне ўсіх першародных, што адкрывае ўсякае ўлоньне ў сыноў Ізраіля, у чалавека і ў жывёлы. Мае яны».
3 I сказаў Майсей народу: «Памятай гэты дзень, у які вы выйшлі з Эгіпту, з дому няволі, бо рукою моцнаю вывеў вас ГОСПАД адгэтуль, і ня ешце кіслага.
4 Сёньня вы выходзіце ў месяцы Авіў.
5 I будзе, калі увядзе вас ГОСПАД у зямлю Хананейца, і Хетыта, і Амарэя, і Хівея, і Евусея, пра якую Ён прысягаў бацькам тваім, што дасьць табе зямлю, якая цячэ малаком і мёдам, захоўвай служэньне гэтае ў месяцы гэтым.
6 Сем дзён будзеш есьці праснакі, а ў сёмы дзень — сьвята для ГОСПАДА.
7 Праснакі будзеш есьці сем дзён; і ня будзе бачана ў цябе кіслага, і ня будзе бачана ў цябе кісьлі ў-ва ўсіх межах тваіх.
8 I распавядзеш сыну твайму ў гэты дзень, кажучы: “Гэта дзеля таго, што зрабіў ГОСПАД мне, калі я выходзіў з Эгіпту”.
9 I будзе для цябе гэта знакам на руцэ тваёй і памяткаю між вачыма тваімі, каб закон ГОСПАДА быў на вуснах тваіх, бо рукою моцнаю вывеў цябе ГОСПАД з Эгіпту.
10 I будзеш захоўваць пастанову гэтую ў вызначаным час з году ў год.
11 I станецца, што ўвядзе цябе ГОСПАД у зямлю Хананейца, як Ён прысягаў табе і бацькам тваім, і дасьць яе табе.
12 І ты аддзеліш ўсё, што адкрывае ўлоньне, для ГОСПАДА, і ўсё першароднае, што адкрывае [ўлоньне] ў жывёлы, якое будзе тваё, мужчынскага роду — для ГОСПАДА.
13 І кожнага асла, які адкрывае [ўлоньне], выкупіш баранчыкам; а калі ня выкупіш, зламі карак ягоны; і кожнага першароднага чалавека з сыноў сваіх выкупіш.
14 I станецца, што спытаецца ў цябе сын твой заўтра, кажучы: “Што гэта?”, і ты скажы яму: “Моцнаю рукою вывеў нас ГОСПАД з Эгіпту, з дому няволі.
15 I сталася, што зацяўся фараон, каб не адпусьціць нас, і забіў ГОСПАД усіх першародных у зямлі Эгіпецкай, ад першароднага чалавека аж да першароднага жывёлы. Дзеля гэтага я ахвярую ГОСПАДУ ўсіх самцоў, якія адкрываюць улоньне, і ўсіх першародных сыноў маіх выкупляю”.
16 I будзе [гэта] знакам на руцэ тваёй і павязкаю між вачэй тваіх, бо моцнаю рукою вывеў нас ГОСПАД з Эгіпту».
17 I сталася, калі адпусьціў фараон народ, не павёў іх Бог па шляху зямлі Філістынскай, хоць яна блізкая, бо сказаў Бог: «Каб не пашкадаваў народ, калі ўбачыць вайну, і не вярнуўся ў Эгіпет».
18 I павёў Бог народ шляхам пустыні да мора Чырвонага. I выйшлі збройныя сыны Ізраіля з зямлі Эгіпецкае.
19 I ўзяў Майсей з сабою косткі Язэпа, бо прысягаю запрысяг Язэп сыноў Ізраіля, кажучы: «Наведваючы, наведае вас Бог, і вы вынясіце з сабою косткі мае адгэтуль».
20 I вырушылі з Сукоту, і сталі табарам у Этаме, на скраю пустыні.
21 I ГОСПАД ішоў перад імі ўдзень у слупе воблачным, каб весьці іх па дарозе, а ўначы — у слупе вогненым, каб сьвяціць ім, каб [маглі] ісьці ўдзень і ўначы.
22 Не адыходзіў слуп воблачны ўдзень і слуп вогнены ўначы ад аблічча народу.

Кніга Выхад, 13 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.