Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Дзеянні Апосталаў | 7 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 І сказаў першасвята́р: ці так гэта?
2 Ён жа сказаў: мужы́ браты́ і айцы́! паслу́хайце. Бог сла́вы явíўся айцу нашаму Аўраа́му, калі ён быў у Месапата́міі, перад тым як пасяліўся ў Харра́не,
3 і сказаў яму: вы́йдзі з зямлі тваёй, і з раднí тваёй, і з до́му бацькі твайго, ды ідзі ў зямлю́, якую Я пакажу́ табе.
4 Тады, вы́йшаўшы з зямлі Халдзе́йскай, ён пасяліўся ў Харра́не; і адтуль, пасля смерці ба́цькі яго, Бог перасялíў яго ў гэтую зямлю́, у якой вы цяпер жывяце́,
5 і не даў яму спа́дчыны ў ёй ні на ступню́ нагі; але абяцаў даць яе ў вало́данне яму і патомству ягонаму пасля яго, хоць ён не меў тады дзіця́ці.
6 I казаў так Бог, што нашча́дкі яго будуць перасяле́нцамі ў зямлі чужой, і заняво́ляць іх, і будуць прыгнята́ць гадоў чаты́рыста.
7 Але народ, якому яны будуць падняво́льнымі, буду судзíць Я, - сказаў Бог, — і пасля таго яны вы́йдуць і будуць служы́ць Мне на гэтым месцы.
8 I даў яму запаве́т абрэ́зання. I так нарадзíў ён Ісаа́ка і абрэ́заў яго ў во́сьмы дзень; а Ісаа́к — Іа́кава, а Іа́каў — двана́ццаць патрыя́рхаў.
9 І патрыя́рхі, пазайздро́сціўшы Іосіфу, прадалí яго ў Егіпет; але Бог быў з ім
10 і зба́віў яго ад усіх бед яго, і даў му́драсць яму́ і прыхíльнасць фараона, цара́ Егіпецкага; і той паста́віў яго нача́льнікам над Егіптам і над усім до́мам сваім.
11 I прыйшоў голад на ўсю зямлю́ Егіпецкую і Ханаа́нскую, і го́ра вялікае, і не знахо́дзілі е́жы айцы́ нашы.
12 Іакаў жа, пачуўшы, што ёсць збо́жжа ў Егіпце, паслаў туды айцоў нашых першы раз;
13 а на другі раз пазна́ны быў Іосіф брата́мі сваімі, і стаў вядомы фарао́ну род Іосіфа.
14 Іосіф жа, пасла́ўшы, паклíкаў ба́цьку свайго Іакава і ўсю радню́ сваю, се́мдзесят пяць душ.
15 І перайшоў Іакаў у Егіпет, і памёр сам і айцы нашы;
16 і перане́сены былí яны ў Сіхе́м, і пакла́дзены былí ў грабнíцу, якую купіў Аўраа́м за серабро́ ў сыно́ў Еммо́ра Сіхе́мавага.
17 Калі ж набліжа́ўся час здзе́йсніцца абяца́нню, якое Бог з кля́тваю даў Аўраа́му, узраста́ў народ і памнажа́ўся ў Егіпце
18 да таго часу, як паўста́ў іншы цар, які не ве́даў Іосіфа;
19 ён, ужыва́ючы хітрасць су́праць ро́ду нашага, чынíў зло айцам нашым, прымуша́ючы выкіда́ць немаўля́т, каб яны не застава́ліся жывы́мі.
20 У той час нарадзіўся Маісей, і быў ён мíлы Богу; яго гадава́лі тры месяцы ў доме ба́цькі яго;
21 а калі ён быў вы́кінуты, узяла́ яго дачка́ фараона і вы́гадавала яго як свайго сы́на;
22 і наву́чаны быў Маісей усёй мудрасці Егіпецкай, і быў моцны ў сло́вах і справах.
23 Калі ж спо́ўнілася яму сорак гадоў, прыйшло яму на сэ́рца праве́даць братоў сваіх, сыно́ў Ізра́ілевых;
24 і, уба́чыўшы, што аднаго з іх кры́ўдзяць, ён заступíўся і адпо́мсціў за пакры́ўджанага, забіўшы Егіпця́ніна.
25 Ён думаў, што зразуме́юць браты́ яго, што Бог руко́ю яго дае́ ім выратава́нне; але яны не зразуме́лі.
26 На насту́пны дзень ён з'явіўся памíж імі, калі яны біліся, і схіля́ў іх да міру, ка́жучы: мужы́, вы ж — браты́! навошта кры́ўдзіце адзін аднаго́?
27 Але той, што кры́ўдзіў бліжняга, адштурхну́ў яго, ка́жучы: хто цябе паста́віў нача́льнікам і суддзёю над намі?
28 ці не хочаш ты забіць мяне, як забіў учо́ра Егіпця́ніна?
29 I ўцёк Маісей з-за слоў гэтых, і стаў перасяле́нцам у зямлі Мадыя́мскай, дзе нарадзíў двух сыноў.
30 Калі ж міну́ла сорак гадоў, явіўся яму ў пусты́ні каля гары Сіна́й Ангел Гасподні ў по́лымі, якім гарэ́ў цярновы куст.
31 Маісей жа, уба́чыўшы, дзівíўся відзе́нню; а калі падыхо́дзіў ён, каб разгле́дзець, прагучаў голас Госпада да яго:
32 Я — Бог айцоў тваіх, Бог Аўраа́ма, і Бог Ісаа́ка, і Бог Іа́кава. Затрымце́ў Маісей і не смеў угляда́цца.
33 Сказаў жа яму Гасподзь: здымí абу́так з ног тваіх, бо ме́сца, на якім ты стаіш, гэта зямля свята́я;
34 ба́чыў Я, ба́чыў прыгнёт народа Майго, які ў Егіпце, і стогн іх пачуў, і сышоў, каб вы́зваліць іх; і цяпер ідзі сюды́, Я пашлю́ цябе ў Егіпет.
35 Гэтага Маісея, якога яны адве́рглі, сказаўшы: хто паста́віў цябе нача́льнікам і суддзёю́ — яго Бог як нача́льніка і збавíцеля пасла́ў руко́ю Ангела, які явіўся яму ў цярно́вым кусце́;
36 ён вы́веў іх, тво́рачы цу́ды і знаме́нні ў зямлі Егіпецкай, і ў Чырвоным моры, і ў пусты́ні на праця́гу сарака́ гадоў.
37 Гэта той Маісей, што сказаў сына́м Ізра́ілевым: Прарока ўздзвíгне вам Гасподзь Бог ваш з братоў вашых, як мяне; Яго слухайце.
38 Гэта той, што быў у пусты́ні ў супо́льнасці з Ангелам, які гаварыў яму на гары́ Сінай, і з айцамі нашымі; той, што прыня́ў сло́вы жывы́я, каб перада́ць нам;
39 той, якому не захаце́лі быць паслухмя́нымі айцы нашы, а адве́рглі яго і звярну́ліся сэ́рцамі сваімі да Егіпта,
40 сказаўшы Ааро́ну: зрабі нам багоў, якія по́йдуць папе́радзе нас, бо Маісей гэты, які вы́веў нас з зямлі Егіпецкай, — не ведаем, што ста́лася з ім.
41 І зрабілі цяльца́ ў тыя дні, і прыне́слі ахвя́ру ідалу, і ра́даваліся стварэ́нню рук сваіх.
42 Бог жа адвярну́ўся і адда́ў іх служы́ць во́інству нябе́снаму, як напíсана ў кнізе прарокаў: до́ме Ізра́ілеў! ці прыно́сілі вы Мне закла́нні і ахвяры на праця́гу сарака́ гадоў у пусты́ні?
43 вы прынялí скінію Мало́хаву і зорку бога вашага Рэмфа́на — выя́вы, якія вы зрабілі, каб пакланя́цца ім; і Я перасялю́ вас дале́й за Вавілон.
44 Скінія све́дчання была́ ў айцоў нашых у пусты́ні, як загада́ў Той, Хто казаў Маісею зрабіць яе паво́дле ўзо́ру, які ён уба́чыў;
45 яе і ўне́слі, атрыма́ўшы, айцы нашы з Іісусам ва ўлада́нні народаў, вы́гнаных Богам ад аблíчча айцоў нашых; так было́ да дзён Давіда,
46 які знайшоў благада́ць перад Богам і маліўся аб тым, каб яму знайсці жыллё для Бога Іа́кавага.
47 Саламон жа пабудава́ў Яму́ дом.
48 Але Усявы́шні не ў рукатво́рных хра́мах жыве́, як кажа прарок:
49 "неба — прасто́л Мой, а зямля — падно́жжа ног Маіх; які ж дом пабуду́еце Мне, — ка́жа Гасподзь, — ці якое ме́сца для спачы́ну Майго?
50 хіба́ не Мая́ рука́ ствары́ла ўсё гэта?"
51 Цвёрдашы́ія і неабрэ́заныя сэ́рцам і вуша́мі! вы заўсёды Ду́ху Свято́му працíвіцеся, як бацькí вашы, так і вы;
52 каго з прарокаў не гна́лі бацькí вашы́ яны пазабіва́лі прадве́снікаў прышэ́сця Пра́ведніка, здра́днікамі і забойцамі Якога цяпер сталі вы;
53 вы, якія прынялí закон праз настаўле́нні Ангелаў, ды не захава́лі яго.
54 Чу́ючы гэта, яны раз'ю́шыліся ў сэ́рцах сваіх і скрыгата́лі зуба́мі на яго.
55 Сцяфан жа, напо́ўнены Ду́хам Святы́м, угле́дзеўшыся ў неба, уба́чыў сла́ву Божую і Іісуса, Які стаіць правару́ч Бога,
56 і сказаў: вось, бачу я нябёсы раскры́тыя і Сына Чалавечага, Які стаіць правару́ч Бога.
57 Яны ж, закрыча́ўшы моцным го́ласам, пазатыка́лі ву́шы свае і ўсе разам накíнуліся на яго,
58 і, вы́веўшы з горада, каме́ннем білі яго; а све́дкі пакла́лі адзе́нне сваё каля ног юнака́, якога зва́лі Саўл;
59 і білі каме́ннем Сцяфана, які маліўся і казаў: Госпадзі Іісусе! прымí дух мой.
60 I, стаўшы на калені, ён усклíкнуў моцным голасам: Госпадзі! не залічы́ ім граху́ гэтага. I, сказаўшы гэта, памёр.

Дзеянні Святых Апосталаў, 7 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.