Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Гаспадарстваў | 5 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 І Нааман, вайводца караля Арамскага, быў вялікі чалавек ў спадара свайго і паважаны, бо перазь яго даў СПАДАР спасеньне Араму. I муж гэты быў дужасіл, але пракажаны.
2 Арамляне пайшлі аддзеламі і ўзялі ў палон ізь зямлі Ізраельскае маленькую дзяўчынку, і яна паслугавала Нааманісе.
3 I сказала яна спадарыні сваёй: „О, калі б спадар мой пабываў у прарокі, каторы ў Самары, то ён зьняў бы зь яго праказу ягоную!»
4 I пайшоў, і азнайміў гэта спадару свайму, кажучы: «Так а так кажа дзяўчынка, што ізь зямлі Ізраельскае».
5 I сказаў кароль Арамскі: «Пайдзі, схадзі, і я пашлю ліст да караля Ізраельскага». Ён пайшоў і ўзяў із сабою дзесяць таланяў срэбра, і шэсьць тысячаў золата, і дзесяць зьменаў адзежы.
6 І прынёс ліст каралю Ізраельскаму, у каторым казалася: «I цяпер, як прыйдзе да цябе ліст гэты, то вось, пасылаю да цябе Наамана, служца свайго, каб ты зьняў зь яго праказу ягоную».
7 I было, як прачытаў кароль Ізраельскі ліст, то разьдзер адзежы свае й сказаў: «Ціж я Бог, каб забіваць і ажыўляць, што ён пасылае да мяне, каб я зьняў з чалавека праказу ягоную? Дык вось, ведайце ж а глядзіце, што ён шукае прычыну супроці мяне».
8 Як пачуў Елісэй, чалавек Божы, што кароль Ізраельскі разьдзер адзежу сваю, то паслаў сказаць каралю: «Чаму ты разьдзер адзежу сваю? Няхай ён прыйдзе да мяне, і даведаецца, што ё прарока ў Ізраелю».
9 I прыехаў Нааман на конях сваіх а на цялежках сваіх, і стаў ля дзьвярэй дому Елісэявага.
10 I паслаў да яго Елісэй пасланца, кажучы: «Пайдзі, амыйся сем разоў у Ёрдане, і зьверніцца да цябе цела твае, і будзеш чысты».
11 I загневаўся Нааман, і пайшоў, і сказаў: «Вось, я гукаў сабе: выйдзе ён, выйдзе, і стане, і прыгукае імя СПАДАРА, Бога свайго, і будзе нахінаць руку сваю над гэтым месцам, і зьніме праказу.
12 Ціж Авана а Фарпар, рэкі Дамаскія, ня лешпыя за ўсі воды Ізраельскія? Ціж я ня мог бы амыцца ў іх і ачысьціцца?» I абярнуўся, і адышоў у злосьці.
13 I дабліжыліся слугі ягоныя, і гукалі яму, і сказалі: «Войча мой, калі б што вялікае расказаў табе прарока, то ці не зрабіў бы ты? і пагатове, як ён сказаў табе толькі: “Амыйся і будзь чыстым”».
14 I зышоў ён, і занурыўся ў Ёрдане сем разоў, подле слова чалавека Божага, і зьвярнулася цела ягонае, як цела хлапчука, і ачысьціўся.
15 I зьвярнуўся да чалавека Божага — ён а ўсі прыданыя ягоныя, і прышоў, і стаў перад ім, і сказаў: «Вось жа, я даведаўся, што на ўсёй зямлі няма Бога, адно ў Ізраелю; дык прыймі дабраславенства ад слугі свайго».
16 I сказаў ён: «Жыў СПАДАР, перад Каторага відам стаю! ня прыйму». I тый сіліў яго ўзяць, але ён адмовіўся.
17 I сказаў Нааман: «Калі не, то дай, калі ласка, слузе твайму зямлі як цяжар на два аслы; бо адгэтуль ня будзе слуга твой абракаць усепаленьні а аброк іншым багом, апрача СПАДАРА.
18 Адно во ў чым хай даруе СПАДАР слузе твайму: як пойдзе спадар мой да дому Рымона на кланяньне там, і апрэцца на руку маю, і пакланюся я ў доме Рымона, хай даруе СПАДАР слузе твайму ў гэтым прылучаю».
19 I сказаў яму: «Ідзі ў супакою». I ён ад’ехаўся ад яго на дзесяціну.
20 I сказаў Ґігаз, дзяцюк Елісэяў, чалавека Божага: «Вось, спадар мой пажалеў Наамана, гэтага Арамляніна, каб узяць із рукі ягонае, што ён прывёз. Жыў СПАДАР! давай я пабягу за ім, і вазьму ў яго што-колечы».
21 I пагнаўся Ґігаз за Нааманом. I абачыў Нааман бягучага за сабою, і ісьсеў зь цялежкаў наўпярэймы яму, і сказаў: «Ці із супакоям?»
22 Ён адказаў: «Із супакоям; спадар мой паслаў мяне сказаць: “Вось, цяпер прышлі да мяне з гары Яхрэмавае два маладзёны із сыноў прароцкіх; дай ім талань срэбра й дзьве зьмены адзежы”».
23 I сказаў Нааман: «Валей вазьмі два талані». I прысіліў яго, і завязаў два талані срэбра ў два хатулі й дзьве зьмены адзежы, і палажыў на двух сваіх служцоў; і яны панесьлі перад ім.
24 I, як ён прышоў да вежы, ён узяў із рукі іхнае, і палажыў у доме, і адпусьціў іх, і яны адышлі.
25 Як ён прышоў і стаў перад спадаром сваім, Елісэй сказаў яму: «Скуль, Ґігажа?» I сказаў ён: «Не хадзіў слуга твой ні туды, ні сюды».
26 I сказаў ён яму: «Ціж сэрца мае не хадзіла з табою, як абярнуўся наўпярэймы табе чалавек тый зь цялежкаў сваіх? Ціж пара браць грошы і браць адзежу, аліўныя сады а вінішчы, авечкі а валы, слугі а нявольніцы?
27 Дык праказа Нааманова прыліпне да цябе а да насеньня твайго навекі». — I вышаў ён ад яго, як сьнег, ад праказы.

Другая кніга Гаспадарстваў, 5 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.