Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Дзеянні Апосталаў | 14 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 І ста́лася ў Іканíі, што таксама ўвайшлі яны ў сінагогу Іудзейскую і прамаўля́лі так, што ўве́равала вялікае мноства і Іудзеяў, і Э́лінаў.
2 А няве́руючыя Іудзеі ўзбу́рылі і азло́білі ду́шы язычнікаў су́праць братоў.
3 Аднак тыя даволі доўга прабылí там, адважна прамаўля́ючы ў Госпа­дзе, Які све́дчыў сло́ва благада́ці Сваёй і здзяйсня́ў знаме́нні і цу́ды рукамі іх.
4 І насе́льніцтва горада падзялíлася: адны былí з Іудзеямі, а другія — з Апосталамі.
5 Калі ж у язычнікаў і Іудзеяў з іх начальнікамі ўзнік наме́р знява́жыць і пабіць іх каме́ннем,
6 то яны, даве́даўшыся, уцяклі ў Лікао́нскія гарады Лíстру і Дэ́рвію і ў навако́ллі іх,
7 і там дабраве́сцілі.
8 А ў Лíстры нейкі чалавек, хворы на ногі, сядзеў, бу́дучы кульга́вым ад уло́ння маці сваёй, і ніко́лі не хадзіў.
9 Ён слу́хаў прамову Паўла, які, угле́дзеўшыся ў яго і ўбачыўшы, што той ма́е веру, каб быць ацалёным,
10 сказаў гу́чным голасам: табе кажу ў імя́ Госпада Іісуса Хрыста: стань на ногі свае прама. І той адразу ўско́чыў і стаў хадзіць.
11 Люд жа, уба́чыўшы, што зрабіў Павел, узвы́сіў свой голас, кажучы па-лікаонску: багí ў вобразе чалаве́чым сышлí да нас.
12 І называлі Варна́ву Зе́ўсам, а Паўла — Герме́сам, бо прамаўля́ў перава́жна ён.
13 І жрэц Зеўса, ідал якога знахо­дзіўся перад іх горадам, прывёўшы да брамы валоў і даста́віўшы вянкі, хацеў з народам прыне́сці ахвяру.
14 Пачуўшы пра гэта, Апосталы Варнава і Павел разадра́лі адзе́нне сваё і кінуліся ў натоўп з крыкам, ка́жучы:
15 мужы́! што вы робіце́ і мы — такія як вы людзі, і дабраве́сцім вам, каб вы ад гэтай ма́рнасці звярну́ліся да Бога Жывога, Які ствары́ў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх,
16 Які ў міну́лых пакале́ннях дазволіў, каб усе народы хадзілі сваімі шляха́мі,
17 хоць і не перастава́ў све́дчыць пра Сябе, дзе́ючы дабро, даючы́ нам дажджы́ з неба і по́ры ўрадлíвыя, напаўня́ючы ежай і радасцю сэ́рцы нашы.
18 І, прамаўля́ючы так, яны ледзь прыму́сілі натоўп спынíцца і не прыно́сіць ахвяру ім, а каб кожны ішоў дадому. Калі ж яны, застаючы́ся там, вучылі,
19 прыйшлі некато́рыя Іудзеі з Антыяхíі і Іканíі, і калі Апосталы адкрыта прапаве́давалі, тыя падмо́вілі народ адысцí ад іх, ка́жучы: яны не гавораць нічога ісціннага, а ўсё лгуць. І, падбухто́рыўшы народ, пабілі Паўла каме́ннем і вы́цягнулі за горад, думаючы, што ён мёртвы.
20 Калі ж вучні сабра́ліся вакол яго, ён падняўся і пайшоў у горад, а на другі дзень адпра́віўся з Варнавам у Дэ́рвію.
21 Прапаве́даўшы Ева́нгелле ў гэтым горадзе і прыдба́ўшы нямала вучняў, яны вярнуліся ў Лíстру, Іканíю і Антыяхíю,
22 умацо́ўваючы ду́шы вучняў, закліка́ючы іх трыва́ць у веры і павуча́ючы што, праз многія пакуты нале́жыць нам увайсці ў Царства Божае.
23 Рукапалажы́ўшы ім прасвíтараў для кожнай царквы і памаліўшыся з по́стам, яны даручы́лі іх Госпаду, у Якога тыя ўве́равалі.
24 Потым, прайшоўшы праз Пісіды́ю, яны прыйшлі ў Памфілíю;
25 і, прапаве́даўшы сло́ва Гасподняе ў Пе́ргіі, прыйшлі ў Ата́лію
26 і адтуль адплылí ў Антыяхíю, адкуль яны былі адда́дзены па благадаці Божай на справу, якую і вы́каналі.
27 Прыбы́ўшы туды і сабраўшы царкву, яны расказалі пра ўсё, што зрабіў з імі Бог і як Ён адчынíў язычнікам дзверы веры;
28 і застава́ліся там доўгі час з вучнямі.

Дзеянні Святых Апосталаў, 14 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.