Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 I гукаў СПАДАР Масею на раўнінах Моаўскіх ля Ёрдану супроці Ерыхону, кажучы:
2 «Раскажы сыном Ізраелявым, каб яны далі Левітам із спадку дзяржавы свае месты жыць; і аколіцы местаў дайце Левітам наўкола.
3 I будуць ім месты жыць, а полі іхныя будуць статку іхнаму, і маемасьці іхнай, і ўсёй жывёле іхнай.
4 I аколіцы ля местаў, каторыя дасьце Левітам, маюць быць ад сьцяны места звонку на тысячы локцяў, наўкола.
5 I адмерайце вонках места на ўсходні бок дзьве тысячы локцяў, і на паўднявы бок дзьве тысячы локцяў, і на захад дзьве тысячы локцяў, і на паўночны бок дзьве тысячы локцяў, а места па сярэдзіне. Гэткія будуць у іх аколіцы ля местаў.
6 А месты, каторыя вы дасьце Левітам, будзе шэсьць местаў на ўцёк, у каторыя вы дазволіце ўцякаць убіўцу; і звыш іх дайце сорак два месты.
7 Усіх местаў, каторыя вы дасьце Левітам, сорак восьмі местаў з аколіцамі іх.
8 А што да местаў, каторыя дасьце зь дзяржавы сыноў Ізраелявых, то з большае павялічча, а зь меншае паменшча: подле спадку кажнага, які адзяржаць мае даць ізь местаў сваіх Левітам».
9 I гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
10 «Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: як вы пярэйдзеце перазь Ёрдан да зямлі Канаанскай,
11 То прызначча сабе месты — местамі ўцёку хай будуць яны вам, і ўцячэць туды ўбіўца, што выцяў чалавека няўмысьля.
12 I будуць у вас месты гэтыя на ўцёк ад сваяка, каб ня быў забіты ўбіўца, уперад чымся ён стане перад зборам на суд.
13 Местаў жа, каторыя вы дасьце, шэсьць местаў уцёку будуць яны вам.
14 Тры месты дайце на гэтым баку Ёрдану, і тры месты дайце ў зямлі Канаанскай; местамі ўцёку маюць быць яны.
15 Сыном Ізраелявым і чужаземцу, і жыхару меж вас будуць гэтыя шэсьць местаў на ўцёк, каб уцякаць туды кажнаму, хто заб’ець чалавека няўмысьля.
16 Калі хто ўдыра каго зялезным снадзівам і памрэць, то ён убіўца; сьмерцю памрэць тый убіўца.
17 I калі хто ўдыра з рукі каменям, ад каторага можна памерці, і памрэць тый, то ўбіўца ён; сьмерцю памрэць убіўца.
18 Або, калі дзярвяным снадзівам, ад каторага можна памерці, удыра з рукі, і тый памрэць, то ён убіўца; сьмерцю памрэць убіўца.
19 Сваяк, што памсьціцца за кроў, сам можа зрабіць сьмерць убіўцы; стрэўшы яго, там можа зрабіць яму сьмерць.
20 Калі хто штырхнець каго зь ненавісьці або, цікуючы, кіне што на яго, і памрэць,
21 Або ў непрыязьньстве ўдыра яго рукою, то сьмерцю памрэць тый, хто ўдырыў: убіўца ён; сваяк, што памсьціцца за кроў, можа зрабіць сьмерць убіўцы, стрэўшы яго.
22 А калі разам, бязь непрыязьньства піхнець яго, альбо кіне на яго якую снадзь ня цікуючы,
23 I калі які камень, ад каторага можна памерці, ня бачачы ўпусьце на яго, і памрэць, але ён ня быў злосьнікам яго і ня шукаў яму ліха;
24 То збор мае рассудзіць меж тога, што ўдырыў, і сваяка, што імсьціцца за кроў подле гэтых судоў;
25 I выбаве збор убіўцу ад рукі сваяка, што імсьціцца за кроў, і зьверне яго збор да места ўцёку ягонага, куды ён уцёк, каб ён жыў там да сьмерці найвышшага сьвятара, каторы памазаны сьвятым алеям.
26 I калі ж убіўца выйдзе за граніцу места ўцёку свайго, да каторага ён уцёк,
27 I знойдзе яго сваяк, што імсьціцца за кроў, вонках граніцы места ўцёку ягонага, і заб’ець убіўцу тый сваяк, што імсьціцца за кроў, то ня будзе на ім віны крыві;
28 Бо ў месьце ўцёку свайго мае жыць да сьмерці найвышшага сьвятара; а па сьмерці вялікага сьвятара зьвернецца ўбіўца да зямлі дзяржаньня свайго.
29 I будуць гэтыя вам уставаю праўнай у роды вашы, у вусіх сялібах вашых.
30 Подле словаў сьветак хай будзе забіты ўбіўца кажны, што забівае кагось. Адна сьветка хай ня сьветча на душу, каб забіць яго.
31 I не бярыце выкупу за душу ўбіўцы, каторы заслужыў сьмерць, але сьмерцю памрэць.
32 I не бяры выкупу за ўцеклага да места ўцёку ягонага, каб яму зьвярнуцца жыць у зямлі сваёй да сьмерці сьвятара.
33 I ня плюгаўце зямлі, на каторай вы, бо кроў плюгаве зямлю, і зямлі ня будзе ласкіўчыненьня ад разьлітае на ёй крыві, як адно крывёю таго, хто разьліў яе.
34 Ня маеце брудзяніць зямлі, на каторай вы жывіце, сярод каторае вітаю Я; бо Я, СПАДАР, вітаю сярод сыноў Ізраелявых».

Чацьвертая кніга Масеява: Лікі, 35 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.