Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 I прышлі сынове Ізраелявы, уся грамада, на пустыню Цын першага месяца, і прабываў люд у Кадэшу, і памерла там Мірыям, і пахавана там.
2 I ня было вады грамадзе, і зьберліся яны супроці Масея а Аарона;
3 I сьперачаўся люд із Масеям, і сказаў: «О, калі б сканалі тады й мы, як сканалі браты нашыя перад СПАДАРОМ!
4 I нашто вы прывялі грамаду СПАДАРОВУ на гэту пустыню, каб памерці там нам і статку нашаму?
5 I чаму ўзьвялі нас ізь Ягіпту, каб прывесьці нас на гэта благое месца? гэта ня месца сеяць, ані фіґаў, ані вінных ягадаў, ані гранатовых яблыкаў, ані вады піць?»
6 I прышоў Масей а Аарон ад люду да ўходу будану збору, і палі на віды свае, і зьявілася ім слава СПАДАРОВА.
7 I гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
8 «Вазьмі посах і зьбяры збор, ты а Аарон, брат твой, і кажыце скале на ачох іх, і яна дасьць воды свае: і ты вывядзеш ім ваду із скалы, і дасі піць грамадзе, і напоіш статак ейны».
9 I ўзяў Масей посах ад віду СПАДАРОВАГА, як Ён расказаў яму.
10 I зьберлі Масей а Аарон грамаду перад скалаю, і ён сказаў ім: «Паслухайце ж, бунтаўнікі, ціж із гэтае скалы імне вывесьці вам ваду?»
11 I падняў Масей руку сваю, і ўдырыў у скалу посахам сваім двойчы, і вышла шмат вады, і піла грамада й статак ейны.
12 I казаў СПАДАР Масею а Аарону: «3а тое, што вы не паверылі Імне, каб усьвяціць Мяне на ачох сыноў Ізраелявых, затым не ўвядзіце вы люду гэтага ў зямлю, каторую Я даў яму».
13 Гэта воды Мерывы, ля каторых сварыліся сынове Ізраелявы із СПАДАРОМ, і Ён усьвяціўся імі.
14 I паслаў Масей паслоў з Кадэшу да караля Едомскага, сказаць: «Гэтак кажа брат твой Ізраель: ты ведаеш усі цяжкасьці, каторыя стрэлі нас.
16 I зышлі айцове нашы да Ягіпту, і мы жылі ў Ягіпце шмат часу, і Ягіпцяне ліха дзеялі нам і бацьком нашым.
16 I гукалі мы да СПАДАРА, і пачуў Ён голас наш, і паслаў Ангіла, і вывеў нас ізь Ягіпту. I вось, мы ў Кадэшу, месьце канца граніцы твае.
17 Пройдзем жа перазь зямлю тваю; мы ня пойдзем па палёх а па вінішчах, і ня будзем піць вады із студні; дарогаю каралеўскаю пойдзем, ня зьвернем ані направа, ані налева, пакуль ня пярэйдзем граніцаў тваіх».
18 I сказаў яму Едом: «Не праходзь перазь мяне, бо я зь мячом выйду на пярэймы табе».
19 I сказалі яму сынове Ізраелявы: «Мы пойдзем гасьцінцам, і калі будзем піць ваду тваю, я а статак мой, дык заплачу; толькі, гэта ж нічога, нагамі сваімі прайду».
20 Але ён сказаў: «Не перайдзі!» I вышаў Едом напярэймы яму з чысьленым людам і з дужою рукою.
21 I адмовіўся Едом даць Ізраелю прайсьці пераз граніцы ягоныя, і адхінуўся Ізраель ад яго.
22 I крануліся з Кадэшу, і прышлі сынове Iзраелявы, уся грамада, да гары Гор.
23 I гукаў СПАДАР Масею а Аарону на гары Гор, ля граніцаў зямлі Едомскае, кажучы:
24 «Хай прылучыцца Аарон да людзёў сваіх, бо ён ня ўвыйдзе ў зямлю, каторую Я даў сыном Ізраелявым, за тое, што вы збунтаваліся супроці слова Майго ля водаў Мерывы.
25 Вазьмі Аарона а Елеазара, сына ягонага, і ўзьвядзі іх на гару Гор.
26 I здыймі з Аарона адзецьці ягоныя, і адзень у іх Елеазара, сына ягонага, і хай будзе прылучаны Аарон і памрэць там».
27 I ўчыніў Масей так, як расказаў СПАДАР. I ўзышлі яны на гару Гор на ачох усяе грамады.
28 I зьняў Масей з Аарона адзецьці ягоныя, і адзеў у іх Елеазара, сына ягонага. I памер там Аарон на версе гары. I зышлі Масей а Елеазар із гары,
29 I абачыла ўся грамада, што Аарон сканаў, і плакалі па Аарону трыццаць дзён увесь дом Ізраеляў.

Чацьвертая кніга Масеява: Лікі, 20 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.