Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 I гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
2 «Вазьмі Аарона а сыноў ягоных ізь ім, і адзецьці, і алей памазаньня, і цялё-бычка на аброк за грэх, і два бараны, і сутнік праснакоў,
3 I ўсю грамаду зьбяры ля ўходу будану збору».
4 I зрабіў Масей так, як расказаў яму СПАДАР, і зьберлася грамада ля ўходу будану збору.
5 I сказаў Масей да грамады: «Во што расказаў СПАДАР зрабіць.
6 I дабліжыў Масей Аарона а сыноў ягоных, і абмыў іх у вадзе.
7 I ўзлажыў на яго хітон, і паперазаў яго поясам, і надзеў на яго верхнюю рызу, і ўзлажыў на яго наплечнік, і паперазаў яго поясам наплечным, і прымацаваў яго ім.
8 I ўзлажыў на яго нагруднік, і на нагруднік палажыў Урым а Тумім,
9 I ўзлажыў на галаву ягоную мітру, а на мітру зь пярэдняга боку яе паліраваную дошчачку, дыядэму сьвятую, як расказаў СПАДАР Масею.
10 I ўзяў Масей алей памазаньня, і памазаў вітальню а ўсе, што ў ёй, і пасьвяціў іх.
11 I пакрапіў ім на аброчнік сем разоў, і памазаў аброчнік а ўсе судзьдзе яго, і мыцельнік а падложак яго, каб пасьвяціць іх.
12 I ўзьліў алей памазаньня на галаву Аарону, і памазаў яго, каб пасьвявіць яго.
13 I прывёў Масей сыноў Ааронавых, і адзеў іх у хітоны, і паперазаў іх поясам, і завязаў на іх турбаны, як расказаў СПАДАР Масею.
14 I дабліжыў цялё-бычка на аброк за грэх, і Аарон а сынове ягоныя ўзлажылі рукі свае на галаву цяляці за грэх;
15 I зарэзаў і ўзяў Масей крыві, і ўзлажыў на рогі аброчніка наўкола палцам сваім, і ачысьціў аброчнік, а кроў выліў на под аброчніка, і пасьвяціў яго, каб дастаць яму ласкіўчыненьне.
16 I ўзяў увесь тук, каторы на патрыхах, і плеўку зь печанцоў, і абедзьве ныркі а тукі іх, і спаліў Масей на аброчніку.
17 А цялё а скуру ягоную а мяса ягонае а кал ягоны спаліў на цяпле вонках табару, як расказаў СПАДАР Масею.
18 I прывёў барана на ўсепаленьне, і ўзлажылі Аарон а сынове ягоныя рукі свае на галаву барана;
19 I зарэзаў Масей, і пакрапіў крывёй на аброчнік наўкола.
20 I расьцяў барана на кавалкі, і спаліў Масей галаву а кавалкі а тук;
21 А патрыхі а галёнкі вымыў вадою, і спаліў Масей усяго барана на аброчніку як усепаленьне, гэта на прыемны пах; гэта агняны аброк СПАДАРУ, як расказаў СПАДАР Масею.
22 I прывёў другога барана, барана пасьвячэньня, і ўзлажылі Аарон а сынове ягоныя рукі свае на галаву барана;
23 I зарэзаў, і ўзяў Масей з крыві ягонае, і ўзлажыў на кончык правага вуха Ааронавага а на вялікі палец правае рукі ягонае а на вялікі палец правае нагі ягонае.
24 I прывёў Масей сыноў Ааронавых, і ўзлажыў крыві на кончык правых вухаў іхных а на вялікі палец правых рук іхных а на вялікі палец правых ног іхных, і пакрапіў Масей крывёй на аброчнік наўкола.
25 I ўзяў тук а хвост а ўвесь тук, каторы на патрыхах, і плеўку зь печанцоў, і абедзьве ныркі а тукі іх, і правую лапатку;
26 I із сутніка з праснакамі, каторы перад СПАДАРОМ, узяў адну прэсную закрашаную букатку і адну закрашаную букатку на аліве, і адзін пірог, і ўзлажыў на тукі і на правую лапатку.
27 I палажыў усе на далоні Аарону а на далоні сыном ягоным, і туды-сюды нахінаў іх нахінаньням перад відам СПАДАРОВЫМ.
28 I ўзяў іх Масей з далоняў іхных, і спаліў на аброчніку з усепаленьням: гэта аброк пасьвячэньня на прыемны пах, гэта аброк агняны СПАДАРУ.
28 I ўзяў Масей грудзіну, і туды-сюды нахінаў яе нахінаньням перад відам СПАДАРОВЫМ; ад барана пасьвячэньня гэта было дзельлю Масею, як расказаў СПАДАР Масею.
30 I ўзяў Масей ад алею памазаньня а з крыві, што на аброчніку, і пакрапіў на Аарона а на адзецьці ягоныя, і на сыноў ягоных а на адзецьці сыноў ягоных ізь ім; і пасьвяціў Аарона а адзецьці ягоныя, і сыноў ягоных а адзецьці сыноў ягоных ізь ім.
31 I сказаў Масей Аарону а сыном ягоным: «Зварыце мяса ля ўходу будану збору і там ежча яго а хлеб, каторы ў сутніку пасьвячэньня, як імне расказана а сказана: “Аарон а сынове ягоныя маюць есьці яго”.
32 А астачы зь мяса а хлеба спаліце на цяпле.
33 I ад уходу будану збору не адходзьце сем дзён, да дня спаўненьня пасьвячэньня вашага, бо сем дзён маюць быць напаўняны рукі вашыя.
34 Як гэтага дня было зроблена, так расказаў СПАДАР рабіць дзеля залашчаньня вам.
35 Ля ўходу будану збору будзеце сядзець дзень і ноч сем пор, і дзяржыце службы старожы СПАДАРОВАЕ, і не памрыце: бо так імне расказана».
36 I зрабіў Аарон а сыны ягоныя ўсе, што расказаў СПАДАР Масеям.

Трэцяя кніга Масеява: Левіт, 8 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.