Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 I сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону ў зямлі Эгіпецкай, кажучы:
2 «Месяц гэты няхай будзе ў вас пачаткам месяцаў; першым няхай ён будзе ў вас месяцам году.
3 Прамоўце да ўсёй грамады Ізраіля, кажучы: “У дзясяты [дзень] гэтага месяца няхай возьмуць сабе кожны ягня для дому бацькоў, ягня на дом.
4 I калі малы дом, каб [спажыць] ягня, няхай возьме ён і сусед найбліжэйшы да дому ягонага, паводле ліку душаў; паводле таго, колькі кожны зьесьць, палічыце на ягня.
5 Ягня беззаганнае, самец аднагодак мае быць у вас; з авечак альбо з козаў возьмеце [яго].
6 I будзеце захоўваць яго да чатырнаццатага дня гэтага месяца. І зарэжа яго ўся царква грамады Ізраіля адвячоркам.
7 I возьмуць кроў [ягоную], і памажуць абодва вушакі і вершнікі ў дамах, у якіх будуць есьці яго.
8 І будуць есьці ў гэтую ноч мяса [ягонае], сьпечанае на агні, і праснакі; з горкімі травамі будуць есьці [яго].
9 Ня ешце з яго сырога або зваранага ў вадзе, але сьпечанае на агні, галаву ягоную з галёнкамі ягонымі і нутром ягоным.
10 I не пакідайце [нічога] з яго да раніцы; і тое, што застанецца з яго да раніцы, спаліце на агні.
11 I гэтак будзеце есьці яго: няхай будуць сьцёгны вашыя падперазаныя, абутак ваш — на нагах вашых і кій ваш — у руцэ вашай, і ешце яго пасьпешліва. Гэта — Пасха для ГОСПАДА”.
12 I Я прайду па зямлі Эгіпецкай у гэтую ноч, і заб’ю кожнага першароднага ў зямлі Эгіпецкай, ад чалавека аж да скаціны, і над усімі багамі Эгіпту Я ўчыню суды. Я — ГОСПАД.
13 I будзе для вас кроў знакам на дамах, у якіх вы будзеце, і Я ўбачу кроў, і абміну вас, і ня будзе сярод вас плягі зьнішчэньня, калі Я буду забіваць у зямлі Эгіпецкай.
14 I будзе гэты дзень для вас на ўспамін, і будзеце сьвяткаваць яго як сьвята для ГОСПАДА ў пакаленьнях вашых; як пастанову вечную будзеце сьвяткаваць яго.
15 Сем дзён будзеце есьці праснакі; і ўжо ў першы дзень прыміце кісьлю з дамоў вашых; бо кожны, хто будзе есьці кіслае з першага дня да сёмага дня, душа таго будзе выгублена з Ізраілю.
16 А ў першы дзень — сьвяты збор, і ў сёмы дзень сьвяты збор будзе ў вас, ніякае работы ня будзеце рабіць у іх; толькі тое, што есьці кожнай душы, адно тое можна рабіць вам.
17 I захоўвайце [Сьвята] Праснакоў, бо ў гэты дзень Я вывеў войска вашае з зямлі Эгіпецкае; і захоўвайце гэты дзень у пакаленьнях вашых як пастанову вечную.
18 У першы [месяц], у чатырнаццаты дзень месяца з вечара будзеце есьці праснакі аж да вечара дваццаць першага дня таго самага месяца.
19 Сем дзён кісьля няхай ня знойдзецца ў дамах вашых; бо хто будзе есьці кіслае, выгублена будзе душа тая з грамады Ізраіля, ці гэта прыхадзень, ці той, што нарадзіўся ў гэтай зямлі.
20 Нічога кіслага ня будзеце есьці; у-ва ўсіх сядзібах вашых будзеце есьці праснакі».
21 I паклікаў Майсей усіх старшыняў Ізраіля, і сказаў ім: «Выбярыце і вазьміце сабе ягнятка паводле плямёнаў вашых і зарэжце яго [як ахвяру] пасхальную.
22 I вазьміце вязку ізопу, і занурыце ў кроў, якая ў мядніцы, і памажаце вершнік і абодва вушакі крывёю, якая ў мядніцы, і вы самі не выходзьце ніхто за дзьверы дому свайго аж да раніцы.
23 I пойдзе ГОСПАД, каб губіць Эгіпет, і ўбачыць кроў на вершніку і на абодвух вушаках, і пройдзе ГОСПАД каля дзьвярэй, і ня дасьць нішчыцелю ўвайсьці ў дамы вашыя, каб губіць.
24 I будзеце захоўваць гэта слова, як пастанову для сябе і для сыноў вашых на вякі.
25 I станецца, што, калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую дасьць вам ГОСПАД, як Ён казаў, дык будзеце захоўваць служэньне гэтае.
26 I станецца, што скажуць вам сыны вашыя: “Што гэта за служэньне ў вас?”
27 а вы адкажаце: “Гэта ахвяра — Пасха для ГОСПАДА, Які абмінуў дамы сыноў Ізраіля ў Эгіпце, калі губіў Эгіпет, а дамы нашыя захаваў”». I схіліўся народ, і пакланіўся.
28 I пайшлі, і зрабілі сыны Ізраіля; як загадаў ГОСПАД Майсею і Аарону, так і зрабілі.
29 I сталася а палове ночы, і забіў ГОСПАД усіх першародных ў зямлі Эгіпецкай, ад першароднага фараона, які сядзеў на пасадзе сваім, аж да першароднага вязьня, які ў вязьніцы, і ўсіх першародных у жывёлы.
30 I ўстаў фараон уначы, сам і ўсе слугі ягоныя, і ўвесь Эгіпет; і сталася вялікае галашэньне ў Эгіпце, бо не было дому, у якім не было б памерлага.
31 I паклікаў ён Майсея і Аарона ўначы, і сказаў: «Устаньце, выйдзіце з асяродзьдзя народу майго, і вы, і таксама сыны Ізраіля, і ідзіце, служыце ГОСПАДУ, як вы казалі.
32 Таксама авечкі вашыя, таксама валы вашыя вазьміце, як вы казалі, і ідзіце, і дабраславіце таксама мяне».
33 I прысьпешвалі Эгіпцяне народ, каб хутчэй выслаць яго з зямлі той, бо казалі яны: «Усе мы памром».
34 I панёс народ цеста сваё перш, чым яно скісла, дзежы свае, завязаныя ў шаты свае, на плячах сваіх.
35 I сыны Ізраіля зрабілі паводле слова Майсея, і пазычылі ў Эгіпцянаў начыньне срэбнае і начыньне залатое, і адзеньне.
36 I ГОСПАД даў ласку народу ў вачах Эгіпцянаў, і яны пазычалі ім; і абрабавалі яны Эгіпет.
37 I вырушылі сыны Ізраіля з Рамсэса ў Сукот [у ліку] каля шасьцісот тысячаў пешых мужчынаў, апрача дзяцей.
38 Таксама мноства плямёнаў выйшла з імі, і авечкі, і валы, надытак вельмі вялікі.
39 I сьпяклі яны з цеста, якое вынесьлі з Эгіпту, прэсныя аладкі, бо яно яшчэ ня скісла, бо яны былі выгнаныя з Эгіпту і не маглі затрымацца, і нават ежы не прыгатавалі сабе [на дарогу].
40 А [час] аселасьці сыноў Ізраіля, колькі яны жылі ў Эгіпце, быў чатырыста трыццаць гадоў.
41 I сталася па заканчэньні чатырыста трыццаці гадоў, што ў гэтым самы дзень выйшла ўсё войска ГОСПАДА з зямлі Эгіпецкае.
42 Гэта ноч чуваньня для ГОСПАДА, калі Ён вывеў іх з зямлі Эгіпецкае, і гэтая самая ноч — чуваньне перад ГОСПАДАМ для ўсіх сыноў Ізраіля ў пакаленьні іхнія.
43 I сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону: «Вось пастанова Пасхі: ніякі чужынец ня будзе есьці яе.
44 А кожны слуга — чалавек, набыты за срэбра, калі ты абрэжаш яго, можа есьці яе.
45 Прыхадзень і найміт ня будзе есьці яе.
46 У адным доме маеце есьці яе, не выносьце мяса вонкі з дому, і косткі яе не ламіце.
47 Уся грамада Ізраіля мае рабіць гэта.
48 I калі чужынец будзе жыць з табою, і [захоча] ўчыніць Пасху ГОСПАДА, абрэж у яго ўсіх мужчынаў, і тады няхай наблізіцца, каб рабіць яе, і будзе ён як тутэйшы у зямлі; але ніхто неабрэзаны ня будзе есьці яе.
49 Адзін закон будзе для тутэйшага і для чужынца, што жыве сярод вас».
50 I зрабілі гэта ўсе сыны Ізраіля; як ГОСПАД загадаў Майсею і Аарону, так і зрабілі.
51 I сталася, што ў той самы дзень ГОСПАД вывеў сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай паводле дружынаў іхніх.

Кніга Выхад, 12 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.