Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Гаспадарстваў | 21 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 Двананцаць год было Манасу, як загаспадарстваваў, і пяцьдзясят год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Гэфцыба.
2 I рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, подле агідаў паган, каторых прагнаў СПАДАР ад віду сыноў Ізраелявых.
3 I ўзноў збудаваў узвышшы, каторыя Гэзэка, ацец ягоны, зьнішчыў, і пастанавіў аброчнікі Ваалу, і пасадзіў гай, як пасадзіў Агаў, кароль Ізраельскі, і кланяўся ўсяму войску нябёснаму, і служыў ім.
4 I збудаваў аброчнікі ў доме СПАДАРОВЫМ, праз каторы СПАДАР сказаў: «У Ерузаліме палажу імя Свае».
5 I пабудаваў аброчнікі ўсяму войску нябёснаму на абодвых панадворках дому СПАДАРОВАГА.
6 I правёў сына свайго перазь цяпло, і назіраў булакі, і варажыў, і завёў выгуканьнікаў мерцьвякоў, і знахараў паболеў; шмат нягоднага зрабіў у ваччу СПАДАРОВЫМ, каб гневаць Яго.
7 I пастанавіў выразаны балван Астарты, каторы зрабіў у доме, праз каторы сказаў СПАДАР Давіду а Салямону, сыну ягонаму: «У доме гэтым а ў Ерузаліме, каторы Я абраў з усіх плямёнаў Ізраелявых, Я кладу імя Свае навекі;
8 I ня дам болей валачыцца назе Ізраеля ізь зямлі, каторую Я даў бацьком іхным, калі толькі яны будуць рупіцца рабіць подле ўсёга тога, што я расказаў ім, і подле права, каторае расказаў ім Масей, слуга Мой».
9 Але яны не паслухалі; і зьвёў іх Манас рабіць ліха гарэй за тыя народы, каторыя выгубіў СПАДАР ад віду сыноў Ізраелявых.
10 I гукаў СПАДАР слугамі Сваімі прарокамі, кажучы:
11 «За тое, што зрабіў Манас, кароль Юдэйскі, такія агіды, горш за ўсе тое, што рабілі Аморэі, што былі перад ім, і ўвёў Юду ў грэх балванамі сваімі,
12 За тое, — так казаў СПАДАР, Бог Ізраеляў, — вось, Я ўвяду такое ліха на Ерузалім а на Юду, праз каторае, хто пачуе, зазьвініць у вабодвым вушшу ў тога;
13 I расьцягну над Ерузалімам павароз Самарскі і вагу дому Агавовага, і вытру Ерузалім так, як выціраюць чару, — вытруць а перакуляць яе;
14 I кіну астачу спадку Свайго, і аддам іх у руку варагоў іхных, і будуць на глабаньне а расхапленьне ўсім варагом сваім,
15 За тое, што яны зрабілі благое ў ваччу Маім і гневалі Мяне адгэнуль, як вышлі бацькі іхныя зь Ягіпту, і дагэтуль».
16 I таксама нявіннае крыві разьліў Манас вельма шмат, ажно напоўніў Ерузалім ад аднаго канца да другога, звыш свайго грэху, што ён уцягнуў Юду ў грэх — рабіць благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ.
17 Засталыя справы Манасавы, і ўсе, што ён зрабіў, і грэх ягоны, у чым ён ізграшыў, ціж не запісаны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх.
18 I супачыў Манас із айцамі сваімі, і пахаваны ў садзе ля дому свайго, у садзе Уззы. I загаспадарстваваў Амон, сын ягоны, замест яго.
19 Дваццаць два гады было Амону, як загаспадарстваваў, і два гады гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Мешулемеф Гаруцышка, зь Ётбы.
20 I рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, як рабіў ацец ягоны Манас.
21 I хадзіў па ўсёй дарозе, па каторай хадзіў ацец ягоны, і служыў балваном, каторым служыў ацец ягоны, і кланяўся ім;
22 I пакінуў СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, і не хадзіў дарогаю СПАДАРОВАЮ.
23 I змовіліся слугі Амонавы супроці яго, і забілі караля ў доме ягоным.
24 Але люд зямлі перабіў усіх змоўнікаў супроці караля Амона; і ўстанавіў за караля люд зямлі Ёсю, сына ягонага, замест яго.
25 Засталыя справы Амонавы, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?
26 I пахавалі яго ў гробе ягоным, у садзе Уззы. I загаспадарстваваў Ёся, сын ягоны, замест яго.

Другая кніга Гаспадарстваў, 21 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.